Вы тут

З якімі праблемамі найчасцей звяртаюцца ў службы ЖКГ


У топ-3 самых частых зваротаў беларусаў па праблемах жыллёва-камунальнай гаспадаркі з’яўляюцца пытанні рамонту жыллёвага фонду, добраўпарадкавання населеных пунктаў, аказання камунальных паслуг. Сярод зваротаў у службу 115 у Мінску тэма № 1 — прыборка пад’ездаў шматкватэрных дамоў. У лістападзе—снежні — прыборка дваровых тэрыторый ад снегу. Зімой гэта яшчэ і работа сістэм ацяплення, а летам — пытанні водазабеспячэння, у прыватнасці адсутнасць напору ці ўвогуле халоднай вады ў сувязі з разборам на паліў, а таксама пакос травы і прыборка смецця. Пры гэтым у сталіцы застаецца актуальнай праблема няплаты за жыллёва-камунальныя паслугі. Летась амаль 15 тысячам мінчан па гэтай прычыне была адключана электрычнасць і больш за дзвюм тысячам — вада.


Колькасць зваротаў зменшылася

Як праінфармаваў начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян, СМІ Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Юрый Далгашэй, другі год запар у сістэме ЖКГ назіраецца зніжэнне колькасці зваротаў грамадзян. У 2023 годзе ў арганізацыі сістэмы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі іх паступіла 54 302, што на 14% менш, чым летась. Змяншэнне колькасці зваротаў адбылося па ўсіх абласцях і Мінску, за выключэннем Мінскай вобласці. У гэтым рэгіёне колькасць зваротаў наадварот вырасла на 18%.

Самымі праблемнымі з году ў год застаюцца пытанні рамонту, эксплуатацыі і ўтрымання жыллёвага фонду. Яны складаюць каля 37% у агульнай структуры зваротаў, якія паступаюць. Сярод праблем, якія хвалююць грамадзян, пераважная большасць традыцыйна датычыцца рамонту даху, стыкаў і сценавых панэляў, утрыманне і рамонт лоджый і балконаў. Пры гэтым колькасць зваротаў па гэтых пытаннях зменшылася на 24%.

На другім месцы — пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў (25%), і ў параўнанні з 2022 годам летась назіралася іх павелічэнне на 2,7%. Але на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны, адна з іх — перадача на баланс ЖКГ усіх месцаў пахавання ў сельскіх населеных пунктах.

На трэцім месцы — звароты па пытаннях аказання камунальных паслуг, якія займаюць 11,6% ад агульнай колькасці (на 13,7% менш, чым у 2022-м).

— У 2023 годзе востра стаяла пытанне вывазу цвёрдых камунальных адходаў у населеных пунктах Мінскай вобласці. Рост заявак адносна 2022 года склаў 60%. Прычыны гэтага — закрыццё ўсіх палігонаў і павелічэнне маршруту дастаўкі на палігоны ЦКА, — паведаміў Юрый Далгашэй.

Што датычыцца зваротаў у Міністэрства жыллёвакамунальнай гаспадаркі, то летась іх паступіла 3812, што на 6% менш, чым годам раней. Тэматыка такая ж, як і па краіне ў цэлым, акрамя таго, што другое месца займала тлумачэнне жыллёвага заканадаўства. Гэта было абумоўлена прыняццем шэрагу нарматыўных актаў, у прыватнасці Указа Прэзідэнта аб арэндным жыллі для ваеннаслужачых, а таксама падрыхтоўкай і прыняццем у студзені Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях кіравання жыллёвым фондам і яго эксплуатацыі».

Лідар заявак у службу 115 — прыборка пад’ездаў

У службу 115 штогод паступае больш за чатыры мільёны званкоў. Летась іх было каля 4,7 мільёна, з іх больш за два мільёны 
(40%) — кансультацыі.

— Кола праблем у многім залежыць ад рэгіёна і сезоннасці. Напрыклад, у Мінску летась тэма № 1 — гэта прыборка пад’ездаў шматкватэрных жылых дамоў. У лістападзе—снежні ў сувязі з выпадзеннем снегу — прыборка дваровых тэрыторый ад снегу і наледзі, расчыстка праезджай часткі. З наступленнем ацяпляльнага сезона адзначаецца рост званкоў грамадзян у частцы работы і наладжвання сістэмы ацяплення. У летні перыяд актуальныя пытанні водазабеспячэння: слабы напор, адсутнасць халоднага водазабеспячэння ў сувязі з разборам на паліў, а таксама пытанні пакосу травы і прыборкі дваровых тэрыторый ад смецця, — расказаў Юрый Далгашэй.

