Вы тут

Прэзідэнт: Трэба аб’яднаць нашы магчымасці на неабсяжным беларуска-расійскім рынку


Вітаючы Аляксандра Багамаза ў Мінску, Прэзідэнт нагадаў кіраўніку Бранскай вобласці аб кароткай сустрэчы на свяце «Купалле» ў Александрыі, якая адбылася ў ліпені мінулага года. Аляксандр Лукашэнка праінфармаваны аб насычанай праграме візіту дэлегацыі гэтага расійскага рэгіёна ў нашу краіну на гэты раз. Усё, што цікавіць нашых партнёраў, можна ўбачыць і дзесьці, са слоў кіраўніка дзяржавы, нават прарэвізаваць.


Увогуле губернатар Бранскай вобласці — часты госць Беларусі. Рэгулярныя візіты абумоўлены плённым супрацоўніцтвам з нашай краінай, прычым у многіх сферах. Аб гэтым, у прыватнасці, сведчыць насычаная праграма бягучай паездкі: адбылася сустрэча Аляксандра Багамаза са старшынёй Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Іванам Крупко, дэлегацыя Бранскай вобласці наведала ААТ «Рагачоўскі МКК» і Цэнтр алімпійскага рэзерву ў Жлобіне. Пасля перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі ў Палацы Незалежнасці, дзе шырока абмяркоўваліся перспектывы далейшага узаемадзеяння, Аляксандр Багамаз сустрэўся з намеснікам прэм’ер-міністра Леанідам Зайцам, а таксама наведаў унікальныя вытворчасці Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі і адну з найбуйнейшых кандытарскіх фабрык нашай краіны «Камунарка». 

«Сувязі паміж Беларуссю і Браншчынай трывалыя і шматгранныя»

На пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы пажартаваў, што губернатар Бранскай вобласці доўга ехаў у Мінск. «Але добра, што ў Гомелі бываеце часцей, а губернатар (Гомельскай вобласці. — „Зв“.) — у Бранску па суседстве бывае, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Я папрасіў Івана Іванавіча Крупко, каб ён больш шчыльна супрацоўнічаў з Бранскай вобласцю. Нашы людзі. Такія, як і ў Гомельскай вобласці». Прэзідэнт праінфармаваны аб аднаўленні добрых кантактаў паміж абласцямі, а таму ўсяляк будзе іх падтрымліваць.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Браншчына разам са Смаленскай і Пскоўскай абласцямі з’яўляюцца самымі блізкімі рэгіёнамі для Беларусі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як у складаныя часы беларусы дапамагалі суседзям (і не толькі ў Бранскай вобласці) з сельскагаспадарчай тэхнікай. «З савецкіх часоў у нас склаліся цёплыя, сяброўскія, братэрскія адносіны паміж народамі, — падкрэсліў ён. — Дзякуй Богу, што мы не накрэслілі граніцу, праз якую трэба праходзіць і ствараць нязручнасці для нашых людзей, як гэта здарылася з Польшай, краінамі Балтыі і, яшчэ горш, з Украінай».

Па словах Прэзідэнта, даўнія гістарычныя і чалавечыя сувязі паміж Беларуссю і Браншчынай вельмі трывалыя і шматгранныя. «У поўнай меры ўсё гэта датычыцца і іншага нашага бліжэйшага суседа — Чарнігаўскай вобласці Украіны, — дадаў ён. — На граніцы трох рэспублік заўсёды панаваў дух добрасуседства, сяброўства і супрацоўніцтва. Цяпер — усё наадварот. Да глыбокага шкадавання нашага. У гэтай сітуацыі беларусы абсалютна салідарныя з вамі, суперажываюць, гатовы дапамагчы ўсім, чым толькі мы можам». 

«Мільярд — гэта далёка не гранічны паказчык»

У каторы раз беларускі лідар паўтарыў, што аснова асноў для вырашэння цяперашніх і магчымых будучых праблем — гэта эканоміка. Ён нагадаў, што ў 2020 годзе ставілася задача падняць тавараабарот паміж Беларуссю і Бранскай вобласцю да мільярда. «У мінулым годзе мы крыху знізілі (тэмп росту тавараабароту. — „Зв“.) па розных прычынах — дзесьці 800 мільёнаў долараў, крыху больш, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Але ў гэтым годзе мы поўныя рашучасці аднавіць гэтую лічбу. Думаю, нікога не трэба пераконваць, што мільярд — гэта далёка не гранічны паказчык. І галоўны рэзерв — рэалізацыя буйных кааперацыйных прамысловых праектаў. Як гэта работа арганізавана, мы наглядна бачым на прыкладзе работы вашых прадпрыемстваў і нашых „Амкадора“ і „Гомсельмаша“. Мы гатовы і далей развіваць гэты вопыт, уключаючы стварэнне ў Бранскай вобласці іншых прадпрыемстваў па вырабе тэхнікі, матэрыялаў, абсталявання — усяго, што вам спадабаецца, і мы зможам».

Па словах кіраўніка дзяржавы, ёсць чаму адно ў аднаго павучыцца і ў сельскай гаспадарцы. «Тым больш што ў нас падобныя і землі, і кліматычныя ўмовы, — удакладніў Прэзідэнт. — Мы ведаем, што Браншчына лідзіруе па выпуску асобных відаў сельскагаспрадукцыі і ставіць рэкорды па ўраджайнасці бульбы, збожжавых (жыта і трыцікале ў прыватнасці). На добры ўзровень у вас выйшла жывёлагадоўля. Для нас гэта таксама адзін з прыярытэтаў і шырокае поле для сумеснай дзейнасці».

