Вы тут

Настасся Швядко: Калі любіш тое, што робіш, не будзеш адчуваць аніякай стомы


Наша гераіня ўпэўненая: ніколі не трэба адмаўляцца ад сваёй мары. Яна з дзяцінства любіла народную творчасць і ў сям’і дачку падтрымлівалі ва ўсіх яе пачынаннях, прывівалі ёй любоў да роднай культуры, літаратуры і музыкі. Таму ўжо ў два з паловай гады будучая артыстка ўпэўнена чытала вершы і спявала. Сёння арт-дырэктар і салістка ВІА «Грай, музыкі!» Настасся Швядко ганарыцца, што ўсё ж такі не здрадзіла сваёй дзіцячай мары і стала артысткай.


Спявачка згадвае, як аднойчы з бабуляй пайшла на канцэрт у мясцовы Дом культуры, дзе яна, маленькая, упершыню пачула і ўбачыла цымбалы. З таго часу гэты дзіўны інструмент стаў неад’емнай часткай жыцця нашай гераіні. Наста дзеліцца, як адразу ж запісалася на цымбалы. «Прыйшла дамоў да бацькоў і сказала: давайце грошы, я буду музыкантам», — з усмешкай кажа яна.

Акрамя «музыкалкі», з першага класа ў сваёй роднай расонскай школе Наста займалася ў фальклорным танцавальным калектыве «Нежачкі». Як тлумачыць сама дзяўчына, яна заўсёды хацела стаць артысткай, таму ніякіх сумневаў не было, нават калі яе стараліся адгаварыць. Вялікую ролю тут адыгралі выкладчыкі. Яны падтрымлівалі і ведалі, як прывіць любоў да музыкі. «Калі ты бачыш, наколькі справа падабаецца чалавеку, у яго вельмі класна вучыцца. Ён з усёй любоўю перадае табе тое, што дорага яму», — перакананая салістка.

Таленавітая вучаніца іграла ў цымбальным аркестры, саліравала ў дзіцячым хоры «Медуніца», актыўна брала ўдзел у шматлікіх конкурсах цымбалістаў. «У мяне не было сумневаў, што я пайду „па музыцы“, а іншае — хімія, матэматыка — зусім не цікавіла, таму творчасць займала ўвесь мой вольны час», — гаворыць Наста.

Пасля заканчэння музычнай школы паступіла ў Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж па спецыяльнасці «Дырыжыраванне, народны хор». «Я рыхтавалася паступаць на два аддзяленні адразу, — успамінае дзяўчына, — і на цымбалы, і на хор. Не магла выбраць нешта адно — хацела і спяваць, і іграць на цымбалах. Урэшце вырашыла, што два аддзяленні не пацягну, і зразумела, што спяваць мне падабаецца больш. Пасля скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў».

За плячыма артысткі — работа ў фальклорным ансамблі «Грамніцы» і заслужаным калектыве Рэспублікі Беларусь ансамблі песні і танца «Спатканне», з якім звязана шмат цёплых успамінаў. Менавіта ў гэты калектыў яна прыйшла хормайстрам па размеркаванні. «Сказаць, што гэта проста калектыў, я не магу, — прызнаецца Наста. — Гэты калектыў — душа. Па-іншаму і не назавеш.

Аматарскі калектыў адрозніваецца сваёй спецыфікай ад прафесійнага, тлумачыць спявачка і дадае, што яго ўдзельнікаў не прымусіш ніколі штосьці рабіць, пакуль не заспявае душа альбо не зацікавіш.

Менавіта ў «Спатканні» дзяўчына атрымала першы досвед работы з людзьмі. У той час яна была зусім нявопытная, а большасць удзельнікаў значна старэйшая за яе... Маладая хормайстар вучылася знаходзіць агульную мову з усімі, нягледзячы на розніцу ва ўзросце. Дзякуючы дасведчанаму кіраўніку ансамбля і, на той момант, начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага раёна Сяргею Кудзіну Наста вучылася і пераймала вопыт работы ў калектыве. Парады Сяргея Сцяпанавіча дапамагалі маладой спецыялістцы, надавалі аптымізму і ўпэўненасці. На жаль, у 2017-м калектыў завяршыў сваю дзейнасць.

Аднак у 2018 годзе Наста стала салісткай і арт-дырэктарам новага праекта — ВІА «Грай, музыкі!». Па словах артысткі, гэта дзецішча былога калектыву «Спатканне». «Ідэя стварэння гурта належыць нашаму баяністу Раману Атрашкевічу, — расказвае яна. — „Разыначка“ калектыву — дзяўчына-барабаншчыца. Гурт выконвае песні славянскіх народаў, можа ўпрыгожыць любое свята і актыўна прымае запрашэнні».

