Вы тут

Як вырошчваць батат


Батат становіцца больш папулярным з кожным днём. Ён не толькі смачны, але і карысны. Як жа самому выгадаваць гэтае дзіва ў сябе на агародзе? Што трэба ўлічыць, каб потым атрымаць доўгачаканы ўраджай?


Усе ведаюць, што батат родам з трапічных краін. Ён «любіць» цяпло і не пераносіць халады. Возьмем гэтую аксіёму за правіла і пералічым, зыходзячы з гэтага, некаторыя асаблівасці пасадкі і вырошчвання «плода даўгалецця», як называюць яго кітайцы.

Для вырошчвання выбірайце адкрытае, сонечнае месца з урадлівай суглінкавай і супясчанай глебай. Перакапайце яе на глыбіню 15-20 см, але не больш — бо ў глебе разаўюцца занадта тонкія і доўгія карані, а значыць, ураджай будзе на парадак ніжэй.

Падчас перакопкі на 1 квадратны метр спатрэбяцца: кампост (5-6 кг) або гной, які перапрэў (3 кг); сульфат калію (15 г); суперфасфат (20 г).

Многія памыляюцца, калі думаюць, што батат садзяць гэтак жа, як і бульбу. Нягледзячы на тое што батат па сутнасці з’яўляецца «салодкай бульбай», яго клубнямі не садзяць! Гэтая культура мае працяглы перыяд вегетацыі, таму батат папросту не паспее сфарміраваць паўнавартасныя клубні. Яго спосаб пасадкі — расадны.

Падрыхтоўка расады

Набудзьце некалькі клубняў (калі ў вас маленькі ўчастак). Для прарошчвання батат закладваюць у зімовы час (студзень—люты). Для гэтага вазьміце невялікую скрыначку вышынёй 15-20 см. Усталюйце яе на паддон і трымайце на падаконніку. Каб сыходзіла лішняя вільгаць, у дне скрыні добра было б прасвідраваць некалькі адтулін.

Грунт складаецца з адной часткі друзлай глебы, а таксама ўзятых у роўнай колькасці перагною і буйнога пяску. Змяшайце ўсё і запоўніце гэтай сумессю ніз скрыні, зверху насыпце пласт дробнага пяску (прыкладна на 3-5 см).

Карысна перад закладкай на прарошчванне прадэзынфікаваць клубні батата ў слабым растворы меднага купарвасу. Пасля гэтага выкладзіце іх на пясок і лёгенька ўцісніце ў грунт. Зверху прысыпце буйным пяском (на 3 см). Узровень тэмпературы для прарошчвання вагаецца ў межах 18–27 градусаў. Не забывайце пра рэгулярнае паліванне.

Калі ўсё зроблена правільна, то першыя праросткі з`явяцца ўжо праз месяц. Пры дасягненні 4–6 міжвузелляў адлучыце парасткі ад клубня і перасадзіце ў асобную ёмістасць з грунтам. Здымайце парасткі з клубняў 5-6 разоў праз кожныя 10 дзён.

Высадка ў адкрыты грунт

Высаджваць трэба тады, калі глеба добра прагрэецца. На поўдні пасадку батата можна пачынаць ў канцы красавіка, а на поўначы гэты тэрмін можа зацягнуцца і да першай дэкады чэрвеня.

Высаджваць можна пікіраванай расадай або неўкаранёнымі адросткамі з тых раслін, якія развіліся з парасткаў (вы іх аддзялілі ад клубняў раннім здымам). Калі высаджваеце адросткамі, то выдаліце ўсё буйное лісце, пакіньце кароценькія хвосцікі. На пасадачным матэрыяле павінна змяшчацца 4-5 міжвузелляў. Калі вільгаці будзе дастаткова, то адросткі хутка ўкарэняцца, а карэньчыкі разаўюцца на вузлах, якія пагружаныя ў вільготны пласт глебы.

У залежнасці ад асаблівасцяў сорту (кароткапляцістыя і доўгапляцістыя) грады варта рабіць шырынёй 70–120 см, паміж кустамі — ад 30 да 50 см.

Паліў

Батат трэба шчодра паліваць падчас укаранення чаранкоў, а вось у другую палову вегетацыі занадта часта гэта рабіць не варта. Паліў спыняюць за 20 дзён да ўборкі ўраджаю.

Збор ураджаю

Ураджайнасць 1–1,5 кг/м2. Батат варта выкопваць у сухое сонечнае надвор’е ў канцы кастрычніка — толькі так ён захаваецца надоўга (да паўгода). Захоўваць пры тэмпературы 8–12 °С, у сухім памяшканні, якое ветрыцца. Калі выкапаць у дажджлівае, сырое надвор’е або пасля наступлення замаразкаў, то батат хутка сапсуецца. Яго тады пускаюць на перапрацоўку або скормліваюць хатнім жывёлам.

Загаловак у газеце: Вырошчванне батата

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.