Вы тут

Удакладнілі, якія новыя гібрыды і сарты рэкамендуюць айчынныя селекцыянеры агароднікам


У садзе і агародзе цяпер спраў не шмат, але для вопытнага агародніка студзень — час прадумаць «стратэгію» будучых пасадак, выбраць гібрыды і сарты, якія будуць у «пасяўным плане» на вясну, дэталёва вывучыць пытанні агратэхнікі і зрабіць «работу над памылкамі» па выніках мінулага сезона. А самыя прадуманыя і дальнабачныя ўжо без спешкі пачынаюць набываць насенне, каб загадзя падрыхтавацца да «сезона расады». «Звязда» даведалася, над чым сёння працуюць беларускія селекцыянеры і якія навінкі, створаныя з улікам змянення пагодна-кліматычных умоў, яны гатовы парэкамендаваць дачнікам.


Глабальнае пацяпленне сёння не адцягненае навуковае паняцце, далёкае ад паўсядзённага жыцця. Мы адчуваем яго на сабе: немагчыма не заўважаць змен клімату. Асабліва гэта бачна садаводам і агароднікам, бо ўраджай на асабістых градках заўсёды залежыць не толькі ад працавітасці і захаваннасці агратэхнікі, але і ад капрызаў «нябеснай канцылярыі». Навукоўцы кажуць, што ў апошнія гады ў краіне зрушваюцца кліматычныя зоны: напрыклад на поўдні Беларусі зараз новая кліматычная зона, якая па сваіх характарыстыках адпавядае клімату Цэнтральнай Украіны (яна падыходзіць для вырошчвання бахчавых культур). Зрэшты, і на Міншчыне, і на Віцебшчыне агароднікі-садаводы ўсё часцей асвойваюць культуры, якія раней лічыліся для нас занадта цеплалюбівымі, а таксама больш цеплалюбівыя віды і сарты звыклых культур.

— Не толькі такія цеплалюбівыя культуры, як агурок, кабачок, патысон, але нават кавун і дыня сёння з поспехам вырошчваюцца ў адкрытым грунце, — распавядае загадчык сектара гарбузовых культур РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве», кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Анатоль Хлебародаў. — Па дыні селекцыі пакуль не вядзецца, наша лабараторыя займаецца селекцыяй і насенняводствам найбольш запатрабаваных у Беларусі культур. Гэта ў першую чаргу, агуркі, а таксама гарбуз, кабачкі і патысоны.

Агуркі: «Коралловый риф» — ужо ў мінулым

У селекцыі новых гібрыдаў і сартаў агуркоў акцэнт навукоўцы робяць, перш за ўсё, на высокую ўраджайнасць і ўстойлівасць да хвароб.

— Акрамя таго, важны кірунак работы — стварэнне партэнакарпічных гібрыдаў, якія не патрабуюць апылення, — тлумачыць суразмоўца.

Новы гібрыд агуркоў «Духмяны F1» распрацаваны для адкрытага грунту

У дачнікаў і ўладальнікаў прысядзібных участкаў сёння папулярныя якраз гібрыды агуркоў, а не сарты, зазначае Анатоль Хлебародаў.

Як вядома, самастойна атрымаць насенне гібрыдаў агароднік не можа — гэта пад сілу толькі спецыялізаваным гаспадаркам. Перашкаджае такая з’ява, як гетэрозіс — генетычна закладзеная ўспышка ўраджайнасці ў першым пакаленні і нізкая ўраджайнасць у пакаленнях наступных. Для ўласнага насення агародніку патрэбны менавіта сарты. Але ад самастойнага атрымання насення большасць дачнікаў і ўладальнікаў прысядзібных участкаў сёння адмовілася.

— Набыць якаснае, з высокай усходжасцю і гарантаванай ураджайнасцю насенне ў нашы дні не складае ніякай праблемы. Рынак насычаны насенным матэрыялам як айчыннай, так і замежнай селекцыі, — кажа навуковец. — Між тым, ураджайнасць у сартоў заўсёды ніжэйшая, чым у гібрыдаў. І сучасныя дачнікі выбіраюць гібрыды F1 і для цяпліц, і для адкрытага грунту: прасцей кожны год купляць насенне, чым самастойна атрымліваць яго, як гэта рабілася яшчэ гадоў 30 таму.

