Вы тут

Аляксандр Лукашэнка прыняў кадравыя рашэнні


Вакантную пасаду міністра эканомікі заняў Юрый Чабатар, які дагэтуль з’яўляўся першым намеснікам кіраўніка ведамства. Колішні старшыня Беларускага вытворча-гандлёвага канцэрна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці Міхаіл Касько прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Індыя. Памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектарам па Віцебскай вобласці стаў Сяргей Ляўковіч, да нядаўняга часу першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама.


«У аснове павінна ляжаць выключна праўда»

Звяртаючыся да прызначэнцаў, Прэзідэнт адзначыў, што яны занялі вельмі важныя і адказныя пасады ў дзяржаве. «Што датычыцца міністэрства эканомікі, скажу шчыра публічна — год у нас асаблівы, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Таму будзем казаць усё шчыра і адкрыта, каб нас да чарговых прэзідэнцкіх выбараў праз год не папракалі, што мы дзесьці юлілі-вярцелі, няпраўду казалі і ўвогуле ўлада наша ні да чаго не прыдатная, як цяпер ужо пачынаюць гэта раскручваць. Таму гэты год будзе асаблівы. І ў аснове ўсяго, як я часта кажу, ляжыць эканоміка. Ва ўрадзе, калі казаць аб эканоміцы, міністэрства эканомікі займае асаблівае месца. Прама скажам: вы плануеце, вы кантралюеце і ва многім накіроўваеце эканамічнае развіццё краіны». 

Прэзідэнт дапускае, што, будучы адносна за спінай у іншых дзяржслужачых, Юрый Чабатар бачыў і недахопы, якія трэба ўстараняць. «У аснове вашай работы павінна ляжаць выключна праўда. Ніякага прыхарошвання, — папярэдзіў ён. — Рана або позна я гэта заўважу, у мяне дастаткова для гэтага рычагоў. Таму ні ў якім разе не хлусіць — усё як ёсць». 

Кіраўнік дзяржавы паставіў некаторыя задачы перад новым міністрам і папярэдзіў, да чаго ён павінен быць гатовым: «Вы прапаноўваеце праекты планавання нашай эканомікі — тактычныя і стратэгічныя: тактычныя — на год, стратэгічныя — на пяцігодку. На Усебеларускім народным сходзе вам часта прыйдзецца выступаць, абгрунтоўваць тыя ці іншыя кірункі дзейнасці — улады ў цэлым і краіны на перспектыву. Таму вы да гэтага павінны быць гатовы. Лёгка не будзе. Будзе цяжка, асабліва ў гэтым годзе. Не таму, што цяперашні Прэзідэнт хоча быць і далей Прэзідэнтам. Не таму, што хтосьці чагосьці хоча. Мы проста людзям павінны яшчэ раз даказаць, што мы сумленна і шчыра працавалі гэтыя гады». 

«Трэба выбудаваць фундамент адносін з Індыяй»

Звяртаючыся да новага пасла Беларусі ў Індыі, Прэзідэнт заўважыў, што ён не задаволеным станам спраў, якія складваюцца ў беларуска-індыйскіх адносінах: «Скажу шчыра: у адносінах з Індыяй мы дэградавалі». Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што за гэтую краіну персанальную адказнасць нясе міністр замежных спраў Сяргей Алейнік. Прызначаны адказныя і за супрацоўніцтва з такімі знешнеэканамічнымі партнёрамі, як Расійская Федэрацыя (прэм’ер-міністр Раман Глоўчанка) і Кітайская Народная Рэспубліка (першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў). 

Кажучы аб супрацоўніцтве з Індыяй, Прэзідэнт адзначыў, што гэтая краіна — наш вельмі важны знешнеэканамічны партнёр. «Тое, што мы ствараем, мы спакойна можам і ў Кітаі, і ў Расіі прадаць, у некаторых краінах на далёкай дузе, але Індыя — вялізны рынак, — падкрэсліў ён. — Мы там былі прадстаўлены, мы там працавалі. З часоў Савецкага Саюза. Нам трэба вызначыць асноўныя кірункі, дзе мы штосьці можам зрабіць і дзе мы будзем перш за ўсё карысныя Індыі. Гэта аснова гэтага плана».

