Вы тут

Цукеркі з сухога малака, захаванне гістарычнай памяці і развіццё турызму


Лёзненскі раён знаходзіцца на ўсходзе Віцебскай вобласці на мяжы са Смаленшчынай. На яго тэрыторыі размешчана больш за 100 аб’ектаў, са статусам помнікаў культуры, архітэктуры і гісторыі. Ганарацца жыхары раёна і сваімі мастацкімі каранямі: тут некаторы час жыў і тварыў Марк Шагал, а вёска Бабінавічы была цэнтрам Бабінаўскай керамікі. Якім клопатам лёзненцы жывуць сёння, расказаў старшыня райвыканкама Іван Фёдараў.


— Іван Іванавіч, у рамках інвестыцыйнай праграмы «Адзін раён — адзін праект» на Лёзненшчыне запускаюць вытворчасць цукерак на аснове сухога малака. Наколькі значная эканамічная функцыя?

— Лёзненскі райвыканкам ініцыіраваў разгляд пытання аб рэалізацыі інвестпраекта па стварэнні вытворчасці кандытарскіх вырабаў і паўфабрыкатаў у гарадскім пасёлку на ўзроўні старшыні Віцебскага аблвыканкама, ініцыятыва была падтрымана. Мы правялі перагаворы з генеральным дырэктарам СААТ «Камунарка» Сяргеем Анатольевічам Анюхоўскім, абралі плошчы для запуску вытворчасці — гэта былыя вытворчыя цэхі ААТ «Полацкі малочны камбінат». 26 студзеня бягучага года адбылася рэгістрацыя вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Камунарка-Лёзна» з магутнасцю 360 тон кандытарскіх вырабаў у год.

У эканоміцы раёна рэалізацыя праекта адыгрывае важнае значэнне: гэта прыцягненне інвестыцый у асноўны капітал у суме каля трох мільёнаў рублёў, арганізацыя каля дваццаці працоўных месцаў (што дазволіць працаўладкаваць грамадзян, якія ездзяць у прыгранічныя раёны Расіі), пастаўка прадукцыі на экспарт і ўнутраны рынак, а таксама ўстановам адукацыі Рэспублікі Беларусь для харчавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Сухое малако, з якога будзе выпускацца прадукцыя, каштоўнае для дзяцей, важна, што мы будзем далучаць новае пакаленне да якаснага харчавання. Дзякуючы стварэнню новага падраздзялення ў нашым раёне пашырыцца і асартыментны пералік СААТ «Камунарка».

— У мінулым годзе Лёзна адзначыла 80-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёлета мерапрыемствы, прымеркаваныя да 80-годдзя вызвалення Беларусі, пройдуць па ўсёй краіне. На якім узроўні ў раёне вядзецца патрыятычная работа па захаванні гістарычнай памяці?

— На тэрыторыі раёна знаходзяцца 98 воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр вайны. Летась восем воінскіх пахаванняў было добраўпарадкавана і пастаўлена на дзяржаўны ўлік. На рэалізацыю комплексу мерапрыемстваў дзяржпраграмы «Увекавечанне памяці аб загінулых пры абароне Айчыны» на 2021–2025 гады ў мінулым годзе было накіравана амаль 30 тысяч рублёў. На сямі воінскіх пахаваннях былі ўсталяваны помнікі і мемарыяльныя пліты, на «Адаменскай горцы» зрабілі кветнік з гранітнай крошкі. Сёлета на воінскім пахаванні ў вёсцы Бель з’явіцца помнік і металічная агароджа. Да помніка 99-й цяжкай гаўбічнай артылерыйскай брыгады ў аграгарадку Крынкі, воінскага пахавання ў вёсцы Шніткі, капліцы і памятнага знака малалетнім вязням у Мар’янаве накіроўваюць новыя банеры-ўказальнікі. Алічбавана 15 воінскіх пахаванняў і памятных месцаў.

