Вы тут

Таццяна Прахарэнка: Часам я магу паводзіць сябе як абсалютная авантурыстка


Гэтая дзяўчына — не толькі ўладальніца моцнага голасу і яркай знешнасці. Яна з ліку тых, хто ўмее дасягаць пастаўленых мэт і дакладна ведае, чаго хоча ад жыцця. Шырокай публіцы наша гераіня вядомая па тэлевізійных шоу, а прыхільнікам Гомельскай філармоніі — як салістка Эстрадна-сімфанічнага аркестра імя Ю. А. Васілеўскага. Напрыканцы года мы сустрэліся з Таццянай Прахарэнкай, каб распытаць пра пераадоленне сябе, пра музыку і яе ўспрыманне ў розных кантэкстах, а таксама пра тое, што рухае і натхняе артыстку кожны дзень.


— Таццяна, я назіраю за вамі з самага першага сезона шоу «Фактар.by», і складваецца ўражанне, што вы баец. Гэтая рыса характару ў вас заўсёды была ці з’явілася з вопытам?

— Я сама не лічу, што з’яўляюся байцом, бо зусім па-іншаму сябе ацэньваю. На праекце ні з кім не спаборнічала і ў прынцыпе па жыцці ўсё вельмі лёгка ўспрымаю. Я прафесійная вакалістка, таму пайсці на «Фактар. by» і там заявіць пра сябе — гэта не было для мяне такім складаным крокам, як, напрыклад, для людзей, хто ніколі на сцэну не выходзіў. Я ж усё ўспрымала як падзею, дзе за кошт сваёй працаздольнасці ты можаш выканаць пастаўленыя задачы, але без усялякай барацьбы з сабой, іншымі ўдзельнікамі. Для мяне існавалі толькі дакладна пастаўленыя тэхнічныя заданні, і была задача іх выканаць, з чым я ўдала спраўлялася.

— Пасля вы сталі ўдзельніцай праекта «Героі. Перазагрузка». Што новага пра сябе даведаліся там?

— Мяркую, гэта была адна з самых жорсткіх праверак мяне на трываласць за ўсё маё жыццё. Да праекта я паставілася па-філасофску ўжо пасля яго заканчэння, бо там змагла пражыць тыя рэчы, якія, думала, немагчыма пераадолець. Напрыклад, самым складаным для мяне было выпрабаванне стыхіяй паветра. Аказалася, я баюся вышыні, прычым нават не магу глядзець на людзей, калі яны там знаходзяцца. Аднак такі экзамен выпаў на мой лёс, і давялося псіхалагічна прыкласці неймаверныя высілкі, каб прайсці яго. І гэты крок стаў для мяне вырашальным. Зразумела, што немагчымае магчыма.

— Скажыце, ці лёгка вам удаецца прымаць важныя рашэнні ў жыцці?

— Часам я магу паводзіць сябе як абсалютная авантурыстка. А некаторыя свае крокі доўга абдумваю, узважваючы ўсе «за» і «супраць». Аднак мне лёгка ўдаецца прымаць тыя сітуацыі, на якія я не здольная паўплываць. Калі ж выбар залежыць ад мяне, то тады ўжо доўга пакутую, прымаючы рашэнне.

— Калі вы вярталіся на «Фактар.by» ў другім сезоне, ці не шкадавалі, што давядзецца ўсё пачынаць спачатку?

— З першага сезона гэты праект даволі нечакана ўвайшоў у маё жыццё, бо кастынг на яго я праходзіла яшчэ ў даэпідэмічны перыяд. Таму спачатку ішла на яго проста з думкай «паеду, пагляджу, што там, і атрымаю задавальненне». А вяртаючыся ў другім сезоне на шоу, сутыкнулася з вялікай колькасцю асуджэння з боку майго акружэння. Гэта прымусіла падумаць, ці правільна я рабіла раней. Аднак у першым сезоне, калі стаяла на сцэне і павінна была агучыць сваё рашэнне ісці далей, то разумела, што зараз скажу на ўсю краіну «не», а потым усё ж вярнуся ў другім сезоне. Мне гэта здавалася цікавым піяр-ходам.

