Вы тут

У Мінску прайшоў сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час»


Традыцыйна напярэдадні Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу прайшоў сімпозіум «Пісьменнік і час». Удзельнікам была прапанавана для абмеркавання тэма «Партнёрства ў імя будучыні». На сустрэчы сваімі думкамі падзяліліся спікеры з Беларусі, Расіі, Ірана, Егіпта і іншых краін.


Сярод тэм, якія абмяркоўваліся падчас сімпозіума, актуальнасць кнігі ў сучасным жыцці, выклікі, што стаяць перад пісьменнікамі, місія, якую павінны выконваць літаратары, і пошук шляхоў у будучыню, у якой кніга павінна быць не менш, а яшчэ больш запатрабаванай, чым сёння.

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў параўнаў пісьменніцкі сімпозіум з мазгавым штурмам, які збірае вельмі эрудзіраваных людзей, з вялікім жыццёвым багажом, крэатыўным мысленнем, шырокімі сувязямі як у сваёй краіне, так і за мяжой. Іх лічаць лідарамі меркаванняў. Творчыя асобы здольныя ацаніць працэсы, якія адбываюцца, і разам выпрацаваць падыходы па вырашэнні пэўных праблем.

Калі раней важна было захаваць класічную літаратуру, якая перадае традыцыйныя каштоўнасці, знайсці падыходы, формы яе падачы, каб яе не выціснула лёгкая, забаўляльная камерцыйная літаратура, то сёння над пісьменнікамі навісае новая пагроза. Штучны інтэлект пачынае пісаць кнігі, якія нават цяжка адрозніць ад аўтарскіх. Прычым магчымасці тут каласальныя, машыне можна задаць любыя ўмовы, напрыклад, каб усе абзацы пачыналіся з аднолькавых літар, каб былі розныя кульмінацыі, канцоўкі. Штучны інтэлект можа нават пры напісанні такіх твораў прааналізаваць вялікі пласт інфармацыі, якая ёсць у вольным доступе. Пісьменнікам і нават пісьменніцкім групам (якія сёння працуюць над адным сюжэтам) не ўгнацца за развіццём сучасных тэхналогій. І менавіта гэтай праблеме ўдзялілі ўвагу многія з удзельнікаў форуму. Варта сказаць, што многія з іх упэўнены, што ўсё ж машына не здольная замяніць сапраўднага творцу.

Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, нягледзячы на тое, што падобныя пытанні толькі пачынаюць уздымацца ў беларускім і расійскім грамадстве, выказаў упэўненасць, што штучны інтэлект ніколі не зможа перадаць усе эмоцыі, адчуванні, парывы сэрца. Толькі кніга яскравага мудрага моцнага чалавека, які ўзяў на сябе працу быць літаратарам, можа стаць той, якую будуць любіць тысячы людзей. Сёння вельмі важна супрацьстаяць тым скажоным каштоўнасцям і мадэлям, калі замест сямейнага ачага, мамы з татам з’яўляецца набор бацькоў пад лічбамі адзін і два, выступаць за духоўную традыцыю, культурную, славянскую, хрысціянскую.

Акрамя таго, штучны інтэлект не можа ўвабраць увесь той жыццёвы вопыт, які назапашаны многімі пакаленнямі, ва ўсялікім разе, для гэтага яму б спатрэбілася адсканаваць усе крыніцы, пачынаючы ад старажытных, да тых кніг, газет і часопісаў, што выдаваліся за апошнія сто гадоў. І хоць штучны інтэлект не страшны як набор электронных праграм, як заўважыў рэктар Санкт-Пецярбургскага гуманітарнага ўніверсітэта прафсаюзаў, прафесар, акадэмік Аляксандр Запясоцкі, галоўная небяспека ў тым, што за ім стаяць людзі: без імён, якія ні перад кім не адказваюць за свае ўчынкі і выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі, каб мільёнам навязваць погляды, мадэлі развіцця.