Пайшлі ў мінулае і тыя сарты і гібрыды, якія калісьці вырошчваліся практычна ў кожным агародзе: «Родничок», «Янус», «Коралловый риф»…

— У першую чаргу таму, што цяпер у сувязі з перападамі тэмператур і змяненнем клімату распаўсюджана такая хвароба агуркоў, як перонаспароз, — тлумачыць Анатоль Хлебародаў. — А ён знішчае пасевы на працягу аднаго тыдня: гінуць цэлыя плантацыі.
Сучасныя сарты і гібрыды ўстойлівыя да перонаспарозу: хваробаўстойлівасць — найважнейшы кірунак, у якім ідзе селекцыя.

— У прыярытэце — устойлівасць да перонаспарозу і мучністай расы, — тлумачыць суразмоўца. — Першая з хвароб паражае пасадкі ў адкрытым грунце, другая найбольшую шкоду прычыняе ў цяпліцах. Таму так важна закласці ў новыя сарты або гібрыды імунітэт да гэтых хвароб. У ранейшыя гады сур’ёзнай праблемай пры вырошчванні агуркоў у Беларусі быў кладаспарыёз, але сёння мы яго практычна перамаглі, стварыўшы ўстойлівыя да яго сарты і гібрыды.

На якія навінкі варта звярнуць увагу, плануючы пасадкі агуркоў увясну?

— У апошнія гады мы стварылі цэлы шэраг гібрыдаў партэнакарпічнага тыпу. 

Я раю звярнуць увагу на «Духмяны» і «Пачастунак». Яны новыя, але ўжо заваявалі народнае прызнанне. Першы гібрыд F1 распрацаваны для адкрытага грунту, другі — для абароненага. Памер зелянца — 8-12 см. 

Плады не ўтрымліваюць кукурбітацын, рэчыва, якое надае горыч. Дарэчы, адсутнасць горычы — яшчэ адзін акцэнт у селекцыйнай працы. Таксама можна звярнуць увагу на гібрыд «Малыш».

Сярод новых распрацовак сектара гарбузовых культур РУП «НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве» — гібрыды і сарты як белашыпага, так і чарнашыпага тыпу. Чарнашыпыя гібрыды і сарты ідэальныя для засолу — мякаць у іх больш шчыльная, а белашыпыя — салатна-марынаднага тыпу.

У сучасных умовах агуркі можна вырошчваць і прамым пасевам, хоць многія дачнікі па-ранейшаму аддаюць перавагу расаднаму метаду, адзначае навуковец.

— Аптымальныя тэрміны пасеву ў адкрыты грунт для гарбузовых культур, уключаючы агурок — пачынаючы з сярэдзіны мая і да канца месяца, — кажа ён. — Калі гаворка аб расадзе, я раіў бы высейваць яе не раней за 1 мая: нават 25 дзён для яе вырошчвання цалкам дастаткова. Не раней за пачатак мая варта высейваць агуркі і ў цяпліцы, а ў ацепленыя парнікі можна сеяць ужо ў сярэдзіне красавіка.

Застаецца дадаць, што продаж насення самых розных культур у Самахвалавічах (дзе размешчаны Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве) вядзецца круглы год, і з пакупкай можна не цягнуць да вясны, калі пачнецца ажыятаж. Бо тэрмін захоўвання насення доўгі, у прыватнасці, гарбузовых культур — 6-8 гадоў.

Гарбуз: прыгледзьцеся да «Дачніцы»

Гарбуз — традыцыйная для Беларусі культура, але да нядаўняга часу ў нас раслі толькі сарты і гібрыды гарбуза цвёрдаскуравага і гарбуза буйнаплоднага. У апошнія гады селекцыянеры працуюць з мускатным гарбузом, самым цеплалюбівым і засухаўстойлівым у сямействе, а таксама з гарбузом алейным голанасенным. Менавіта па апошнім відзе гародніны селекцыйная работа ўяўляецца найбольш перспектыўнай.