— Зараз на праекце вы — выкладчык па вакале. Як вам у такой ролі?

— Прэстыжна, хвалююча, але я дастаткова ўпэўнена ў сваім прафесійным узроўні. Ведаю, што магу даць і чаго ад мяне хочуць, таму адчуваю сябе камфортна. На праекце выступаю, нібы нейкі праваднік паміж настаўнікамі і ўдзельнікамі. Мая задача не проста навучыць герояў прафесійным вакальным звычкам (усе ўдзельнікі вельмі моцныя ў гэтым), а ў тым ліку і накіраваць іх у плане нейкіх эмоцый, падказаць манеру паводзін. Увогуле, я дамагаю ім усім, чым магу.

— Раскажыце, на якой музыцы вы раслі?

— На самай рознай. Напрыклад, у маёй сястры былі кружэлкі Грыга, гуртоў «Браты Грым», «Мумі-Троль». Бацька любіў Pіnk Floyd, Deep Purple. Мама любіць Queen, а можа паслухаць і нешта з папулярнай музыкі. І плюс кожны дзень я слухала тое, што чатыры-пяць гадзін мая сястра іграла на фартэпіяна.

— Калі самі ствараеце музыку, то чым натхняецеся?

— Я не гляджу на сучасных маладых выканаўцаў, не слухаю іх, бо такая музыка ўвогуле мне не блізкая. Мне хутчэй даспадобы кампазіцыі Мікалая Наскова, некаторыя песні Рыгора Лепса. А калі глядзець па аранжыроўцы, то мне блізкая музыка Максіма Фадзеева, Меладзэ, падабаюцца творы Адэль. Словам, я прыхільніца класічнай эстрады. А сучасныя песні на трох акордах, дзе няма музычнага развіцця і толькі гучыць клубны біт, на мяне не аказваюць уздзеяння. У мяне ёсць музычная адукацыя, і я разумею, як кампазіцыя павінна выглядаць, таму маладзейшым выканаўцам здзівіць мяне складана. У мяне самой пры напісанні музыкі ёсць жаданне гаварыць пра глыбокіяі філасофскія тэмы, але ў выніку атрымліваюцца тэксты пра каханне, прычым абявязкова з ноткай драматызму.

— Як вы пражывалі нешчаслівае каханне і што цэніце ў адносінах?

— Усё заўсёды па-рознаму адбываецца. Калі пара разыходзіцца, то перажыванні ўжо ідуць на спад. А пакуль яшчэ толькі пражываеш моманты, дзе штосьці не складваецца, не можаш зразумець, сысці ці застацца і спрабаваць выправіць становішча — вось гэта цяжка. Пасля рашэння сысці і паставіць кропку, як правіла, эмоцыі адпускаюць.

Ва ўзаемаадносінах двум людзям вельмі важна сысціся, нібы пазлам. Трэба каб не было прабелаў па жыццёва важных момантах што датычыцца побыту, развіцця і іншага, каб не існавала недасказанасці. Самае важнае, на мой погляд, — уменне размаўляць з чалавекам, які побач, мець магчымасць патлумачыць сваю пазіцыю па нейкім пытанні, агучыць уласную занепакоенасць і атрымаць зваротную сувязь. Калі разумееш, што цябе прымаюць і разумеюць. І вы разам супраць нейкай праблемы, а не вырашаеце яе, змагаючыся адно з адным.

— Яшчэ вы неяк казалі, што любіце кнігі. Чым цікавіцеся ў літаратуры?

— Чытаю я ўвесь час. Калі, напрыклад, стомленая і ёсць вольная хвіліна, то з задавальненнем выберу адпачынак з кнігай. Мне падабаецца чытаць, адкрываючы для сябе штосьці новае. Таксама люблю пісаць рэцэнзіі на прачытаныя творы. Вяду нават адпаведную старонку ў сацыяльных сетках, дзе дзялюся тымі выданнямі, на якія варта звярнуць увагу. Бо ў той жа тэме псіхалогіі лепш пачытаць адпаведны падручнік савецкіх часоў, чым шматлікія папулярныя кнігі, што ёсць сёння на кніжных паліцах.

