Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Беларусь і Расія зацікаўлены, каб ЕЭАС пераймала вопыт Саюзнай дзяржавы»


У адзіны дзень галасавання, у размове Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі была закранута тэма развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза. Больш падрабязна перспектывы арганізацыі кіраўнік дзяржавы абмеркаваў з Бакытжанам Сагінтаевым, старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі, падчас сустрэчы ў Палацы Незалежнасці.


Фота БелТА

Калегію Еўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжан Сагінтаеў узначаліў 1 лютага. А да гэтага займаў шэраг важных дзяржаўных пастоў у родным Казахстане. «Вы чалавек вопытны, які прайшоў немалы шлях. Наша арганізацыя — гэта арганізацыя эканамічнага характару. Прынцыповы падыход Казахстана да гэтых пытанняў я вельмі добра ведаю, паколькі з Нурсултанам Абішавічам (першым Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым) быў ля вытокаў стварэння гэтай арганізацыі. Цяперашняе кіраўніцтва Казахстана прыхільна да гэтага курсу — менавіта эканамічнай накіраванасці Еўразійскага эканамічнага саюза. Думаю, што, выкарыстоўваючы ваш вопыт і вашу ранейшую ўцягнутасць у эканамічныя працэсы, нам удасца нямала зрабіць. Галоўнае — вы ініцыіруйце, не маўчыце. Думаю, вы будзеце такім рашучым чалавекам і будзеце заўважаць тое, што, вы бачыце, з’яўляецца перашкодай у развіцці нашага Еўразійскага эканамічнага саюза», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь і Расія зацікаўлены, каб ЕАЭС пераймала вопыт Саюзнай дзяржавы, структуры з глыбокім узроўнем інтэграцыі. Ён заўважыў, што ЕАЭС, СНД і Саюзная дзяржава — гэта розныя фарматы шматузроўневай інтэграцыі. Па яго словах, з пункту гледжання інтэграцыі, на самым нізкім узроўні знаходзіцца СНД. «Мы зацікаўлены, напэўна, і вы, каб СНД арыентавалася на ЕАЭС. А, можа, і на работу ў рамках нашых саюзніцкіх адносін з Расіяй, — заявіў Прэзідэнт. — Але гэта воля кіраўнікоў дзяржаў, урадаў, эліты гэтых дзяржаў. Мы асабліва не настойваем на гэтым працэсе. Але, як варыянт, чаму б не?»

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння існуе шэраг праблем эканамічнага характару, над вырашэннем якіх трэба сур’ёзна працаваць. «Нам бы хацелася, і гэта трэба зрабіць у перыяд вашага старшынства, паколькі сам Казахстан адыгрывае вельмі важную ролю ў саюзе, каб мы прыбралі ўсялякія бар’еры, якія яшчэ, на жаль, існуюць у нас. Нам трэба дамовіцца наконт энергетычных пытанняў, каб былі роўныя магчымасці ў дзяржаў. Трэба адзіныя рынкі газу, нафты. Агульны рынак трэба ствараць. Ад гэтага мы нікуды не ўцячэм. Вы бачыце, як сітуацыя складваецца вакол, і самі абставіны падштурхоўваюць нас да больш цеснага супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза» — сказаў ён. 

Беларускі лідар звярнуў увагу, што ЕАЭС — арганізацыя найперш эканамічная. І гэта аснова ўзаемаадносін паміж дзяржавамі. «Будзе эканоміка — будзе і палітыка, і дыпламатыя, і ваенныя адносіны мы будзем развіваць. Таму трэба ствараць смялей на прынцыпах кааперацыі сумесныя прадпрыемствы, фінансаваць іх. На нас вы заўсёды можаце разлічваць. Таксама шчыра кажаце тое, што мы павінны зрабіць. Калі мы чагосьці зусім не можам зрабіць, мы вам шчыра пра гэта скажам. Але пакуль такіх пытанняў няма, якія мы маглі б абысці і не ўдзельнічаць у развіцці нашага саюза», — падкрэсліў ён. 

Прыезд Бакытжана Сагінтаева ў Беларусь супаў з кульмінацыяй электаральнага працэсу. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы прайшлі спакойна. «Вы ведаеце, што мы пачалі акуратнае абнаўленне палітычнай сістэмы. Мы бачым, што гэта трэба зрабіць. Змяняецца пакаленне палітыкаў. Новыя людзі прыходзяць, моладзь. Таму нам трэба рыхтавацца загадзя эвалюцыйным чынам. У нас пачаўся гэты няпросты працэс», — распавёў ён. Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што сёлетнія выбары асабліва важныя, бо ў адпаведнасці з абноўленай Канстутыцыяй новы склад Палаты прадстаўнікоў і прадстаўнікі мясцовых саветаў дэпутатаў стануць асновай новага канстутыцыйнага органа — Усебеларускага народнага сходу. 

У сваю чаргу Бакытжан Сагінтаеў адзначыў выдатную арганізацыю выбарчай кампаніі. Ён прызнаўся, што быў па-добраму здзіўлены вялікай колькасцю людзей, якія прагаласавалі датэрмінова. Бакытжан Сагінтаеў павіншаваў беларускага лідара з паспяховым правядзеннем электаральнай кампаніі. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.