Вы тут

Наша лічбавае асяроддзе. Якія мабільныя дадаткі не перашкодзіць спампаваць на тэлефон


Кажуць, сучасны чалавек «жыве ў сваім смартфоне». 

«Толькі прачнуўся, ужо хапае тэлефон!» — бурчаць бабулі на дзяцей і ўнукаў. Сапраўды, з раніцы перш за ўсё мы цягнемся да гаджэтаў. У прынцыпе, сёння з іх дапамогай можна жыць актыўным жыццём, наогул не выходзячы з дому (і нават не ўстаючы з канапы) — даведвацца аб навінах і мець зносіны, купляць тавары і заказваць паслугі, атрымліваць і траціць грошы, працаваць і адпачываць.

Добра гэта ці дрэнна, няхай разбіраюцца псіхолагі, медыкі, сацыёлагі. Але людзі ад гэтага ўжо не адмовяцца, гэтая сфера будзе толькі развівацца. Бо сапраўды, дадаткі ў нашых смартфонах — зручная прылада. Яны робяць жыццё прасцейшым: эканомяць час, здольныя падлічыць грошы, калорыі, часавыя выдаткі (і яшчэ мноства параметраў, або перавесці адны параметры ў іншыя), пракласці маршрут, дапамагчы ў планаванні, дазваляюць атрымаць неабходную інфармацыю, максімальна спросцяць ці нават зробяць за карыстальніка руцінную працу. Штогод у свеце распрацоўваюцца тысячы такіх мабільных памочнікаў. Новыя дадаткі з’яўляюцца і ў нашай краіне. Аб навінках ад айчынных распрацоўшчыкаў, якімі ўжо можна скарыстацца, расказалі спецыялісты арганізацый Міністэрства сувязі і камунікацый, падводзячы вынікі 2023 года.


«Мой горад»

У гэтым месяцы дадатку «Мой горад» споўнілася тры гады. Ініцыятыва яго стварэння сумесная — РУП «Белтэлекам» і Мінсувязі, а мэта — зрабіць гарадское асяроддзе максімальна даступным для гараджан.

— Для кожнага горада дадатак стварае сваю інфраструктуру, — расказвае начальнік аддзела па арганізацыі продажаў паслуг і рэалізацыі праектаў юрыдычным асобам РУП «Белтэлекам» Наталля Падута. — Жыхары канкрэтнага горада могуць заказваць паслугі праз наш дадатак, глядзець навіны свайго горада. Могуць паведамляць інфармацыю аб узніклай аварыйнай сітуацыі адпаведным службам, а адміністрацыя горада — інфармаваць насельніцтва аб падзеях.

Як гэта працуе? Вы ўсталёўваеце дадатак, выбіраеце горад — і мабільны рэсурс становіцца практычным інструментам узаемадзеяння вас, як мясцовага жыхара, з усімі гарадскімі службамі і сэрвісамі.

— На сёння ў нас у дадатку ўжо 45 гарадоў, — дзеліцца суразмоўніца. — Першым быў Полацк. Мы вырашылі, што людзям сапраўды неабходны такі зручны інструмент для ўзаемадзеяння і камфортных зносін жыхароў і гарадской інфраструктуры. Дапоўніўшы яго інтэрактыўнымі функцыямі, мне здаецца, мы дабіліся жаданага выніку.

Такім чынам, пілотны праект стартаваў у Полацку ў 2021 годзе. Па колькасці запамповак першынство і сёння належыць Полацку (больш за 20 000 карыстальнікаў). Віцебская вобласць у цэлым у лідарах (14 гарадоў уключыліся ў праект, 10 — рыхтуюцца да старту), адзначыла Наталля Падута.

— Як ужо гаварылася, рэсурсам ужо актыўна карыстаецца насельніцтва 45 гарадоў Беларусі, уключаючы два абласныя цэнтры, Магілёў і Віцебск, яшчэ 18 гарадоў рыхтуюцца да запуску. У далейшым мы падцягнем сюды ўсе гарады краіны, — паведамляе спецыяліст «Белтэлекам». — Калі ўсе гарады будуць у гэтым дадатку, ён стане цікавым для ўсіх жыхароў краіны.