«Соладка і лёгка не будзе, — звяртаючыся да пасла, паўтарыў Аляксандр Лукашэнка тое, што казаў новаму міністру эканомікі. — Трэба выбудаваць фундамент нашых адносін па асноўных кірунках з Індыяй ». Адным з такіх кірункаў Прэзідэнт назваў фармацэўтычную галіну. Таксама, па словах кіраўніка дзяржавы, для Беларусі важны вопыт індусаў па апрацоўцы алмазаў. «Ёсць тавары, якія мы можам туды прадаць. На аснове тэхналогій нашых нават можам і пэўныя прадпрыемствы там стварыць. Вядомы кірункі дзейнасці. Трэба вызначыцца», — дадаў ён..

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што практычны вопыт новага пасла спатрэбіцца ў рабоце на індыйскім кірунку. «Але крый вас божа думаць, што гэта для вас адпачынак», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. 

«Павінна быць аб’ектыўная ацэнка сітуацыі»

Прызначаючы памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектара па Віцебскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вобласць няпростая. Але тое, што Сяргей Ляўковіч — аграрый, а таму добра ведае сельскую гаспадарку, па меркаванні Прэзідэнта, акурат тое, што трэба ў Віцебскай вобласці. 

«Прааналізуйце той шлях, які мы абазначылі ў развіцці сельскай гаспадаркі, — паставіў задачу беларускі лідар. — Вы ведаеце, што мы стваралі там інтэграцыйныя структуры, кампаніі і гэтак далей. Іх некалькі там — шэсць. Я не кажу аб выніках работы і іншае — усяго хапае. Але чаму я на гэты варыянт пагадзіўся? Ён у прынцыпе бяспройгрышны, ён нічога не псуе. Калі гэта не ўдасца нам рэалізаваць, вельмі проста інтэграцыйнай структуры разбегчыся. Яны ж нічога не страчваюць. Таму трэба паспрабаваць рэалізаваць гэты праект да канца. Гэта ваша задача найважнейшая». 

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што перш-наперш задачы рэалізоўваюць людзі. «Вы — інспектар па кадрах, — звярнуў ён увагу свайго новага памочніка. — Таму працуйце разам з губернатарам, але не забывайцеся, што вы — не спадручны губернатара. Вы — вушы і вочы Прэзідэнта ў гэтай вобласці. Я ад вас чакаю аб’ектыўнай ацэнкі. Павінна быць аб’ектыўная ацэнка сітуацыі». 

Кажучы аб кадравай сітуацыі ў сельскай мясцовасці, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не трэба плакацца, што ў нас у сельскай гаспадарцы не хапае людзей. «Што значыць не хапае? — пацікавіўся ён. — Катастрофа, калі людзі лішнія. Я гэта праходзіў. Можа, і вы сутыкаліся. Вось гэта бяда. Калі мужык працуе на трактары ці дзесьці, а жонка стаіць пад плотам чакае сустрэчы з дырэктарам і плача: «Дапамажыце работу знайсці, кусок хлеба зарабіць». Вось гэта бяда. А калі ёсць работа, то трэба працаваць і зарабляць. Ну і потым. Там, дзе не хапае высокакласных спецыялістаў (бо горад павыцягваў з сяла нямала), ну дык яны ж жывыя і здаровыя, трэба іх знайсці. Высокакласных іх трэба два-тры чалавекі ў цяжкія часы, ну, пяць на гаспадарку, каб на камбайне працаваў з мазгамі чалавек і на энерганасычаным трактары«.У такой сітуацыі беларускі лідар параіў загадзя знайсці такіх спецыялістаў, устанавіць з імі адносіны і працаваць. Менавіта так рабіў кіраўнік дзяржавы, калі ў свой час узначальваў гаспадарку. 

На думку Прэзідэнта, такая стратэгія павінна быць у кожнай гаспадарцы. Гэтым, па яго словах, павінны займацца райвыканкамы, якія асабліва не перагружаны. «Спадзяюся, што вынік ад вашай работы будзе, — адзначыў, звяртаючыся да Сяргея Ляўковіча, кіраўнік дзяржавы. — Трэба знайсці сваё месца і працаваць у інтарэсах Віцебскай вобласці. Трэба выцягнуць Віцебскую вобласць з таго стану, у якім яна знаходзіцца. Я не скажу, што там катастрофа, але гэтая вобласць не найлепшая ў краіне. А магчымасці ў яе немалыя». 

