Вы тут

«Новыя кніжныя героі павінны прыйсці ў мультфільмы, на тэлеэкран...»


Здаецца, Кацярыну Хадасевіч-Лісавую, дзіцячую пісьменніцу і педагога, ведаюць усе юныя чытачы краіны. На крайні выпадак яе творы знаходзяцца ў праграме пазакласнага чытання для школьнікаў. Кнігі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой выходзяць з зайдроснай перыядычнасцю, падоўгу не затрымліваюцца ў выдавецтвах і на паліцах кнігарняў. А чытач усё чакае навінак, новых герояў альбо працягу прыгод добра вядомага Вухуціка. Наша размова — з пісьменніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой. 


 Кацярына, якім быў для вас як пісьменніцы 2023 год? Якія прынёс асабістыя творчыя адкрыцці і ўдачы? 

— Год быў надзвычай плённым, добрым, светлым, напоўненым адчуваннем пісьменніцкага шчасця ад выданых кніг, а іх у мяне сёлета сем, ад удзелу ў калектыўных зборніках — іх тры. Такім чынам, шчаслівая дзясятка! Было прыемна некалькі разоў стаць госцяй праграм пра літаратуру на Беларускім радыё. Мае героі Вухуцік і Лісачка Красуня таксама трапілі на радыё! Кнігі пра іх чыталі на канале «Культура» Беларускага радыё ў праграме «Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя». І ў эфіры праграм пра культуру на тэлебачанні пабывала я разам са сваімі героямі.

Ваш Вухуцік, здаецца, вядомы дзецям усёй краіны... Як часта вы выступаеце перад юнымі чытачамі? 

— Сёлета ў мяне адбылася 101 творчая сустрэча па ўсёй Беларусі. Так радасна, што мой 2023-ці быў напоўнены цеплынёй, шчырасцю, радасцю ад сустрэч з чытачамі. Рэдка бывае, што праводжу адну сустрэчу на дзень. Калі ўжо еду — праграма максімум! І езджу літаральна па ўсёй краіне. Часцей за ўсё па тры сустрэчы запар, было і пяць. Цяжка гэта? Не, бо любімая справа жыцця не адбірае сілы, а наадварот надае.

Вы працуеце ў школе. Можаце сабе ўявіць, што з 2024 года будзеце працаваць толькі за пісьмовым сталом? 

—  Прызнаюся, што часта пра гэта мару. Праўда, крыху шырэй, бо ў сваю пісьменніцкую дзейнасць я ўключаю не толькі працу за сталом, але і пастаянныя сустрэчы з чытачамі. Калі б я развіталася са школай, рытм майго жыцця дакладна не запаволіўся б, можа нават наадварот паскорыўся б, бо я б мела больш часу на творчасць і яе прэзентацыю. Толькі не магу я развітацца з роднай Ждановіцкай сярэдняй школай! Я сама яе скончыла і ўжо 25 гадоў у ёй працую. Гэта большая частка майго жыцця. Наша школа сапраўды асаблівая, і так было заўсёды. У нас душэўны калектыў, працаваць у якім камфортна, кіраўніцтва добразычлівае, вучні цудоўныя. У школе пануе гармонія і асаблівая атмасфера дабра, светлага дзяцінства, надзейнасці. Тут як дома. Гэта адчуваецца, варта толькі зайсці да нас. Таму імкнуцца ў нашу школу дзеці з іншых населеных пунктаў і з Мінска гатовы ездзіць. Некалькі разоў у нас у школе здымалі кіно. Вось і рэжысёры, паездзіўшы па многіх школах, выбіралі нашу. За асаблівую атмасферу. У школе ў мяне ёсць сябры-калегі. Яны заўсёды цікавяцца маімі пісьменніцкімі праектамі, шчыра радуюцца поспехам і дапамагаюць то буктрэйлер зрабіць, то фотазону па кнізе, а то і кнігі праілюстраваць. Спалучаць працу ў школе і пісьменніцкую дзейнасць няпроста, але гэта спалучэнне дапамагае мне ў абедзвюх сферах працаваць больш плённа.

За 2023 год у нашай краіне істотна пабольшала фестываляў дзіцячай літаратуры. Вы — іх актыўны ўдзельнік. Што значаць для вас гэтыя фестывалі? Чаго ім, на Ваш погляд, не хапае? 