Мінск распрацоўшчыкі, праўда, пакінулі на потым.

— Мы пачалі з невялікіх гарадоў. Сталіца распешчана сайтамі-агрэгатарамі, у іншых населеных пунктах доступ да гэтай інфармацыі да нядаўняга часу быў складаны. Наш дадатак дазваляе сабраць разам для канкрэтнага горада менавіта яго арганізацыі і структуры, толькі яго паслугі і магчымасці.

Калі вы мясцовы жыхар, можаце з дапамогай дадатку «Мой горад» узяць талон у паліклініку або запісацца на прыём у медыцынскі цэнтр, выклікаць сантэхніка ці майстра па рамонце бытавой тэхнікі, звярнуцца ў ЖЭС, запісаць дзіця ў гурток, аплаціць анлайн-дастаўку, забраніраваць білет у тэатр або кіно, набыць абанемент у басейн ці фітнес-цэнтр, абраць час у салоне прыгажосці і выканаць яшчэ мноства неабходных спраў. Ну, а калі вы «не мясцовы», а проста вырашылі наведаць нейкі населены пункт?

— У гэтым выпадку выбіраеце ў дадатку контур гэтага горада і можаце замовіць сабе гасцініцу, столік у рэстаране, пракласці маршрут і азнаёміцца са славутасцямі па шляху свайго руху, — распавядае Наталля Падута.

Дадатак дазваляе з дапамогай геалакацыі вызначаць сваё месцазнаходжанне, знаходзіць гасцініцы і аб’екты гандлю па шляху руху, камфортна выбудоўваць і мяняць маршрут. «Мой горад» — дадатак «жывы», пастаянна дапрацоўваецца (на працягу года ў яго ўнесена ўжо каля 60 змен). І якраз цяпер асаблівая ўвага распрацоўшчыкаў накіравана на яго турыстычны складнік. У Беларусі вельмі шмат прыгожых мясцін і неверагодных славутасцяў, пра якія ведаюць толькі «тутэйшыя».

— На агульных сайтах такіх месцаў ніколі не знойдзеш, — тлумачыць суразмоўніца. — А тут у кожным невялікім мястэчку людзі самі размяшчаюць інфармацыю аб падобных неверагодных славутасцях.

У якасці прыкладу можна назваць, скажам, невялікі гарадок Лёзна — не кожны ведае, дзе ён знаходзіцца. Дык вось, аказваецца, у ім і каля яго 83 славутасці!

Такім чынам, дадатак дазваляе турысту паглыбіцца ў атмасферу кожнай мясцовасці, зразумець яе самабытнасць, прасякнуцца, убачыць і даведацца, атрымаць яркія эмоцыі — а ці ж не для гэтага мы і адпраўляемся ў любое вандраванне?

За тры гады дадатак ацанілі карыстальнікі, водгук пазітыўны: больш за 100 тысяч запамповак, больш за мільён праглядаў арганізацый, больш за 80 000 анлайн-заказаў.

— Самымі актыўнымі, акрамя палачан, сталі жыхары Рэчыцы, Бабруйска, Мазыра і Жодзіна, — распавяла спецыяліст. — Сельскую мясцовасць, дарэчы, мы таксама падцягваем: у дадатку прадстаўлены і сельсаветы. Можна задаць пытанні выканаўчай уладзе, размясціць свае прапановы: адміністрацыя іх атрымае і зрэагуе.

Прадстаўніца «Белтэлекам» адзначае, што пры распрацоўцы і дапрацоўках улічваецца зваротная сувязь — ад выканкамаў, арганізацый, жыхароў.

— Калі прыцягвалі ў дадатак арганізацыі (бо ён будзе папулярны і цікавы для карыстальнікаў толькі ў выпадку, калі там будзе прадстаўлена шмат арганізацый), не ўсе юрыдычныя асобы разумелі, чаму гэта ім павінна быць цікава. Хтосьці ўступаў ахвотна, разумеючы, што дадатак — яшчэ адзін канал продажаў. Іншыя, асабліва дзяржструктуры, напачатку казалі: «Навошта нам гэта?» — тыя ж школы, дзіцячыя садкі. Але ж у іх таксама шмат платных паслуг, і карыстальнікам зручна даведвацца пра іх, рабіць заказы, аплачваць гэтыя паслугі праз «Мой горад». Паступова ўключаем усё больш розных арганізацый, і гэта дае свае вынікі.