«Усё ёсць для таго, каб вывесці раён на ўзровень перадавых у краіне»

Узгадняючы на пасаду старшыні Віцебскага райвыканкама Сяргея Ягорава, які дагэтуль узначальваў камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама, кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, чым абумоўлена такое перамяшчэнне. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка патлумачыў, што для прызначэнца — гэта чарговая прыступка па кар’ернай лесвіцы, а папярэдні вопыт спатрэбіцца яму на новым месцы. 

Сяргей Ягораў расказаў, што да працы ў Віцебскім аблвыканкаме ён працаваў на пасадзе старшыні Талачынскага райвыканкама.

«Напэўна, гэтая работа мне бліжэй па духу», — удакладніў ён. 

«Гэта значыць гэта больш жывая работа, вы хочаце сказаць», — удакладніў Прэзідэнт і пацікавіўся, ці валававызначальны Віцебскі раён у сельскім плане. 

«Так, ён на другім месцы пасля Аршанскага раёна: і па плошчах, і па вытворчых паказчыках», — паведаміў Сяргей Ягораў. 

«Але гэта не значыць, што ён павінен быць другім», — скіраваў кіраўнік дзяржавы. 

Новы старшыня Віцебскага райвыканкама паведаміў, што ставіць перад сабой задачу вывесці раён на ўзровень перадавых раёнаў іншых абласцей — Гродзенскай, Брэсцкай. «Гэта правільна, — пагадзіўся кіраўнік дзяржавы. — Бо Аршанскі, Талачынскі, Віцебскі, ну і „малышы“ гэтыя побач, яны павінны цягнуць усю вобласць. Не поўнач жа Віцебскай воьбласці — Верхнядзвінск, наш забалочаны Браслаўскі край — не яны ж будуць выцягваць сяло. Хаця і там трэба ўпірацца».

Звяртаючыся да Паўла Губко, які ўзгоднены на пасаду старшыні Маладзечанскага райвыканкама (дагэтуль ён быў першым намеснікам старшыні), Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, колькі часу ў раёне няма старшыні. Як высветлілася, тры месяцы. «Справіцеся вы ці не, у вас выхаду іншага няма, — сказаў беларускі лідар новаму старшыні. — Калі вы прымаеце гэтую пасаду — памрыце, але павінен быць вынік». 

«Гэта павінна быць найлепшая станцыя ў свеце»

Сяргей Бабовіч узгоднены на пасаду генеральнага дырэктара РУП «Беларуская атамная электрастанцыя». Дагэтуль ён з’яўляўся намеснікам генеральнага дырэктара «Белэнерга». «Скажу шчыра, мяне спрабавалі пераканаць, што няма ў нас спецыялістаў, якія могуць кіраваць такім прадпрыемствам — складаным, а самае галоўнае, адказным, — каменціруючы кадравае рашэнне, паведаміў кіраўнік дзяржавы. — Я з гэтым не згодзен. Доўга шукалі або нядоўга — знайшлі. І я ўпэўнены, вы справіцеся. Вельмі цікавая работа, як мне здаецца. І ўсё на месцы. Новае прадпрыемства, прыгажуня-станцыя». 

Аляксандр Лукашэнка папрасіў гендырэктара БелАЭС не сядзець увесь час у кабінеце. «Пачынайце знізу, з рэчаў, які не маюць адносін да бяспекі, — параіў ён. — Хаця такіх, напэўна, на станцыі кірункаў работы няма. Унікайце ва ўсе дэталі. Гэта павінна быць найлепшая станцыя ў свеце ў эксплуатацыі і эфектыўнасці. Зрабіце, каб і іншыя пераканалаіся, што ў нас ёсць класныя кіраўнікі і на такім прадпрыемстве, якога мы раней не ведалі і не бачылі».

Прэзідэнт паставіў задачу дакладваць па любым пытанні, якія ўзнікаюць на БелАЭС. «Калі патрэбна будзе падтрымка, заўсёды вам яе акажам», — паабяцаў кіраўнік дзяржавы.

Таксама Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў кандыдатуру Валерыя Вярэніча на пасаду першага намесніка міністра транспарту і камунікацый, Віталя Ядзевіча — на пасаду члена Магілёўскага аблвыканкама. Таццяна Міколенка прызначана суддзёй Эканамічнага суда Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Ігар Залатар заняў пасаду начальніка ўпраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Аб’яднанага штаба АДКБ, Сяргей Зайцаў — начальніка ўпраўлення праблем ваеннай бяспекі Сакратыраяту АДКБ.