У 2023 годзе 1362 чалавекі былі ўвекавечаны і занесены ў аўтаматызаваны банк даных «Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь». Па выніках пошукавых палявых работ у чэрвені на воінскім пахаванні ў вёсцы Пагосцішча адбылося перапахаванне астанкаў сямі байцоў, якія былі знойдзены каля вёскі Вялікая Выдрэя 52-м спецыялізаваным пошукавым батальёнам сумесна з пошукавым атрадам «Разведчыкі воінскай славы» з Наваполацка і валанцёрамі з Рэспублікі Комі. 14 верасня 2023 года ў Крынках перапахавалі астанкі 47 мірных жыхароў, якія сталі ахвярамі фашызму. На жаль, іх імёны ўстанавіць не ўдалося. У кастрычніку на воінскіх пахаваннях у вёсцы Чэрніцы і аграгарадка Надзёжына прайшло перапахаванне астанкаў трох байцоў Чырвонай Арміі. У 2024 годзе гэта работа будзе працягвацца, для ўключэння ў план правядзення палявых пошукавых работ накіравана шэсць інфармацыйных лістоў.

Лёзненскі раён стаў першым на Віцебшчыне, які быў вызвалены ад ворагаў войскамі Калінінскага фронту ў ходзе Смаленскай стратэгічнай наступальнай аперацыі 10 кастрычніка 1943 года. Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 80-й гадавіны вызвалення Лёзненшчыны, пачаліся з сустрэчы ўдзельнікаў аўтапрабегу «Сімвал адзінства» на мемарыяльным комплексе «Адаменская горка», дзе прайшоў мітынг і была закладзена Алея Памяці. Больш за дзве тысячы чалавек аб’яднала шэсце пакаленняў у гонар вызвалення. У базавай школе гарадскога пасёлка Лёзна імя І. А. Авекава адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар гэтага Героя Савецкага Саюза. У пасёлку прайшоў Міжнародны маладзёжны форум, падчас якога адразу дзевяць маладзёжных арганізацый раёнаў Віцебшчыны і Расіі падпісалі дакументы аб супрацоўніцтве.

Цяпер праводзіцца актыўная падрыхтоўка да святкавання 80-й гадавіны вызвалення Беларусі.

— Найбольш вядомы брэнд раёна — суніцы і аднайменны фестываль «Песні сунічных бароў». Раскажыце, калі ласка, як развіваўся гэты брэнд і якімі турыстычнымі маршрутамі можна сёння прайсці па Лёзненшчыне?

— Першы фестываль, які прайшоў у 1998 годзе па ініцыятыве кіраўніка аматарскага аб’яднання Дабрамыслянскага Дома культуры Аляксея Агеева, не меў статусу і назвы. Свята збірала мясцовых паэтаў, кампазітараў і выканаўцаў. Пазней з’явілася назва «Песні сунічных бароў», мерапрыемства стала раённым і праходзіла ў сасновым бары, дзе асабліва адчуваецца пах нашых знакамітых суніц. З 2014 года абласное свята-конкурс пераехала з Дабрамысляў у Лёзна, тут усталявалі «Сунічную браму», з якой і пачынаецца мерапрыемства, а пасля з’явіўся памятны знак. Абласное свята ў 2019 годзе вылучалася тым, што ў ім узялі ўдзел творчыя дэлегацыі Жытомірскай вобласці Украіны, Даўгаўпілса, Руднянскага і Веліжскага раёнаў Расіі, Смаленска. Былі падпісаны мемарандумы аб сяброўстве і супрацоўніцтве. Невыпадкова брэндам сталі суніцы, якіх у лясах Лёзненшчыны сапраўды багата. З 2015 года мы заснавалі прэмію райвыканкама «Сунічка» за высокія прафесійныя і творчыя дасягненні. 17 ліпеня 2023 года прайшоў ХІV абласны фестываль самадзейных паэтаў і кампазітараў, у якім паўдзельнічалі прадстаўнікі 15 раёнаў Віцебшчыны і госці з Руднянскага раёна Расійскай Федэрацыі.

Але гэта — не адзіная разынка нашай зямлі. Зараз распрацаваны і прайшлі рэгламент Нацыянальнага агенцтва па турызме Рэспублікі Беларусь турыстычныя маршруты «Ад герояў былых часоў» па памятных месцах гарадскога пасёлка, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной; «Гарадок — як на малюнку» па цэнтральнай частцы Лёзна; «Ціхмянаўская вышыня» з выездам на мемарыял у вёсцы Асіпенкі. Да атэстацыі рыхтуюцца экскурсіі ў старажытны яўрэйскі некропаль, Асташэва — вогненную сястру Хатыні, а таксама маршрут па месцах пахаванняў Герояў Савецкага Саюза, якія загінулі пры вызваленні нашай тэрыторыі.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота Лёзненскага райвыканкама

Загаловак у газеце: Сунічны смак лёзненскай зямлі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.