— У нас напрацаваны селекцыйны матэрыял алейнага гарбуза, насенне якога не мае абалонкі. З такіх сартоў і гібрыдаў найболей аптымальна атрымліваць гарбузовы алей — найкаштоўнейшы прадукт, які валодае лячэбнымі і дыетычнымі ўласцівасцямі. Новы сорт пакуль не раяніраваны, яго рабочая назва — «Белорусская голосемянная». Працуем у напрамку яго кустовага і пляцістага габітусу, — распавядае Анатоль Хлебародаў.

Мускатны гарбуз каштоўны высокім узроўнем каратыну (па ўтрыманні якога некаторыя сарты і гібрыды пераўзыходзяць нават моркву). Ёсць у селекцыянераў напрацоўкі і па гэтым відзе.

«Белорусская мускатная». Мускатны гарбуз каштоўны высокім утрыманнем каратыну

Вырошчваць гарбуз сёння можна таксама прамым пасевам і расадай. Хоць мускатны — лепш усё ж вырошчваць з дапамогай расады. Важна, каб усходжасць насення была на ўзроўні 90-95%, падкрэсліў суразмоўніца. Пакуль што для вырошчвання мускатнага гарбуза спецыяліст раіць дачнікам выбіраць раяніраваныя ў Беларусі (гэта значыць усебакова выпрабаваныя і рэкамендаваныя ў нашых кліматычных умовах) расійскія сарты — «Аннушка» і «Капелька». Лепшыя на сённяшні дзень айчынныя сарты буйнаплоднага гарбуза: «Залатая карона», «Чырвоная», «Дачніца», цвёрдаскуравага гарбуза — «Дэльта».

Дададзім, што ўраджайнасць сучасных сартоў і гібрыдаў гарбуза — у межах 60-80 тон з гектара. Новыя гібрыды агуркоў беларускай селекцыі таксама даюць у адкрытым грунце 6-8 кілаграмаў з квадратнага метра. У цяпліцы гэты паказчык яшчэ вышэйшы — 10-15 кілаграмаў з м2.

Кабачкі і патысоны: кустовыя і аранжавыя

— Што да кабачка, я раю выбіраць куставыя формы цукіні, — звяртае ўвагу навуковец. — Куставыя кабачкі зараз больш папулярныя за пляцістыя, таму мы займаемся ў асноўным сартамі і гібрыдамі кустовага габітусу.

Кабачок «Ананасны» — ярка-аранжавы, з вельмі далікатнай мякаццю, можа ўжывацца нават у свежыя салаты

На сённяшні дзень раяніраваны тры найбольш сучасныя сарты: «Ананасны» (ярка-аранжавы, з вельмі далікатнай мякаццю), «Альбін» (крэмавы) і «Бонус» (белы). Першы падыходзіць для ўжывання ў ежу, прычым нават без тэрмічнай апрацоўкі — у салаты, два іншых прыдатныя і для гатавання страў, і для кансервацыі. Раяніраваны і два гатункі патысона — «Сонцадар» з аранжавай афарбоўкай плода і «Віраж» — з белай.

Таматы: вазьміце «Лапу»

Без таматаў, салодкага перцу і баклажанаў агарод гэтак жа немагчымы, як без агуркоў, гарбуза і кабачкоў. Асаблівую ўвагу пры селекцыі паслёнавых вучоныя звяртаюць на ўстойлівасць да найбольш шкодных захворванняў, расказаў кандыдат біялагічных навук, загадчык лабараторыі паслёнавых культур РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве» Леанід Мішын.

— Гэта кладаспарыёз, фузарыёз, вірус тытунёвай мазаікі, фітафтароз. Змяненні клімату прыводзяць да змены расавага складу шэрага хвароб, іх шкоднаснасці. І гэта, зразумела, важна ўлічваць. Гібрыды F1 валодаюць цэлым шэрагам пераваг перад сартамі — у тым ліку устойлівасцю да гэтых захворванняў, таму мы арыентуем работу на стварэнне менавіта такіх гібрыдаў у паслёнавых культур.