У топ-10 актуальных пытанняў, якія хвалююць грамадзян, увайшлі пытанні па адсутнасці святла ў кватэры і на лесвічнай клетцы, вулічнага асвятлення, наяўнасць ям і выступаў на праезджай частцы і тратуары.

— Змяншэнне колькасці прэтэнзій сведчыць пра належную работу службы 115, — рэзюмаваў Юрый Далгашэй.

Капітальны і бягучы рамонт: на што спадзявацца?

У сталіцы ў сістэму арганізацый ЖКГ паступіла 15 377 зваротаў грамадзян, што на 23% менш у параўнанні з 2022 годам. Зніжэнне дасягнута па асноўных праблемах: на 39% па капітальным рамонце, на 27% — па бягучым рамонце, на 28% — па добраўпарадкаванні. Колькасць заявак знізілася на 3%.

У структуры зваротаў, якія паступілі, заяўкі па капітальным рамонце складаюць 9%, па бягучым рамонце — 18%, па тэхнічным абслугоўванні — 16%, па пытаннях добраўпарадкавання — 17%.

Што датычыцца капітальнага рамонту, то 51% зваротаў па гэтай праблеме звязаны з якасцю работ згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй. Як нагадаў намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Андрэй Новік, капітальны рамонт выконваецца на падставе перспектыўных праграм і бягучых графікаў (апошнія складаюцца на адзін год). Гэтыя дакументы даступныя ў інтэрнэце. Бягучыя графікі фарміруюцца да 1 лютага, размяшчаюцца на сайтах жыллёвых арганізацый, мясцовых органаў улады, і пазнаёміцца з імі можа любы ахвотны.

— У цяперашні час капітальны рамонт выконваецца па шматкватэрных жылых дамах у адпаведнасці з праграмай да 2025 года. Парадак правядзення капітальнага рамонту дакладна рэгламентаваны нормамі заканадаўства, у яго рамках вядуцца работы па рамонце дахаў, сцен, фасадаў, фундамента, балконаў, казыркоў, выконваецца замена інжынерных сетак шматкватэрнага жылога дома. Апошнія два гады пры правядзенні капітальнага рамонту ў Мінску ўкаранёны комплексны падыход, які азначае, што праводзіцца капітальны рамонт дома, які стаіць асобна, а групы дамоў, размешчаных побач. Гэта адзін будаўнічы гарадок, адна падрадная арганізацыя, праводзяцца работы, пасля гэтага тэрыторыя добраўпарадкуецца. Жыхары не задаюць пытанні, чаму суседні дом адрамантавалі, а мой — не, — адзначыў Андрэй Новік.

Цяпер у Мінску аднаўляюцца дамы 1970–1980 гадоў пабудовы. Сярэдні тэрмін правядзення капітальнага рамонту — 4-6 месяцаў у залежнасці ад агульнай плошчы дома. На сёння ў сталіцы пачаты будаўніча-мантажныя работы па 77 шматкватэрных жылых дамах.

Што да бягучага рамонту, то большасць зваротаў грамадзян летась датычылася рамонту пад’ездаў (33%). Гэта жыллёва-камунальная паслуга, як правіла, выконваецца пасля правядзення капітальнага рамонту, але за кошт сродкаў уласнікаў. Размер платы вылічаецца ад фактычна выкананых работ, вызначаных у адпаведным акце. Крытэрыем правядзення рамонту месцаў агульнага карыстання з’яўляецца іх неналежны тэхнічны стан.

— Бягучы рамонт можа быць як планавы, так і непланавы. Арганізацыі ЖКГ праводзяць агляд жыллёвага фонду, аналізуюць звароты грамадзян, па выніках гэтых мерапрыемстваў фарміруюць планы бягучага рамонту на наступны каляндарны год, якія да 1 лютага размяшчаюцца ў інтэрнэце. За месяц жыльцоў інфармуюць аб варыянтах яго правядзення, за 10 дзён праводзіцца агульны сход, дзе самі жыльцы выбіраюць матэрыялы, колеравую гаму і віды работ, якія будуць выконвацца. 

