Вы тут

Кубракоў аб прыярытэтных задачах, якія стаяць перад органамі ўнутраных спраў


Прэс-канферэнцыя напярэдадні прафесійнага свята, Дня беларускай міліцыі, — ужо традыцыйнае мерапрыемства ў працоўным графіку міністра ўнутраных спраў. Гэты год не стаў выключэннем. Падчас сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры кіраўнік міліцэйскага ведамства адказаў на актуальныя пытанні. Аднак папярэдне міністр унутраных спраў выказаў удзячнасць журналістам, якія аператыўна даносяць да грамадства інфармацыю ведамства, у выніку чаго папярэджваецца вялікая колькасць правапарушэнняў.


Фота: БелТА

Скарачэнне ДТЗ са смяротным зыходам і бяспека дзяцей

Кажучы аб першачарговых задачах міліцыі ў кантэксце даручэнняў Прэзідэнта па забеспячэнні бяспекі, Іван Кубракоў падкрэсліў, што самая галоўная задача для органаў унутраных спраў — забяспечыць бяспеку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. «Мы цудоўна бачым тыя выклікі і пагрозы, якія ёсць сёння, асабліва тое, што адбываецца вакол нашых граніц, таму з улікам гэтай сітуацыі мы будуем нашу работу, — адзначыў ён. — Мы бачым тыя праблемы, якія ёсць у грамадстве. Таму працуем на прафілактыку, каб не дапусціць здзяйснення злачынстваў».

І пэўны вынік ужо ёсць. Назіраецца тэндэнцыя змяншэння колькасці грамадзян, якія загінулі і пацярпелі ад злачынных замахаў. Работа па забеспячэнні дарожнай бяспекі, прафілактычныя мерапрыемствы дазволілі скараціць і колькасць людзей, якія загінулі ў дарожна-транспартных здарэннях. Міністр унутраных спраў адзначыў, што ў мінулым годзе знізілася колькасць здзейсненых забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, а таксама разбояў і гвалтаванняў. Па яго словах, усе цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы раскрыты, падазраваныя ўстаноўлены.

Асаблівая ўвага супрацоўнікаў органаў унутраных спраў скіравана на забеспячэнне бяспекі дзяцей. Кіраўнік міліцэйскага ведамства паведаміў, што меры прымаюцца, іх на сённяшні дзень дастаткова. «Але самае галоўнае — якасць і ўзаемадзеянне ўсіх дзяржаўных органаў па забеспячэнні бяспекі дзяцей, работа з сем’ямі, — лічыць ён. — Тут адна міліцыя не зможа нічога зрабіць. Усе павінны працаваць у комплексе: дашкольныя ўстановы, установы адукацыі».

Міністр заўважыў, што, калі будзе своечасовая інфармацыя аб злоўжыванні бацькамі спіртных напояў, аб сямейным гвалце, камісіяй па справах непаўналетніх прымуцца своечасовыя рашэнні. Напрыклад, там, дзе неабходна (а гэта, па словах кіраўніка ведамства, ужо крайняя мера), забраць дзяцей з сям’і для таго, каб гарантаваць іх бяспеку, — у абавязковым парадку трэба гэта рабіць.

Іван Кубракоў звярнуў увагу на тое, што да чужой бяды не павінны быць раўнадушныя і звычайныя грамадзяне. «Мы жывём у грамадстве і бачым, як паводзяць сябе нашы суседзі, бачым, калі жанчына выходзіць з пад’езда заплаканая, — канкрэтызаваў ён. — Чамусьці гэта ж адбываецца. У 2023 годзе, у параўнанні з мінулымі гадамі, больш інфармацыі паступіла менавіта ад грамадзян: пачынаючы ад паркоўкі транспарту і заканчваючы выпадкамі гвалту ў сям’і. Таму гэта залежыць і ад нас з вамі, ад усяго грамадства. Калі мы не будзем абыякавымі да гора, якое адбываецца ў суседзяў, то, вядома, раней зможам спрацаваць і захаваць пэўнае жыццё. Таму самая галоўная задача — скаардынаваць гэтую работу, разам і своечасова рэагаваць. Тады і будзе вынік. Сёння і заканадаўства, і рычагоў прафілактыкі дастаткова для таго, каб навесці ў гэтым плане парадак».

Якасныя кадры і годная змена

Адказваючы на пытанне журналіста аб матэрыяльным забеспячэнні органаў унутраных спраў, Іван Кубракоў акцэнтаваў увагу на тым, што сёння хапае сіл і сродкаў, каб забяспечыць ахову грамадскага парадку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. «Спецыяльных сродкаў таксама дастаткова для таго, каб адрэагаваць у асаблівых умовах, — удакладніў ён. — Мы ўсё робім з разліку горшай сітуацыі, якая можа быць. У тым ліку, вядома, і з улікам вопыту 2020 года. Аналізуем сітуацыю, якая адбываецца за межамі нашай краіны, вывучаем вопыт абсалютна ўсіх краін. З упэўненасцю магу сказаць, што тыя сілы і сродкі, якія ў нас ёсць, дазваляюць забяспечваць ахову грамадскага парадку».