Прыходзіцца толькі здзіўляцца актыўнасці Насты: яна не толькі спявае ў калектыве, а яшчэ з’яўляецца кампазітарам і ўдзельніцай Народнага клуба паэтаў і кампазітараў «Жывіца», уваходзіць у Міжнародны саюз пісьменнікаў і майстроў мастацтваў.

Паэтычны талент Насты раскрыўся яшчэ ў дзяцінстве і таксама дзякуючы педагогам. «Школьная настаўніца вучыла нас з крэатывам падыходзіць да пэўных момантаў, — успамінае суразмоўніца. — Мы пісалі басні і вершы з першага класа». Сёння маладая артыстка мае ў сваёй творчай скарбонцы зборнік вершаў і песень «Откровения души». Сваім досведам яна дзеліцца ў якасці настаўніка Міжнароднага фестывалю-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў «Берагі дружбы». Галоўнай сваёй місіяй творца лічыць пошук такіх жа маладых і крэатыўных, як і яна сама. Да таго ж конкурс дае магчымасць кожнаму ўдзельніку прафесійна авалодаць сакрэтамі мастацкіх перакладаў, што, на думку Насты, важна для пачаткоўца.

Калектыў, у многім дзякуючы яго актыўнай кіраўніцы, любіць выязджаць на прыроду. Летась, напрыклад, ездзілі ў госці да бацькоў гуртоўцаў. Так склалася, што заснавальнікі калектыву — Наста і Раман — з Віцебскай вобласці. Там усё створана для адпачынку — ёсць лазня і сажалка. Наста падзялілася, што ўмее гатаваць смачную гарбату і любіць пасля лазні частаваць сваіх сяброў-артыстаў. «А калі здараецца прастуда, першае, што я раблю, заварваю збор — шыпшыну, верас, лісце маліны», — расказвае яна.

Дома, на Віцебшчыне, дзяўчына бывае часта. Нават на святы, калі ў артыстаў шмат работы, стараецца прыехаць. Яна ўжо даўно зразумела, што сям’я — на першым месцы. «У нас там, на Поўначы, асабліва прыгожа ўзімку — усё заснежана, лес, чыстае паветра. Ёсць запаведнік — там і алені, і казулі», — расказвае дзяўчына.

А яшчэ для чалавека важна мець сваё месца сілы, лічыць мая гераіня. У яе такое ёсць на малой радзіме — гэта палац пана Глазко. Побач з пабудовай месціцца прыгожае возера, у воднай гладзі якога адбіваюцца зоркі, а зімою, недалёка ад палаца, па бялюткай роўнядзі можна пакатацца на лыжах.

Наста любіць вандроўкі па роднай Беларусі. «Наведайце абавязкова Полацк, Браслаўскія азёры, вёску Мосар у Глыбоцкім раёне і Мёрскія вадаспады», — раіць яна. А калі захочацца адпачыць ад мітусні, Наста запрашае ў вёску Сяляўшчына Расонскага раёна, дзе можна заказаць аграэкасядзібу з альтанкамі і выхадам да возера. Можна прагуляцца і наталіцца прыгажосцю, асабліва калі пачынае вечарэць і з’яўляецца месяц, што глядзіць у азёрнае люстра. «Там так шыкоўна! Сядзіш на мосціку, слухаеш конікаў, дыхаеш свежым паветрам... Увогуле, я люблю адасобіцца, пачытаць кнігу каля фантана ў парку, з’ездзіць на прыроду альбо зайсці ў незнаёмую дагэтуль кавярню», — усміхаецца мая суразмоўніца.

Ёсць яшчэ адно захапленне ў нашай гераіні — гэта танцы, якімі займаецца з дзяцінства. У яе гэта і работа, і хобі. «Мае сяброўкі адкрылі клуб для дзетак, там ёсць група і для дарослых. Мы займаемся жаночай пластыкай. Гэты кірунак дае фізічную нагрузку для здаровага цела, робім расцяжку абавязкова, штосьці з ёгі», — тлумачыць спявачка.

Як кажа Наста, жыццё ў яе — суцэльная творчасць. А калі любіш тое, што робіш, не будзеш адчуваць аніякай стомы.

— А ці ёсць у цябе пэўны жыццёвы дэвіз? — пытаюся.

«Дэвіз кароткі і зразумелы: слухай сваё сэрца. Гэтага я і хацела б пажадаць чытачам — ісці насустрач сваёй мары і быць шчаслівымі ў кожны момант жыцця!»

Надзея ЗУЕВА

Фота дадзены гераіняй

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.