Увагу дачнікаў і ўладальнікаў прысядзібных участкаў яшчэ летась прыцягнуў новы высокаўраджайны гібрыд F1 «Зубрёнок». Іспыт у Дзяржаўнай інспекцыі па выпрабаванні і ахове сартоў раслін завершаны, і агароднікі асвойваюць яго на сваіх градках.

Увагу дачнікаў і ўладальнікаў прысядзібных участкаў ужо прыцягнуў новы высокаўраджайны гібрыд F1 «Зубрёнок»

— Гэта нізкарослы ранняспелы гібрыд тамата для адкрытага грунту і плёначных цяпліц, — тлумачыць суразмоўнік. — Ураджай ён дае на 4-5 дзён раней за буйнаплодныя аналагі адкрытага грунту. Гібрыд устойлівы да кладаспарыёзу. Плады буйныя, масай 120-180 грамаў, смакавыя якасці ацэнены высока. Падыходзіць і для свежых салат, і для кансервацыі, у тым ліку прыгатавання сокаў і кетчупаў. Ураджайнасць — 45-50 т/га ў адкрытым грунце, 8-10 кг/м2 — у плёнкавай цяпліцы.

З высакарослых сартоў вучоны раіць звярнуць увагу на два гібрыды для плёначных цяпліц, якія былі створаны ў апошнія гады. Сярэдняранні «Лапа F1» дае важкія плады — 200-250 г, а яго ўраджайнасць — 16 кіло з квадратнага метра. Цікава, што «Лапа» пераўзыходзіць сваіх буйнаплодных «братоў» па хуткаспеласці прыкладна на 5 дзён.

«Лежабока F1» — высакарослы, сярэдняспелы гібрыд з высокай ураджайнасцю (14-16 кг/м2). Гэтыя таматы каштоўныя сваёй лёжкасцю — яны захоўваюцца на 30-35 дзён даўжэй за стандарт у іх групе. Гібрыд адрозніваецца устойлівасцю да хвароб.

Перац: «Маг» з... «Кінжалам»

Прыярытэтамі ў селекцыйнай рабоце па салодкім перцы апроч устойлівасці да хвароб Леанід Аляксандравіч называе ранняспеласць, ураджайнасць і высокія смакавыя якасці. Сярод гібрыдаў салодкага перцу для плёначных цяпліц загадчык лабараторыі паслёнавых культур раіць спыніць выбар на дзвюх навінках ад беларускіх селекцыянераў.

Гэта «Маг F1» — ранні, сярэднярослы, з чырвонымі конусападобнымі пладамі, якія спеюць на 3-5 дзён раней за аналагі. Ураджайнасць у цяпліцы 4,5-5,5 кг/м2, гібрыд валодае ўстойлівасцю да шэрай гнілі.

А таксама «Кінжал F1», які атрымаў назву за арыгінальную форму пладоў жоўта-аранжавага колеру. Ураджайнасць у цяпліцы — 5-6 кг/м2.

«Маг F1» — яшчэ адна навінка ад беларускіх селекцыянераў

Ураджай абодвух згаданых вышэй гібрыдаў падыходзіць і для ўжывання ў ежу ў свежым выглядзе, і для прыгатавання самых розных страў. А таксама для кансервацыі і замарозкі.

Баклажан: салодні «Кулон»

Дасягненне беларускіх селекцыянераў — сорт баклажанаў «Кулон» для плёначных цяпліц

Што датычыцца баклажана, тут дасягненнем беларускіх селекцыянераў можна назваць сорт «Кулон» для плёначных цяпліц.

— Сорт сярэдняранні, суквецце — гронка, што забяспечвае добрую завязвальнасць пладоў ва ўмовах перападу тэмператур, — падкрэслівае вучоны. Плады важаць ад 150 да 250 грам, фіялетавыя з зялёнай мякаццю і адрозніваюцца далікатным смакам, у якім цалкам адсутнічае гарката. Калі агратэхніка будзе выкананая, ураджай зможа дасягнуць 6 кілаграмаў з квадратнага метра.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Дарэчы, у суботнім нумары «Звязды» — месяцавы каляндар на 2024 год для садаводаў і агароднікаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.