Вы тут

Сёлета Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна адзначае 95-годдзе


Сёлета Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна адзначае 95-годдзе. За амаль цэлы век бібліятэчны флагман паўночнага рэгіёна выдаў віцябчанам сотні тысяч кніг, прапусціўшы праз свае гасцінныя дзверы не адно пакаленне чытачоў. Якім клопатам бібліятэка жыве сёння, якія рэдкія выданні захоўвае кніжны храм і чым у юбілейны год будзе здзіўляць калектыў бібліятэкі — у інтэрв’ю з дырэктарам установы Таццянай Адамян.


— Таццяна Мікалаеўна, што сёння ўяўляе сабой абласная бібліятэка?

— Віцебская абласная бібліятэка імя Леніна зараз — гэта сучасная бібліятэчная ўстанова з моцнай матэрыяльна-тэхнічнай базай, поўнасцю аўтаматызаванымі бібліятэчнымі працэсамі, з сучаснай унутранай прасторай, якая камфортная для чытачоў і супрацоўнікаў. Структуру бібліятэкі складаюць сем функцыянальных і адзінаццаць аддзелаў абслугоўвання карыстальнікаў.

Гэта самая буйная бібліятэчная ўстанова паўночнага рэгіёна з бібліятэчным універсальным фондам, функцыямі метадычнага кіраўніцтва бібліятэкамі вобласці (сеткі бібліятэк Міністэрства культуры), з функцыяй дэпазітарнага захоўвання краязнаўчых матэрыялаў (уся перыёдыка Віцебшчыны, пачынаючы з 1946 года, і ўсе выданні, якія датычацца Віцебскай вобласці).

— Наколькі ўстанова з’яўляецца папулярнай сярод жыхароў горада і вобласці?

— Па выніках 2023 года колькасць чытачоў склала больш за 33 тысячы, у тым ліку каля двух тысяч віртуальных. Каля 30 працэнтаў ад агульнай колькасці чытачоў, зарэгістраваных у бібліятэцы, складаюць дзеці ва ўзросце да 15 гадоў. Агульная выдача дакументаў па бібліятэцы складае больш за 650 тысяч выданняў. Колькасць наведванняў за мінулы год — каля 1,9 мільёна, з іх віртуальных — больш за 1,7 мільёна. Па гэтым паказчыку сярод абласных бібліятэк Беларусі мы знаходзімся ў лідарах.

— Як стаць чытачом абласной бібліятэкі?

— Наведвальнікам нашай бібліятэкі можа стаць абсалютна любы жыхар горада Віцебска, пачынаючы з дзяцей садаўскага ўзросту (у такім выпадку чытацкі білет будзе аформлены на бацькоўскі пашпарт). Вядома, нашымі чытачамі могуць стаць жыхары як паўночнага рэгіёна, так і іншых абласцей краіны, але ім будзе прадстаўлена магчымасць карыстацца літаратурай, якая знаходзіцца толькі ў чытальных залах. З мэтай аказання насельніцтву платных паслуг на абанеменце ёсць фонд камерцыйных выданняў, у які ўключаны выданні, найбольш запатрабаваныя чытачамі: мастацкая літаратура расійскіх і замежных аўтараў, кнігі па псіхалогіі і філасофіі.

Са студзеня 2022 года бібліятэка ажыццяўляе бясплатны доступ да расійскай базы даных «ЛітРэс», трэба толькі прыйсці першы раз у бібліятэку, аформіць чытацкі білет і, не выходзячы з дому, можна загружаць на свой гаджэт неабходныя творы. За 2023 год колькасць зваротаў у базу склала больш за 33 тысячы, выдадзена больш за пяць тысяч кніг.

— Якія рэдкія выданні можна ўбачыць у бібліятэцы?