Кажучы аб укамплектаванасці органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў, генерал-лейтэнант міліцыі заявіў, што кадравага голаду няма абсалютна ва ўсіх падраздзяленнях. Цяпер у ведамстве адзначаецца найлепшы вынік па кадравым забеспячэнні за апошнія 13 гадоў. Пры гэтым міністр падкрэсліў, што намаганні тых сіл, якія спрабавалі разгайдаць сітуацыю ў краіне ў 2020 годзе, не спраўдзіліся. Нягледзячы на пэўныя запалохванні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, моладзь з задавальненнем ідзе на службу ў міліцыю.

«З улікам нашай работы з моладдзю, патрыятычнымі клубамі мы бачым, што толькі за 2023 год з заявамі ў органы ўнутраных спраў звярнуліся больш за восем тысяч маладых людзей, — канстатаваў Іван Кубракоў. — Так, 50% мы адмовілі, бо лічым, што якасць павінна быць на самым высокім узроўні. Мы не можам дазволіць, каб у органах унутраных спраў служыў выпадковы чалавек».

Журналісты звярнулі ўвагу на вялікую патрыятычную работу, якая праводзіцца міліцэйскім ведамствам, і ў сувязі з гэтым пацікавіліся, наколькі ў сучасных падлеткаў запатрабаваны ваенна-патрыятычныя клубы, створаныя пры часцях унутраных войскаў. Міністр згадаў, як пачыналася гэтая работа, калі на базе вайсковай часці 3214 быў створаны першы ваенна-патрыятычны клуб, і як па-рознаму адносіліся да патрыятычнай работы ведамства ў грамадстве. Сёння ў міністэрства паступае шмат просьбаў, звязаных з арганізацыяй такіх клубаў на базе воінскай часці, школы і гэтак далей.

Як падкрэсліў Іван Кубракоў, самае галоўнае, што хлопцы і дзяўчаты па ўласным жаданні наведваюць ваенна-патрыятычныя клубы, ім гэта вельмі цікава. Ён паведаміў, што пад патранатам МУС створаны 135 ваенна-патрыятычных клубаў, дзе займаюцца амаль пяць тысяч удзельнікаў. Сярод іх — шмат дзяўчат. «Патрыятычныя клубы адкрываюцца не толькі пры органах унутраных спраў, але і пры воінскіх часцях, МНС і іншых сілавых структурах, — удакладніў міністр. — Гэта наш кадравы рэзерв. Жаданне займацца, служыць ва ўсіх ёсць».

Аб удзеле моладзі ў ахове грамадскага парадку і неабыякавых грамадзянах

Кіраўнік міліцэйскага ведамства адзначыў, што ўсё больш грамадзян выказвае жаданне прыняць удзел у ахове грамадскага парадку. У якасці прыкладу ён прывёў забеспячэнне аховы грамадскага парадку падчас выбарчай кампаніі. «Сумесна з намі службу па ахове грамадскага парадку неслі дружыннікі, — расказаў Іван Кубракоў. — Але самае галоўнае — гэта наша моладзь, маладзёжныя атрады аховы грамадскага парадку». Пры гэтым, па словах генерал-лейтэнанта міліцыі, моладзь з вялікім задавальненнем падключылася да гэтай работы і такіх людзей становіцца ўсё больш.

Расце і колькасць грамадзян, якія паведамляюць аб тым ці іншым правапарушэнні, у міліцыю. Гэта, па словах міністра ўнутраных спраў, у пэўнай ступені сведчыць аб даверы да міліцыі.

Кажучы аб ахове грамадскага парадку на выбарчых участках, Іван Кубракоў адзначыў, што, нягледзячы на дробныя адміністрацыйныя правапарушэнні, ахова грамадскага парадку была забяспечана. «Што датычыцца выбараў кіраўніка дзяржавы ў 2025 годзе, мы пастаянна знаходзімся ў гатоўнасці і ўдасканальваемся, — падкрэсліў ён. — Мы вельмі цесна ўзаемадзейнічаем з нашымі калегамі з іншых краін, пераймаем вопыт, глядзім, як забяспечвалася там ахова грамадскага парадку. І, вядома, мы ўжо рыхтуемся і працуем у гэтым кірунку. Праводзяцца розныя мерапрыемствы, у тым ліку і ў аператыўным плане».

Міністр заўважыў: тое, што выбары дэпутатаў у адзіны дзень галасавання прайшлі вельмі спакойна, не залежала толькі ад прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі на выбарчых участках. «Спрабавалі зладзіць пэўныя правакацыі, у тым ліку і ў інтэрнэце, але мы працавалі на прафілактыку, апярэджанне, — канкрэтызаваў ён. — Менавіта гэта работа ўсяго сілавога блока дала магчымасць забяспечыць ахову грамадскага парадку. І ўсе грамадзяне ўбачылі, што сапраўды спакойна мы прайшлі гэты перыяд і ніякіх пытанняў не было».

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.