Вы тут

Адчуць сувязь с прыродай — у тэматычнай выставе «ZOOART»


Анімалістычнае мастацтва нязменна выклікае вялікую цікавасць у гледачоў. У аматараў гэтага жанру яшчэ ёсць магчымасць наведаць праект «ZOOART», які сабраў значную калекцыю анімалістычных твораў у прасторы адной галерэі. 


Жанна Марозава «Маўклівасць»

Выстаўка падрыхтавана куратарамі, членамі секцыі дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў Ганнай Амбросавай і Вольгай Сямашка. Мэта праекта — пазнаёміць з новым бачаннем анімалістычнай тэматыкі ў сучасным беларускім мастацтве, прадставіць творцаў і іх творы, зробленыя ў розных тэхніках і матэрыялах. 

Гэты жанр нагадвае аб сувязі з прыродай. Анімалістыка дае магчымасць творцу паглядзець на прыроду з іншага боку і ў яе адвечным і бясконцым руху знайсці спакой. Чалавек, які доўгі час лічыць сябе вышэйшай істотай на планеце, зноў вяртаецца да вытокаў і захапляецца разнастайнасцю жывёльнага свету. 

Кацярына Свірыд «Каток ды клубок».

Прадстаўлены работы 44 беларускіх творцаў, сярод якіх члены Беларускага саюза мастакоў, а таксама студэнты і выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Тут творы Лявона Трацэўскага, Аляксандра Трускоўскага, Ліліі Нішчык, Максіма Калтыгіна, Валянціны Іваньковай і іншых. 

Галерэя падзелена на пяць тэматычных зон, дзе можна ўбачыць розныя скульптуры жывёл у адпаведнасці з іх асяроддзем. Так, адна зала цалкам прысвечана марской тэматыцы: тут рознакаляровыя выявы рыб, медуз і іншых насельнікаў акіяна, зробленыя пераважна са шкла і каменю. У другой зале — разнастайныя насякомыя і паўзуны, а таксама фантастычныя істоты з дрэва, бронзы, гліны і шамотавай масы. Асобныя залы прысвечаны птушкам, хатнім і дзікім жывёлам з фарфору, шамотавай масы, дрэва... 

Лілія Нішчык «Ігуана».

Праект «ZOOART» уражвае разнастайнасцю форм і дае магчымасць па-новаму зірнуць на навакольны свет. Тое, што ў паўсядзённым жыцці здаецца звычайным, у мастацкай інтэрпрэтацыі набывае каштоўнасць і новы сэнс. 

Максім Калтыгін «Істота 1».

Яўген Адзіночанка «Сустрэча».

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.