Уласна, штучны інтэлект, на яго думку, адзін з небяспечных сімптомаў звонку, які звязаны са знікненнем інтэлектуалаў, філосафаў, мысляроў. Страчваючы іх, краіны пазбаўляюцца і лідзіруючых пазіцый, і аўтарытэту ў сусветнай цывілізацыі. Напрыклад, у пачатку ХХ стагоддзя ў Еўропе былі такія пасіянарыі, краіны ўжо дасягнулі пэўнага дабрабыту, калі вялікая колькасць людзей атрымала доступ да медыцыны, адукацыі, культуры. Здавалася, што прыйшоў зручны час, каб будаваць свет з высокай культурай і духоўнымі каштоўнасцямі. Замест гэтага пачала насаджвацца масавая культура, культ матэрыяльнага спажывання, калі нормай стала кожны сезон набываць новую вопратку, каб праз кароткі час яе выкінуць, і рабіць тэхніку, якую трэба абнаўляць кожны год. Што ў выніку вядзе да спусташэння рэсурсаў планеты і дэфармацыі духоўнага свету чалавека. Таму сёння і ўзрастае роля пісьменнікаў, якія павінны абараняць сапраўдныя культурныя каштоўнасці.

Як заўважыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар-дырэктар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч, напэўна, самым важным ганарарам для пісьменніка будзе, калі ён пабачыць, як яго слова адгукнецца ў заўтрашнім дні, калі дзякуючы яму будзе захаваны мір, духоўнасць і мараль.

Сёння аўтары не адмаўляюцца ад таго, каб выразна, часам прамалінейна выказваць сваю ацэнку часу. Яшчэ гадоў 5-8 таму ўзнімаліся пытанні аб тым, што не хапала публіцыстыкі, а сёння на стэндах кніжнай выстаўкі прадстаўлены творы такіх аўтараў, многія з якіх з’яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гэта адказ на тое, што адбываецца ў грамадстве, не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Адна з прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва ўручана Уладзіміру Ліхадзедаву за гісторыка-асветніцкі праект «Бацькаўшчына», серыю аўтарскіх кніг-альбомаў, дзе з дапамогай візуалізацыі, старых паштовак аўтар выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю. Высокая ўзнагарода сведчыць пра тое, што яго працы нададзена публіцыстычная і палітычная ацэнка…

Публіцыст, пісьменнік, журналіст Андрэй Быстрыцкі падзяліўся сваімі поглядамі наконт выклікаў, якія час падкідвае пісьменнікам. Так, штучны інтэлект можа аказацца карысным дзякуючы таму, што пазбавіць людзей ад руціннай работы па кампіляцыі інфармацыі, але для пісьменніка гэта штуршок для выхаду на якасна новы ўзровень, калі патрабуецца большая канцэнтрацыя на творчасці. Яшчэ адна праблема звязаная з сучаснымі тэхналогіямі. Яны паглыбілі нас у бясконцы свет пісьма. Ніколі раней так масава і так многа людзі не пісалі. Часам у сацыяльных сетках можна прачытаць гісторыі, напісаныя звычайнымі людзьмі, часта цудоўныя, з яскравым гумарам. У выніку размываюцца межы паміж пісьменнікамі, журналістамі і тымі, хто імі не з’яўляюцца. А яшчэ мы сутыкнуліся з перавытворчасцю інфармацыі, не толькі дрэннай, але і добрай, што хутчэй раз’ядноўвае людзей, а не наадварот. І тут пісьменнікам трэба задумацца, як можна трансфарміраваць камунікацыю, аднавіць страчаную іерархію і спрыяць рэнесансу прафесійнай літаратуры.

Адна з тэм, якая была ўзнята падчас сімпозіуму, — захаванне гістарычнай праўды, — звязана з 80-годдзем вызвалення Беларусі. Сёння, калі інтэрнэт з’яўляецца адной з галоўных крыніц інфармацыі для маладога пакалення, вядзецца вялікае ўздзеянне на розум і душы, што можа прывесці да фарміравання скажонага ўяўлення пра Вялікую Айчынную вайну, пра Перамогу, і нават тыя злачынствы, што здзяйсняліся на акупаванай захопнікамі тэрыторыі. Сёння вядзецца новы пошук форм работы з хлопцамі і дзяўчатамі. У школьнікаў аказаліся запатрабаванымі добра ілюстраваныя брашуры. Але бадай адной з самых эфектыўных форм з’яўляюцца жывыя сустрэчы, як кажуць, твар у твар. Пісьменнікі ідуць у студэнцкія і вучнёўскія калектывы, распавядаюць чытачам не толькі пра свае творы, але і вядуць шчырыя размовы на розныя тэмы. Як заўважыў Алесь Карлюкевіч, у гэтай рабоце нараджаецца сіла, упэўнасць, што ёсць людзі, каму наша мастацкае слова спатрэбіцца і заўтра. 

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Кацярыны УРБАН

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.