—  Фестываль для мяне заўсёды свята, на якім я з вялікім задавальненнем сустракаюся са сваімі чытачамі, знаходжу новых сяброў, маю магчымасць пабачыцца з бібліятэкарамі, з калегамі-пісьменнікамі. Радуе, што да правядзення фестываляў дзіцячай кнігі ў нас крэатыўны падыход, арганізатары вельмі стараюцца. Да ўвагі гасцей свята прапануюцца сустрэчы з пісьменнікамі, майстар-класы ад мастакоў, гульні, інтэрактыўныя пляцоўкі ды іншыя цікавосткі. Чаго не хапае?.. Хацелася б зрабіць кожны фестываль для чытачоў сапраўднай падзеяй, модным фэстам, на які будуць імкнуцца трапіць сем’ямі, класамі, завітаць з сябрамі. Магчыма, дапамагла б актыўная рэклама на тэлебачанні, а пасля фестывалю каб з тэлеэкрана больш расказвалі пра тое, як цудоўна было на свяце.

У Расіі ўжо падводзяцца вынікі кніжнага года. У лідарах па тыражу сярод дзіцячых пісьменнікаў Карней Чукоўскі. А вы перачытваеце казкі Чукоўскага? 

—  Выдатна, што лепшае ў літаратуры застаецца з намі. Класіка па-за часам. На творах Чукоўскага вырасла шмат пакаленняў, чытаць яго кнігі з дзецьмі — выдатная сямейная традыцыя. Прызнацца, сама я даўно не чытала Карнея Іванавіча, бо сын вырас. Але калі вы зараз згадалі пра яго, то ў памяці самі сабой пачалі расказвацца добра вядомыя з дзяцінства радкі. І ад гэтага светла і хораша.

Вам як аўтару кніг, адрасаваных дзецям, патрэбна літаратурная крытыка? Ці турбуе вас асабіста, што крытыкі так мала пішуць пра дзіцячую літаратуру? 

— Канструктыўная крытыка, якая дапаможа пісьменніку ўдасканаліцца, заўсёды карысная. Я прыслухоўваюся да заўваг, гэта дапамагае пісаць лепш, бо сам аўтар не заўсёды можа аб’ектыўна вызначыць у тэксце мінусы ці на выяўленне недахопаў спатрэбіцца час, за які могуць быць напісаны новыя творы з тымі ж хібамі. Ну і пра плюсы, адзначаныя крытыкай у творы, даведацца прыемна і важна.

Папяровая кніга... Дзіцячая літаратура ў сваім развіцці галоўным чынам завязана на кнігавыданні. А ці бачыцца вам прапаганда чытання дзіцячых кніг, само развіццё дзіцячай літаратуры ў звязцы з іншымі творчымі індустрыямі: мультыплікацыяй, тэатрам, вопраткай, сувенірнай прадукцыяй?

—  Кніга для дзяцей павінна заваёўваць чытацкую аўдыторыю праз усе магчымыя шляхі. Было б цудоўна, каб новыя героі кніг і іх гісторыі выйшлі да дзяцей з экрана праз мультфільмы, каб з’явіліся на сцэне тэатраў, каб сталі любімымі цацкамі, каб пайшлі разам з дзецьмі ў школу, размясціўшыся на партфелях, пеналах, лінейках, алоўках, каб, уладкаваўшыся на піжамах, клаліся разам з імі спаць. Тады яны стануць асаблівымі, у маленькіх чытачоў будзе адчуванне, што казачныя героі з кнігі выйшлі да іх у рэальнае жыццё і сталі сябрамі. Ці наадварот, спадабаецца, напрыклад, цацка-Вухуцік, калі дзіця ўпершыню ўбачыць яе ў краме. Персанаж арыгінальны, цікавы, запамінальны. А пра яго шмат кніг ёсць... Ну захочацца ж пачытаць!

І калі гэта пытанне не парушае вашы творчыя памкненні, то скажыце некалькі слоў пра тое, куды, на якія планеты выправіцца Вухуцік у наступным, 2024-м, годзе? 

— Ад сваіх чытачоў я ведаю, што яны вельмі чакаюць новую кнігу пра Вухуціка, і мяне гэта вельмі радуе. Ды й сам Вухуцік шчаслівы ад такой увагі дзяцей! Новую гісторыю пра яго пакуль ведаю толькі я, але мне так хочацца, каб хлопчыкі і дзяўчынкі хуценька-вухуценька пазнаёміліся з неверагоднымі падзеямі ў жыцці любімага героя. Каб атмасферна перадаць усё, што адбываецца, павінен натхнёна папрацаваць мастак. Справа важная і адказная, пагадзіцеся, таму спяшацца няварта. Але таямніцу новай кнігі я крыху прыадкрыю... Вухуцік зноў завітае да нас на Зямлю і гэтым разам ён сустрэнецца не толькі са сваёй сяброўкай Уладай, але і з чытачамі, якія пасябравалі з ім у папярэдніх кнігах.

Гутарыў Раман СЭРВАЧ

Прэв'ю: pexels.com​

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.