Вераніка КАНЮТА


У тэму

У размове з журналістамі міністр эканомікі Юрый Чабатар адзначыў, што кіраўнік дзяржавы, прымаючы кадравыя рашэнні, яшчэ раз абазначыў важную ролю Міністэрства эканомікі ва ўрадзе пры вырашэнні задачы па забеспячэнні ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. «Тым больш актуальная гэта задача ў 2024 годзе, у перыяд электаральнай кампаніі, — удакладніў ён. — -Міністэрства эканомікі павінна гучаць, выходзіць з ініцыятывамі, чым мы разам з калектывам і зоймемся».

Адной з ключавых задач міністр назваў развіццё інвестыцыйнага цыкла. Ён адзначыў, што ў другой палове 2023 года кожны месяц назіраўся тэмп росту інвестыцый на ўзроўні больш як 120%. «Закупка абсталявання і інвесціраванне ў абсталяванне дасягае 140-150% — гэта значыць прадпрыемствы, наш рэальны сектар сапраўды абнаўляюцца, — удакладніў ён. — А гэта — новыя вытворчасці, новыя рабочыя месцы, адпаведна экспарт і развіццё тэхналогій».

Кажучы аб бягучым стане спраў у эканоміцы краіны, па словах міністра, яна адаптуецца да сучасных выклікаў і цяжкасцяў. «Адбываецца гэта ў тым ліку дзякуючы рашэнням, якія прымаюцца кіраўніком дзяржавы, урадам, ініцыятывам Мінэканомікі», — канкрэтызаваў Юрый Чабатар. Ён адзначыў, што 2023 год завяршыўся з пазітыўнымі вынікамі ў частцы тэмпаў росту ВУП. Ёсць перспектывы для выхаду на абазначаныя паказчыкі ў 103,8% тэмпу росту ВУП у 2024 годзе.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Індыі Міхаіл Касько, кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што трэба сістэмна наладжваць адносіны па ключавых напрамках супрацоўніцтва з гэтай краінай, і ў першую чаргу ў эканоміцы. «Трэба паспрабаваць вярнуць усё тое добрае, што было ў савецкім мінулым, калі і многія студэнты навучаліся ў нас у краіне, і зборачныя вытворчасці дзейнічалі, і ажыццяўлялася пастаўка самай шырокай гамы тэхнікі, — канкрэтызаваў пасол. — Трэба паспрабаваць аднавіць гэта, акцэнтаваўшы на двух, трох, чатырох прарыўных праектах».

Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч адзначыў: «Трэба прааналізаваць сітуацыю ў аграпрамысловых аб’яднаннях, паглядзець іх добрыя якасці і недахопы і прапанаваць пры неабходнасці карэкціроўкі ў іх рабоце. Сярод асноўных задач — і работа з кадрамі, прычым не толькі на ўзроўні кіраўніцтва рэгіёну, але і кадравага патэнцыялу сельгасарганізацый. Трэба разабрацца, расставіць прыярытэты, вызначыць моцныя і слабыя бакі, каб у далейшым можна было падказаць мясцоваму кіраўніцтву, кіраўніцтву аблвыканкама, райвыканкамаў, выказаць сваё меркаванне, якія напрамкі развіваць і на каго можна рабіць стаўку».

Генеральны дырэктар Беларускай атамнай электрастанцыі Сяргей Бабовіч падкрэсліў:. «Асноўная задача, якая сёння стаіць, — каб наша станцыя, самая сучасная і маладая ў свеце, заставалася заўсёды на ўзроўні і самай перадавой», — ён. Пры гэтым гендырэктар заўважыў, што тэхналогіі вырашаюць далёка не ўсе. «Усе вырашаюць людзі, — акцэнтаваў увагу ён. — Таму асноўная задача — каб персанал знаходзіўся заўсёды на належным узроўні, сачыў за тым, што адбываецца ў свеце: зменамі, мадыфікацыямі. У нас вельмі добрыя кантакты з карпарацыяй „Расатам“. Нам вельмі зручна, бо няма моўных бар’ераў. Вельмі шчыльна мы маем зносіны, мы ў іх вучымся, яны вельмі часта ў нас бываюць: рыхтуюць персанал, кансультуюць. Я лічу, што ў нас вельмі ўдалы праект, і мы будзем рухацца толькі наперад».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.