— На сённяшні дзень кніжны фонд складаюць 668 тысяч выданняў: гэта і кнігі, і аўдыялітаратура, перыядычныя і электронныя выданні. Бібліятэка не можа прадставіць чытачам унікальныя рукапісныя выданні або творы ХV-XVІ стагоддзяў, але каштоўныя для нас выданні XІX — пачатку ХХ стагоддзяў у фондах ёсць. Сярод іх краязнаўчыя кнігі Мікалая Нікіфароўскага, Аляксея Сапунова і іншых аўтараў, якія тычацца Віцебшчыны. Агульная колькасць такіх каштоўных выданняў каля дзвюх тысяч, раней яны знаходзіліся ў розных аддзелах бібліятэкі. А два гады таму па рашэнні Міністэрства культуры было рэкамендавана адкрываць пры абласных бібліятэках аддзелы рэдкай кнігі, што мы і зрабілі. Прычым не проста стварылі аддзел, але і зрабілі вялікі крок наперад — у мінулым годзе мы адкрылі выставачную залу аддзела рэдкай кнігі «Ех Lіbrіs», каб чытачы рознага ўзросту маглі паглядзець на найбольш каштоўныя выданні і пазнаёміцца з іх гісторыяй. Сярод экспанатаў ёсць экзэмпляр рарытэтнага факсімільнага выдання — Полацкага Евангелля канца ХІІ — ХІІІ стагоддзяў, якое адносіцца да самых старажытных помнікаў беларускай кніжнай культуры. Асобны раздзел распавядае пра спадчыну Францыска Скарыны. Прыцягвае ўвагу шэдэўр паліграфічнага мастацтва XVІ стагоддзя — «Берасцейская Біблія». Кніга мае скураны пераплёт з металічнымі куткамі, багата ўпрыгожана наборнымі арнаментальнымі застаўкамі і канцоўкамі. Яна лічыцца адным з найпрыгажэйшых выданняў свайго часу і самым «важкім» у бібліятэчных фондах: яе вага 15 кілаграмаў, памер — 38 на 42 сантыметры, вышыня складае 17 сантыметраў. Наведвальнікі таксама могуць убачыць самыя знакамітыя выданні азбукі і буквара, томік з асабістай бібліятэкі караля Прусіі, правобраз сучасных покетбукаў — кішэнную кнігу, якую ў ранейшыя часы бралі ў падарожжа на цягніку ці параходзе, і многае іншае. Дарэчы, самым маленькім выданнем, якое па памерах не больш за карабок запалак, — «Песня пра Буравесніка» 1957 года, яе памер — усяго 42 на 30 міліметраў. Выставачная зала сёння мае вялікі поспех сярод чытачоў, сіламі нашых супрацоўнікаў рэгулярна арганізоўваюцца экскурсіі, прычым не толькі для дарослых, але і для дзяцей, ствараюцца новыя тэматычныя экспазіцыі.

— Значную долю вашых чытачоў складаюць дзеці. Як заахвочваеце гэту аўдыторыю?

— У структуры бібліятэкі ёсць дзіцячы і юнацкі аддзелы, якія спецыялізуюцца на рабоце з падрастаючым пакаленнем. Але так ці інакш з дзіцячай аўдыторыяй зараз працуюць усе нашы аддзелы. Гэта не толькі класічныя мерапрыемствы як сустрэчы з пісьменнікамі і прэзентацыя выданняў, але і майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Сярод цікавых праектаў для дзяцей рэалізаваны «Кніга сваімі рукамі», «Дакраніся». Апошні бібліятэка рэалізуе ў рамках уласнай праграмы «Міласэрнасць», падобнага няма ў бібліятэчнай практыцы ва ўсім рэгіёне. Праект «Дакраніся» па стварэнні тактыльных палісэнсорных рукатворных кніг стартаваў у 2022 годзе, яму папярэднічала навучанне нашых супрацоўнікаў па спецыяльным курсе «Інклюзія, бібліятэка, літаратура», а таксама вопыт рэалізацыі інклюзіўнага праекта «Разам!» у садружнасці з абласной арганізацыяй БелТІЗ, і яшчэ аднаго — «Бібліятэка — тэрыторыя творчасці». Тактыльныя кнігі, як правіла, апярэджваюць навучанне дзіцяці чытанню па Брайлю. Мы ўзяліся за выраб рэльефных кніжак на тэкстыльнай аснове.

— Як часта на базе бібліятэкі ладзяцца творчыя сустрэчы?

— Пляцоўка абласной бібліятэкі рэгулярна становіцца месцам сустрэчы беларускіх пісьменнікаў з чытачамі. У першую чаргу нашы пачэсныя госці — члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, актыўная работа вядзецца з абласным аддзяленнем. Штогод мы рыхтуем прапановы ў сумесны план на год, які ўключае даволі шмат творчых вечароў. Напрыканцы кожнага года на базе бібліятэкі праходзіць цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў абласных прэмій імя Петруся Броўкі і Уладзіміра Караткевіча.

21 снежня ў бібліятэцы адбыўся літаратурна-музычны вечар «Альманаху „Дзвіна“ — 65!» і прэзентацыя сёмага выпуску літаратурнага альманаха «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная». У 1958 годзе выйшаў у свет першы выпуск абласнога літаратурна-мастацкага альманаха «Дзвіна» літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі газеты «Віцебскі рабочы». Слаўныя традыцыі папярэднікаў працягвае новая «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная», якую выдае Віцебскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Пра асаблівасці сучаснага выдання распавяла Тамара Краснова-Гусачэнка, укладальнік альманаха і старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

— Як развіты партнёрскія адносіны з расійскімі ўстановамі?

— Актыўная работа вядзецца з нашымі прыгранічнымі калегамі: Пскоўскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкай, Смаленскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкай, Дзяржаўным музеем-запаведнікам А. С. Пушкіна «Міхайлаўскае», а таксама з Астраханскай абласной навуковай бібліятэкай, Курскай абласной бібліятэкай для дзяцей і юнацтва. У рамках мерапрыемстваў у фармаце анлайн праводзім круглыя сталы і канферэнцыі па тэме інклюзіі, работы з дзецьмі. Праз тысячы кіламетраў ладзяцца сустрэчы з расійскімі пісьменнікамі. На 2024 год сумесна са Смаленскай бібліятэкай запланаваны патрыятычны праект, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. У пачатку чэрвеня калегі са Смаленска прадставяць у нас перасоўную выставу «Наш край не абышла вайна», будзе падпісана сумесная праграма па патрыятычным выхаванні моладзі.