«Мы гатовы ўключацца»

Кажучы аб Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, якую расійская дэлегацыя наведвае падчас свайго візіту ў Беларусь, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта ўнікальны вытворчы вопыт. Ён расказаў, што на прадпрыемстве вырабляюцца добрыя кармы. У перспектыве пачнецца выпуск ветэрынарных прэпаратаў і абсталявання для жывёлагадоўлі.

«Гатовы пашыраць пастаўкі прадуктаў харчавання і іншых тавараў, абсалютна не перашкаджаючы вашым вытворцам і нават не канкурыруючы з вамі, — дадаў Прэзідэнт. — Трэба аб’яднаць нашы магчымасці на неабсяжным беларуска-расійскім рынку». 

На думку беларускага лідара, вялікія перспектывы мае і навуковае супрацоўніцтва ў аграпрамысловай галіне. «Насенняводства, выпрабаванні сартоў раслін, селекцыйная работа — гэта тое, што ўжо робяць нашы навукоўцы ў рамках узаемадзеяння з Бранскай вобласцю, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Хацелася б, каб гэтыя сумесныя праекты павялічваліся, але з гранічнай арыентацыяй на прыктыку. Не толькі на тэорыю, а і на практыку». 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што на Браншчыне добра ведаюць, як працуюць беларускія будаўнікі. Да прыкладу, у мінулым годзе ў Бранску рэалізаваны інвестыцыйны праект па будаўніцтве 16-павярховага жылога дома. «Калі вас задавальняюць нашы будаўнікі, мы будзем з вамі ў гэтым плане і далей супрацоўнічаць, — падкрэсліў беларускі лідар. — Ведаю па перагаворах з Прэзідэнтам Расіі, вялізныя задачы стаяць у будаўніцтве: ад дарог — да культурных, прамысловых аб’ектаў, а перш за ўсё жылля. Мы гатовы ўключацца».

Тым больш, як заўважыў Прэзідэнт, гэта выгадна абодвум бакам. Невыпадкова такі вопыт супрацоўніцтва запатрабаваны і ў іншых рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.

Беларусь гатова прапанаваць свае паслугі і ў капітальным рамонце жылля і будынкаў, будаўніцтве дарог, праектаванні і правядзенні інжынерных пошукаў. Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, у нас ёсць добрыя спецыялісты, высакаякасная тэхніка, абсталяванне для сфер водазабеспячэння, водаачысткі, ацяплення, перапрацоўкі смецця і шмат іншых перспектыўных кірункаў.

«У поўнай меры гэта датычыцца тых праблем, якія падкінуў нам з вамі і Чарнобыль, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Браншчына, як ні адзін рэгіён Расіі, таксама як і Беларусь, пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы. Сёння мы бачым наступствы, асабліва кадравыя. Асабліва вы гэта адчуваеце. Мы займаемся адраджэннем гэтых тэрыторый (вы ведаеце нашы праграмы), стварэннем нармальных умоў для жыцця людзей. Ёсць унікальныя методыкі, распрацоўкі. Калі яны вам цікавыя, мы гатовы супрацоўнічаць».

Рэзюмуючы, Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі бок гатовы выслухаць усе прапановы гасцей Палаца Незалежнасці і пры неабходнасці аператыўна прыняць адпаведныя рашэнні.

У тэму

У размове з журналістамі губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз адзначыў, што ўзаемадзеянне гэтага расійскага рэгіёна з нашай краінай ужо прынесла эфект. У прыватнасці, на Браншчыне паспяхова працуюць беларускія будаўнікі. Па словах губернатара, адначасова на некалькіх пляцоўках будуюцца шматпавярховыя дамы. Узвядзеннем жылля займаюцца спецыялісты з Гомельскай і Магілёўскай абласцей. 

Аляксандр Багамаз звярнуўся да нашага Прэзідэнта з просьбай, каб беларускія будаўнікі ўзводзілі ў гэтым рэгіёне і сацыяльныя аб’екты. «Мы будуем тры школы на 1225 месцаў, дзве школы па 500 месцаў і шмат спартыўных збудаванняў, — канкрэтызаваў ён. — Аб’ём у нас вялікі, сваіх будаўнікоў не хапае, а будаваць трэба».

Губернатар Бранскай вобласці адзначыў, што іх спецыялісты ў галіне сельскай гаспадаркі рэгулярна вучацца ў сваіх калег-беларусаў. «Сёння маем нядрэнныя вынікі на бранскай зямлі, — заўважыў ён. — У нас у краіне мы першыя па ўраджайнасці рапсу, кукурузы і бульбы (вырабляем кожны пяты кілаграм бульбы ў Расіі)». 

Па словах кіраўніка расійскага рэгіёна, у вырошчванні сельскагаспадарчых культур на Браншчыне аддаюць перавагу сартам беларускай селекцыі. Аляксандр Багамаз расказаў, што іх рэгіён таксама зацікаўлены ў развіцці прамысловай кааперацыі з Беларуссю. 
Асаблівы акцэнт падчас сустрэчы з беларускім лідарам быў зроблены на ўзаемадзеянні моладзі. Адным з такіх кансалідуючых мерапрыемстваў, як анансаваў губернатар, стане сумесны чэмпіянат (Бранскай і Гомельскай абласцей) па хакеі.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.