— Якое ў цэлым у вас стаўленне да сацыяльных сетак?

— Думаю, што ўсе людзі ў пэўнай меры нарцысы і ствараюць сабе там старонкі для нейкага самаўзвышэння. Мне таксама падабаецца весці сацыяльныя сеткі, прычым з задавальненнем раблю як карысныя, так і лёгкія, эстэтычна прыгожыя для мяне пасты. Там я захоўваю на памяць прыемныя моманты са свайго жыцця. Увогуле для мяне сацыяльныя сеткі маюць добрую функцыю «запамінаць важнае праз штодзённыя гісторыі», бо мы ўсе цяпер жывём, спяшаючыся, і многае забываем. Таксама нельга не сказаць пра тое, што там можна знайсці добрую пляцоўку для прасоўвання нейкага прадукту і атрымання грошай. Але мне не хочацца ператвараць свае профілі ў нешта падобнае.

— А што вамі рухала, калі паставілі сабе мэту атрымаць працу ў аркестры імя М. Фінберга?

— Паколькі даўно чула, што працаваць у гэтым калектыве салідна, то хацелася трапіць туды. Спрабавала ўвесь час недзе сустрэцца з аркестрам, каб паказаць сябе. А вось калі пачала працаваць там, то зразумела, што гэта не мой фармат. Мне ёсць з чым параўноўваць, бо я тры гады працавала з аркестрам імя Васілеўскага ў Гомельскай абласной філармоніі, куды пасля і вярнулася.

— Прыгадаеце свае самыя шчаслівыя ўспаміны з дзяцінства?

— Гэта Новы год, калі я загадала Дзеду Марозу падарыць мне ананас. І мама з татам купілі мне ад імя чараўніка гэтую смакату.

— Як ставіцеся да навагодніх свят?

— Я вельмі не люблю холад, але паколькі часцей за ўсё езджу на машыне, то мне падабаецца назіраць за тым, як ідзе снег, як навокал усё прыгожа і казачна. Са з’яўленнем першага снегу адразу пачынаю ўпрыгожваць дом, каб ва ўсім адчувалася навагодняя атмасфера. З узростам мяняецца ўспрыманне гэтага чароўнага часу. Калі раней мне хацелася весяліцца з сябрамі, кудысьці выбірацца, то цяпер лепшае свята — магчымасць пабыць дома з бацькамі.

— У студзені вы святкуеце дзень нараджэння. Ці ўласціва вам падводзіць напярэдадні нейкія вынікі і ставіць мэты на будучы год?

— Я люблю перыядычна распісваць сабе планы на месяц, паўгода, а пасля іх толькі абнаўляю. Таму напярэдадні дня нараджэння толькі звяраюся з напісаным, каб пераканацца, што іду па зададзеным курсе.

— Што сёння для вас у прыярытэце: далей рэалізоўвацца ў творчасці альбо думаць ужо пра стварэнне сям’і?

— Апошні год я не раздзяляю для сябе гэтыя дзве тэмы. Па-першае, у мяне заўсёды так складваецца, што ўсе важныя рашэнні прымаюцца пад уплывам кахання. Гэтае пачуццё вырашае ўсё за мяне, і яно ж дае мне імпульсы для развіцця і росту. Нядаўна я пачала задумвацца пра тое, у якім узросце хацела б стаць мамай, таму планую ў перспектыве рэалізоўвацца ў працы, і каб паралельна ў мяне з’явілася сям’я і дзеці. Зараз імкнуся ствараць тыя ўмовы, якія дазволяць гарманічна ўсё сумяшчаць.

Бліц-апытанне:

Спяваць для душы ці для заробку?

— Хочацца для заробку, але атрымліваецца для душы.

Дзеля чаго і каму вы гатовыя даць другі шанс?

— Усе памыляюцца і заслугоўваюць гэты другі шанс.

Ці верыце вы ў прыкметы?

— Не.

Калі даведаліся, што Дзеда Мароза не існуе?

— Я да сёння яшчэ крыху веру ў яго існаванне.

Лепшае свята для вас — гэта...

— Новы год!

Алена ДРАПКО

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.