Дадатак, дарэчы, разлічаны не толькі на маладых людзей, якія прывыклі карыстацца анлайн-сэрвісамі, але і на старэйшую ўзроставую групу. З гэтым улікам складаўся інтуітыўна зразумелы інтэрфейс.

— Уся структура прадстаўлена блокамі, каб любая інфармацыя была максімальна зручнай для знаходжання, — тлумачыць суразмоўніца.

Так што «Мой горад» ацаніла і старэйшае пакаленне (спецыяліст адзначыла, што насельніцтва Беларусі ў цэлым практычна ў любой узроставай групе дастаткова адукаванае ў лічбавым плане). У людзей сталага веку чакана найболей папулярная сфера паслуг і медыцына.

— Мы праводзілі аналіз, і аказалася, што нават заказ талонаў, які звычайна робіцца праз сайты медустаноў, значна прасцей рабіць праз наша дадатак. 40% заказаў талонаў да ўрачоў у 45 гарадах, якія ёсць у дадатку, ужо робяцца праз «Мой горад».

«Хваля»

Спецыялісты БелДІЭ (Дзяржаўнай інспекцыі Рэспублікі Беларусь па электрасувязі) распрацавалі мабільны дадатак «Хваля», які дазваляе кожнаму абаненту самастойна ацаніць якасць паслуг сувязі свайго сотавага аператара ў пункце прыёму сігналу. Навошта, здавалася б, гэта звычайнаму карыстальніку? Ну вось, скажам, банальны паварот, упадабаны кінасцэнарыстамі: трапляеце вы ў дарозе ў нейкую непрадбачаную сітуацыю, а патэлефанаваць ці адправіць паведамленне не можаце — няма сеткі. У Беларусі, дарэчы, такіх участкаў вельмі няшмат, але сваю задачу спецыялісты БелДІЭ бачаць у тым, каб варыянтаў «няма мабільнай сувязі/інтэрнэту, калі едзеш па лесе» ў нашай краіне не было зусім.

— Штодня ў краіне робяцца тысячы вымярэнняў, ацэньваецца якасць галасавых паслуг, перадачы даных, браўзінг і стрымінг, — распавядае начальнік Цэнтра радыёманіторынгу БелДІЭ Сяргей Бароўскі. — І сёння любы абанент можа далучыцца да нашай сістэмы, запампаваўшы мабільны дадатак і правёўшы некалькі тэстаў.

Дастаткова націснуць кнопку «пачаць», і мабільная праграма на вашым тэлефоне выканае вымярэнні хуткасці перадачы, загрузкі і выгрузкі даных, ацэніць затрымкі на канале сувязі ў дадзеным пункце.

— Вашы вынікі вымярэнняў трапяць у нашу сістэму кантролю якасці, дзе спецыялісты ацэняць, ці знаходзіліся вы ў зоне ўпэўненага прыёму. І калі былі праблемы з якасцю, гэтыя звесткі мы перададзім аператару сотавай сувязі. А яго супрацоўнікі, у сваю чаргу, пачнуць работу над паляпшэннем на дадзенай тэрыторыі якасці паслуг.

Праблемы, расказаў спецыяліст, бываюць і на трасах, і ў садаводчых таварыствах. У тым ліку дзякуючы дадатку аператары ў рэжыме рэальнага часу гэтыя праблемы бачаць і прымаюць меры.

— Бывае дастаткова правесці аптымізацыю сеткі, і недахопы ліквідуюцца на працягу лічаных дзён ці тыдняў. Часам патрабуецца будаўніцтва новых базавых станцый, на гэта неабходна больш часу, — тлумачыць суразмоўнік.