З гэтай інфармацыяй можна азнаёміцца ў заказчыка правядзення работ на любой стадыі іх правядзення. Безумоўна, маюць месца як недаробкі з боку будаўнічых арганізацый, так і нежаданне ўласнікаў удзельнічаць у сходзе і цікавіцца захаваннем жыллёвага фонду, — патлумачыў Андрэй Новік.

Як дзейнічаць, калі затапілі суседзі?

Лідарам зваротаў, якія датычацца тэхнічнага абслугоўвання, з’яўляецца парадак кампенсацыі пры бытавых заліваннях кватэр. Ад такіх выпадкаў ніхто не застрахаваны, таму трэба памятаць наступнае. У выпадку залівання неабходна адразу звяртацца на нумар 115 ці ў жыллёвую арганізацыю любым даступным спосабам. Эксплуатавальная арганізацыя ці аварыйная служба павінна прыбыць на месца і лакалізаваць цечу. У дзень залівання скласці акт, дзе ўказаць вінаваты і пацярпелы бакі. Пасля высыхання, але не пазней чым праз 20 дзён, складаецца яшчэ адзін — дэфектны — акт, у якім указваюцца аб’ёмы будаўніча-мантажных работ. З гэтымі дакументамі вінаваты і пацярпелы бакі знаёмяцца пад подпіс, і пацярпелы бок сам вызначае варыянт кампенсацыі ўрону.

Як жа папярэдзіць такія сітуацыі?

— Сачыць за спраўнасцю сантэхнічнага абсталявання, адключаць водазабеспячэнне пры працяглым выбыцці і па магчымасці страхаваць сваю маёмасць, — параіў Андрэй Новік.

Што адключаць за нявыплату?

Амаль 17% зваротаў, якія паступілі летась у сталіцы, датычыліся пытанняў дабраўпарадкавання і санітарнага стану жыллёвага фонду. Усе планы па добраўпарадкаванні ў 2023 годзе жыллёвымі арганізацыямі ў Мінску выкананы з перавышэннем паказчыкаў. 

У 2024 годзе таксама запланаваны вялікі аб’ём мерапрыемстваў па ўладкаванні 864 двароў з рамонтам асфальтна-бетонных пакрыццяў, пешаходных дарожак, знадворных лесвіц, апорных сценак, замене дзіцячага гульнявога і спартыўнага абсталявання, устаноўцы і рамонце дзіцячых гульнявых пляцовак.

Акрамя таго, сёлета запланавана выканаць рамонт і ўстаноўку 440 кантэйнерных пляцовак для збору адходаў, у тым ліку 390 — модульнай канструкцыі. Такія канструкцыі (яны вырабляюцца з металапрофілю, лёгкія і прыгожыя, не патрабуюць распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі) устанаўліваюцца ў сталіцы апошнія два гады.

За мінулыя пяць гадоў у Мінску закансервавана амаль чатыры тысячы ствалоў смеццеправодаў. Ёсць план і на бягучы год: плануецца закансерваваць каля 400 адзінак. Аднак гэтыя работы выконваюцца выключна па жаданні і па згодзе большасці жыльцоў.

— Актуальныя пытанні з нагоды аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі. Ёсць нормы заканадаўства, якія рэгулююць, што аплата павінна выконвацца плацельшчыкамі паслуг да 25 чысла месяца, які ідзе за справаздачным. У выпадку непаўнаты аплаты ці нявыплаты пачынаецца комплекс мерапрыемстваў па спагнанні запазычанасці. Па-першае, з першага дня, з 26-га чысла, налічваецца пеня ў памеры 0,3%. Па-другое, гэта тэлефонныя званкі даўжніку, пісьмовыя папярэджанні, вусныя напаміны аплаціць жыллёва-камунальныя паслугі. Пасля атрымання паведамлення пастаўшчыкі паслуг маюць поўнае права спыняць пастаўку жыллёва-камунальных паслуг, — нагадаў Андрэй Новік.

Ён паведаміў, што ў 2023 годзе было спынена электразабеспячэнне ў 14 810 жылых памяшканнях, у 2198 — водазабеспячэнне. Акрамя таго, на маёмасць даўжніка могуць быць накладзены арышт, абмежаванне на выезд з тэрыторыі Беларусі і крайняя мера — высяленне і публічны продаж кватэры з таргоў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.