Вы тут

Чым прырасла медыцына Брэстчыны ў канцы года


Літаральна ў апошнія дні мінулага года ў шэрагу медыцынскіх устаноў Брэстчыны прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, якія сталі своеасаблівым аглядам праведзенай работы па абнаўленні, мадэрнізацыі, папаўненні ўстаноў аховы здароўя новым абсталяванннем і тэхнікай.


Фота pexels.com

Абноўленая рэанімацыя

Напрыклад, у Жабінцы, горадзе-спадарожніку абласнога цэнтра, адкрылі абноўленае аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі цэнтральнай раённай бальніцы. Якое значэнне мае названае аддзяленне ў справе правядзення аперацый ды і, наогул, ратавання жыцця пацыента ў крытычнай сітуацыі, гаварыць не трэба. Тое, што рэанімацыя стала выглядаць па-сучаснаму, не горш чым у сталіцы альбо абласным цэнтры, сведчыць пра ўзровень раённай медыцыны.

На ўрачыстым мерапрыемстве старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Андрэй Кузьміч выказаў падзяку будаўнікам, камунальнікам, якія займаліся мадэрнізацыяй не толькі гэтага аддзялення, але і правялі добраўпарадкаванне тэрыторыі, заасфальтавалі пад’язныя шляхі. Усяго, паводле слоў кіраўніка раёна, было патрачана тры з паловай мільёны рублёў з абласнога і раённага бюджэтаў на паляпшэнне медыцынскай галіны раёна. Працягваецца рамонт хірургічнага і дзіцячага аддзяленняў бальніцы, падыходзіць да завяршэння рамонт паліклінікі.

Падчас адкрыцця была агучана і такая інфармацыя: за год у Брэсцкай вобласці адрамантавана 208 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, 69 амбулаторый урача агульнай практыкі, 13 бальніц сястрынскага догляду. Значыць, сельская медыцына не застаецца па-за ўвагай дзяржавы, хоць большасць сродкаў, вядома, укладваецца ў гарадскія ўстановы.

Яшчэ адна аперацыйная

Скажам, у канцы снежня ў Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі адкрылі новую аперацыйную. Для гэтага ў лячэбнай установе правялі рэканструкцыю аперацыйнага блока, у выніку якой на месцы дэзінфекцыйнага аддзялення паявілася другая аперацыйная траўматалогіі. Такім чынам, у траўматалагічнага аддзялення паявіліся новыя магчымасці. Работы фінансаваліся з дзвюх крыніц — за кошт пазабюджэтных сродкаў, якія зарабіла сама бальніца, і спонсарскай дапамогі. Акрамя таго, з гарадскога бюджэту было выдзелена 80 тысяч рублёў на закупку аперацыйнага стала. На наступны год для новай аперацыйнай закупяць рэнтгенаўскі апарат з электронна-аптычным пераўтваральнікам, наркозны апарат і артаскапічную стойку. Тут стане магчымым правядзенне ў тым ліку высокатэхналагічных аперацый. Дарэчы, установа аказвае экстранную і планавую траўматалагічную дапамогу не толькі жыхарам абласнога цэнтра, але і пацыентам з Брэсцкага, Маларыцкага, Камянецкага, Жабінкаўскага раёнаў.

Каб дапамога была мабільнай

На цырымонію ўручэння новых аўтамабіляў у Брэсцкую гарадскую паліклініку № 5 за тры дні да новага года прыбылі кіраўнікі медустаноў з усёй вобласці. У снежні было закуплена 55 спецыяльных аўтамабіляў медыцынскай дапамогі. Новыя машыны Geely Standart 1,5 MT дазволяць палепшыць даступнасць і якасць аказання медыцынскай дапамогі жыхарам рэгіёна.

Як вядома, сярод кірункаў работы ўстаноў аховы здароўя — аказанне неадкладнай дапамогі на даму, выезды ўрачэбных брыгад для аказання паліятыўнай дапамогі, выезды ўрачоў-спецыялістаў для правядзення комплексных медыцынскіх аглядаў пацыентаў з абмежаванымі рухальнымі функцыямі, забеспячэнне дзейнасці шматпрофільных міжраённых і абласных устаноў. Для ўсяго пералічанага патрэбны машыны.

Чатыры новыя аўтамабілі атрымала абласная дзіцячая бальніца, для Пінска і Пінскага раёна закуплена пяць аўтамабіляў, медыкі Пружаншчыны атрымалі два новых аўто, папоўнілі аўтапарк установы іншых райцэнтраў, а таксама Брэсцкая абласная бальніца.

Падчас уручэння машын старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка адзначыў, што ў сферы аховы здароўя дасягнуты неблагія вынікі, а на наступны год запланавана будаўніцтва і рэканструкцыя многіх медустаноў. Аб здароўі людзей як прыярытэце ўлады на месцах гаварыў губернатар і на выніковым пасяджэнні аблвыканкама. На пасяджэнні, напрыклад, прагучала, што ў 2024 годзе плануецца паставіць камп’ютарныя тамографы ў Іванаўскую, Івацэвіцкую, Пружанскую райбальніцы. Чакаюцца пастаўкі 25 аўтамабіляў хуткай дапамогі. Наперадзе — вялікая работа па будаўніцтве і рамонту ўстаноў аховы здароўя. Будзе працягнута будаўніцтва корпуса Брэсцкай абласной бальніцы, рэканструкцыя лячэбнага корпуса Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы. Выдзелена фінансаванне на капітальны рамонт Пінскай дзіцячай бальніцы, рамонт бальніцы ў Мікашэвічах, рэканструкцыю філіяла Давыд-Гарадоцкай бальніцы. Вялікі аб’ём работы запланаваны ва ўстановах аховы здароўя Баранавічаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Здароўе людзей — у прыярытэце

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.