Дадатак працуе з красавіка 2023 года. Дзякуючы сістэме «Хваля» выяўлена 14 087 недахопаў, з іх 11 873 месцаў адсутнасці пакрыцця і 2214 асобных месцаў, дзе не выконваюцца патрабаванні па якасці паслуг. Ужо ўхілена 686 недахопаў па пакрыцці і 862 недахопы па якасці.

Калі вы плануеце падарожжа, якасць пакрыцця мабільнай сувяззю і сеткай інтэрнэт па шляху руху можна ацаніць загадзя, дадае спецыяліст. Для гэтага дастаткова пабываць на вэб-партале «Карта. Хваля. бел»: там размешчаны каляровыя інтэрактыўныя карты.

«Мабільны паштальён»

«Белпошта» і ў ХХІ стагоддзі не здае пазіцый.

— Нашы сэрвісы закліканы павысіць узровень жыцця насельніцтва, у тым ліку ў рэгіёнах, дзе «Белпошта» застаецца самай буйной сеткай прысутнасці, — распавядае начальнік цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій РУП «Белпошта» Анатоль Неўмяржыцкі. — Мы развіваем як звыклыя паслугі, так прыўносім і новыя рашэнні.

У дадатку «Мабільны паштальён» прадстаўлены сэрвісы, якія дазваляюць аформіць паштовыя адпраўленні анлайн, тлумачыць спецыяліст. Не трэба чакаць сваёй чаргі ў паштовым аддзяленні і запаўняць бланкі ручкай на вяровачцы, як гэта было яшчэ пару гадоў таму (тым больш нашы сучаснікі ўвогуле не любяць пісаць ад рукі). Вырашыўшы адправіць сябрам або сваякам пасылку, паштоўку да свята, папяровы ліст, наогул любое паштовае адпраўленне, уключаючы дзелавую перапіску, можна аформіць і аплаціць яго літаральна за некалькі хвілін, у прамым сэнсе не ўстаючы з канапы. Дастаткова спампаваць дадатак «Мабільны паштальён». Потым застанецца на хвіліначку заскочыць на пошту і проста аддаць тое, што хочаце адправіць, прад’явіўшы прысвоены дадаткам вашаму адпраўленню штрыхкод. Сістэма аўтаматычна запоўніць усе даныя.

— У нас ужо каля 50 тысяч адпраўленняў у месяц адбываюцца такім спосабам, — кажа суразмоўнік. — За тры месяцы — прырост у тры разы. Мы адсочваем водгукі карыстальнікаў і бачым, што людзям сапраўды зручна.

30 мільёнаў паслуг

А ў цэлым праект «Мабільны паштальён» не пакінуў без увагі інтарэсы і старэйшага пакалення — дазваляе дайсці да кожнага кліента, каб чалавек мог дома атрымаць такія ж паслугі, як у паштовым аддзяленні.

— На базе мабільнага тэрмінала распрацавана спецыялізаваная прылада (сёння іх выкарыстоўваецца ўжо больш за 6000), якая дазваляе аказваць людзям дома літаральна ўвесь спектр паштовых паслуг. Гэта і прыём плацяжоў, і выдача пенсій, і выплата грашовых пераводаў, і магчымасць зняць грошы з карткі. А таксама падпіска на перыядычныя выданні і продаж тавару, — распавядае Анатоль Неўмяржыцкі.

Паштальёны рэгулярна бываюць у кожным без выключэння населеным пункце нашай краіны, нават у самай маленечкай вёсачцы. У тых населеных пунктах, дзе няма іншай інфраструктуры, практычна ўсе функцыі для пажылых выконвае менавіта паштальён. Ды і ў буйных гарадах для пенсіянераў супрацоўнік пошты — часам адзіная сувязь з сусветам.

— Першым нашым крокам былі перасоўныя паштовыя аддзяленні на базе аўтамабіляў — гэта было яшчэ гадоў 10 таму, — кажа суразмоўнік. — Сёння ўжо прыходзім непасрэдна дадому да пажылых людзей.

Пілотны праект такога фармату пошта распачала ў Оршы. Сёння сістэма працуе па ўсёй краіне: такім чынам аказана ўжо больш за 30 мільёнаў паслуг.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.