Вы тут

Студэнт Магілёўскага БРУ — пра працоўны атрад «Тытан»


Студэнт Магілёўскага Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Іван Івашкоў  прызнаецца, што адчуў сапраўдны гонар, калі пры падвядзенні вынікаў працоўнага семестра ў Мінску менавіта яго ВНУ тройчы была адзначана. Гэта ж трэба было так супасці, каб найлепшымі на ўсю краіну сталі адначасова штаб працоўных спраў універсітэта, яго атрад «Тытан» і ён сам як камандзір!


Наогул, Іван (на здымку справа) лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Пяць гадоў таму ён стаў студэнтам прэстыжнага будаўнічага факультэта БРУ і атрымаў такую падрыхтоўку, якая стала моцным падмуркам у яго жыцці. Дарэчы, у студэнцкія будаўнічыя атрады малады чалавек ездзіць з другога курса — 2021 года. Першай была маладзёжная будоўля на Беларускай АЭС у Астраўцы.

— Пасля першага курса прапанаваў аднагрупнікам скласці мне кампанію для паездкі ў студатрад, — расказвае ён. — Маўляў, навошта сядзець летам дома, калі ёсць магчымасць дзесьці пабываць і нават грошай падзарабіць. Хлопцы мяне падтрымалі і... выбралі камандзірам. Так што гэтыя абавязкі я выконваю са свайго першага працоўнага семестра.

Малады чалавек прызнаецца: тая паездка запомнілася тым, што вельмі шмат працавалі. Работа цяжкая, будаўнічая — пасля сіл мала ўжо на што заставалася. Хоць было шмат прапаноў на ўдзел у мерапрыемствах, экскурсіях. Працавалі плячо ў плячо з хлопцамі з расійскага будатрада «Квант». Узаемаадносіны былі хоць і дзелавыя, але ж сяброўскія.

— А як прыемна потым было трымаць у руках заробленыя мазалямі і потам грошы, — усміхаецца Іван. — Гэта пачуццё нельга параўнаць ні з якім іншым. А заробак быў салідны. Падаткамі тыя даходы абкладаліся па мінімуме. Калі вярнуліся дамоў, то ўжо ведалі, што налета паедзем ізноў. Гэта свайго кшталту рамантыка, якая захоплівае і цалкам паглынае.

Хлопцы сябе вельмі добра зарэкамендавалі і на наступны год атрымалі ад штаба працоўных спраў пуцёўку ў Якуцію — на міжнародную студэнцкую будоўлю «Поўнач» — Чаяндзінскае нафтагазакандэнсатнае радовішча. У край алмазаў, шаманаў і экстрэмальна нізкіх тэмператур ляцелі, лічы, тым жа саставам. А Іван ізноў у якасці камандзіра.

— Запомніўся кур’ёзны выпадак, — усміхаецца ён. — Прыляцелі мы ў Якуцію і ўсім атрадам падстрыгліся пад машынку з насадкай. Там, дзе працавалі, цырульняў наогул не было. Тысячы кіламетраў тайгі. Падрыхтоўвалі прылеглую тэрыторыю да нафтаздабычы для «Газпрама», уладкоўвалі дапаможныя сродкі забеспячэння. Гэта быў зусім іншы вопыт.

Наступная паездка была не менш прыбытковай. Хлопцы засталіся задаволеныя сваімі заробкамі. І сёлетнім летам зноў падалі заяўкі, каб паехаць у студатрад.

— Работай мы займаемся, мякка кажучы, не жаночай. Гэта ў асноўным будоўля, добраўпарадкаванне, — удакладняе суразмоўнік. — У складзе будатрада выключна хлопцы, ад 16 да 20 чалавек. Наш плюс у тым, што мы мабільныя. Але галоўнае — мы адпавядаем сваёй назве і не баімся цяжкасцяў. 

І нашы пажаданні ў падборы пляцовак для прыкладання сіл улічваюцца. Гэтым летам мы два месяцы правялі на будаўніцтве самай буйной у Расіі мегашколы на 2800 навучэнцаў у Варонежы, а ў верасні зноў наведалі БелАЭС.

Малады чалавек прызнаецца, што званне найлепшага камандзіра студэнцкага атрада для яго вельмі адказная ўзнагарода. І вялікая радасць для бацькоў. «Стаць найлепшым мне дапамог той вопыт, які я атрымаў за тры гады, а таксама матывацыя, разуменне і ўзаемавыручка сяброў, — кажа суразмоўнік. — У нас ніколі адказнасць не перакладваецца на кагосьці аднаго. Мы працуем разам і адказваем, калі што, разам. А навічкоў вучылі, паказвалі, як трэба рабіць, падказвалі, дапамагалі. Улічваліся паказчыкі за тры гады нашых студатрадаўскіх паездак, перамогі ў асобных намінацыях праектаў, у якіх мы ўдзельнічалі. У Варонежы, напрыклад, мы выйгралі намінацыю „Найлепшы будаўнічы атрад па вытворчых паказчыках“. Канкурэнцыю нам складалі студэнцкія атрады з Разані, Варонежа, Тамбова, Масквы. І прыемна было, што менавіта мы сталі першыя па вытворчых паказчыках. У нас там, як і паўсюль, на першым месцы была работа. Арганізацыя, якая нас прымала ў Варонежы, нават даслала падзячныя лісты. А вось на творчыя мерапрыемствы сіл не хапала. Хоць конкурсы і такія былі. Але мы там не перамагалі» (усміхаецца).

Па выніках сёлетняй работы ў Астраўцы Іван Івашкоў стаў найлепшым камандзірам праекта, а атрад па сукупнасці ўсіх паказчыкаў падняўся на другую прыступку. Хлопцы выканалі вялікі аб’ём работ, і працадаўца гэта ацаніў.

На пытанне, як збіраецца патраціць грошы, у Іване спрацоўвае руплівы гаспадар, які адказвае, што яны яму спатрэбяцца для ажыццяўлення планаў. Застаецца апошні курс, і бывай студэнцкае жыццё разам са студатрадаўскай рамантыкай. Будучы інжынер-будаўнік аўтамабільных дарог глядзіць наперад упэўнена. І не сумняваецца, што атрыманы вопыт яму абавязкова спатрэбіцца.

— Універсітэт дае магчымасць правесці маладосць цікава, у тых жа будатрадах адчуць сябе самастойным, калі ты сам прымаеш рашэнні і цалкам клапоцішся і пра сябе, і пра сваіх таварышаў, — кажа Іван. — Цудоўна, калі разумееш, што знайшоў аднадумцаў.

«Мая байцоўка — як карта, на ёй шаўроны праектаў, дзе мы ўдзельнічалі, штаба працоўных спраў БРУ, нашыўка нашага будатрада. Шмат значкоў з розных форумаў. Але самае дарагое для мяне на гэтай байцоўцы — шаўрон камандзіра. Мая запаветная мара — адбыцца ў жыцці і ні ў чым не мець патрэбы. Універсітэт, акрамя вучэбнай базы, даў шмат жыццёвых установак, якія вельмі моцна змянілі тое мысленне, якое было ў мяне пасля школы. 

Я навучыўся мысліць не прамалінейна, а шукаць выйсце з любых сітуацый», — падсумоўвае камандзір «Тытана».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота дадзены героем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.