— Ва ўстановы за 95-гадовую гісторыю ёсць нямала ўзнагарод. Якія з апошніх лічыце галоўнымі?

— У 2022 годзе наш інтэрактыўны бібліятэчны праект «Вызваленне Віцебшчыны. 1943-1944» стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу культурных праектаў патрыятычнай тэматыкі, які ініцыявала Міністэрства культуры. Па выніках работы за 2021 год Віцебская абласная бібліятэка была занесена на дошку Гонару паўночнага рэгіёна.

Бібліятэка сёння не толькі захоўвае дакументы, але бібліятэчныя спецыялісты і самі ствараюць інфармацыйныя рэсурсы. Сярод тых ІР, якія карыстаюцца сярод чытачоў і даследчыкаў папулярнасцю: «Афганістан. Без права на забыццё», «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць», «Мастакі Віцебшчыны», «Вызваленне Віцебшчыны. 1943-1944», «Чалавек года Віцебшчыны». У гэтых крыніцах сабраны і згрупаваны па раздзелах гістарычныя звесткі, інфармацыя аб падзеях і асобах Віцебскага рэгіена, якія пастаянна папаўняюцца. Усе гэтыя электронныя рэсурсы размяшчаюцца на афіцыйным сайце бібліятэкі. У тым ліку дзякуючы дадзеным праектам, зваротам да электроннага каталога мы дасягаем такую колькасць віртуальных наведванняў бібліятэкі — каля двух мільёнаў за год.

— Якімі мерапрыемствамі ўстанова будзе адзначаць юбілей?

— У юбілейны для бібліятэкі год сумесна з абласным тэлебачаннем мы рэалізуем праект, прысвечаны гісторыі Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна. У яго рамках будуць зняты больш за 20 выпускаў, якія раскажуць аб гісторыі, будынку, аб фондах і чытачах, значных мерапрыемствах — адным словам, аб усіх сферах дзейнасці.

Галоўным мерапрыемствам, якое пройдзе ў верасні, стане ўрачысты вечар з нагоды 95-годдзя. У астатнім бібліятэка працуе ў штатным рэжыме, толькі ў юбілейны год мы падвойваем свае намаганні. Сёлета на нашай пляцоўцы пройдзе Х навукова-практычная канферэнцыя «Віцебскі край», будзе працягвацца рэалізацыя мэтавых комплексных праграм: «Жывое слова мудрасці духоўнай», «Міласэрнасць», праграма прававой асветы для дзяцей і моладзі. У гадавым плане з’явілася яшчэ больш мерапрыемстваў, усе нашы спецыялісты накіраваны на актыўную работу, каб яшчэ раз даказаць сабе і грамадству, што наш кніжны храм патрэбны Віцебску і гараджанам, а наша ўстанова па праву займае пачэснае і важнае месца ў структуры ўстаноў горада.

— Таццяна Мікалаеўна, як вы прыйшлі ў прафесію?

— У бібліятэчнай справе я больш за 30 гадоў. У 1986 годзе скончыла Мінскі інстытут культуры, атрымаўшы спецыяльнасць біблятэкара-бібліёграфа. Кнігі любіла заўсёды, а потым, год за годам спасцігаючы гэту справу, зразумела, што люблю і чытачоў, узаемадзеянне з людзьмі. У 2002 годзе прыйшла ў нашу ўстанову бібліятэкарам першай катэгорыі ў аддзел краязнаўства, за дваццаць гадоў давялося прайсці ўсе кар’ерныя прыступкі. А з 2014 года кірую буйнейшай бібліятэчнай установай паўночнага рэгіёна. Цікава склалася, што гэты 2024 год юбілейны і для мяне як для кіраўніка.

— На ваш погляд, ці могуць знікнуць бібліятэкі ў суперніцкай гонцы з сучаснымі медыя?

— Як не толькі прафесіянал бібліятэчнай справы, але і як чалавек, я цвёрда ўпэўнена ў тым, што бібліятэкі былі, ёсць і будуць заўсёды. Іншая справа, што бібліятэка як установа павінна прымаць выклікі сучаснасці. Некалькі гадоў таму роля бібліятэк была толькі інфармацыйнай, зараз, калі вялікую долю інфармацыі ўзяў на сябе інтэрнэт, увага спецыялістаў накіравана на заахвочванне наведвальнікаў, культурна-асветніцкую дзейнасць. Трэба адзначыць, што бібліятэкі ў некаторай ступені стаяць вышэй за інтэрнэт: нашы крыніцы дакладныя і вывераныя, мы нясём адказнасць за прадастаўленне інфармацыі. Бібліятэка крочыць у нагу з часам: мы ствараем электронныя рэсурсы, прадастаўляем доступ да баз даных. Такая форма ўзаемадзеяння з насельніцтвам будзе жыць, толькі ў якой форме гэта будзе праз некалькі дзесяцігоддзяў — убачаць нашы дзеці.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: У кніжным царстве

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.