Вы тут

Свет кнігі без ме­жаў. Сёння стартуе ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш


Сёння стартуе ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш — падзея, якую чакаюць пісьменнікі, кнігавыдаўцы, кнігараспаўсюджвальнікі і не менш самі чытачы. Бо штораз на яе пляцоўках, шматлікіх мерапрыемствах можна не толькі даведацца пра апошнія тэндэнцыі кніжнай сферы, але і сустрэцца з любімымі аўтарамі, папоўніць уласную бібліятэку і проста пабыць у коле аднадумцаў, якія раздзяляюць з вамі цікавасць да кнігі.


Пегас і Зубр запрашаюць да мікрафона

Ганаровым госцем выстаўкі сёлета з'яўляецца Расійская Федэрацыя. Такі выбар, можна сказаць, невыпадковы, паколькі 2023 год праходзіць як Год рускай мовы ў краінах СНД. Варта адзначыць, што нашы суседзі плануюць радаваць наведвальнікаў вельмі разнастайнай праграмай. Нас чакаюць прэзентацыі, дыскусіі, віктарыны, майстар-класы, літаратурныя чытанні, творчыя сустрэчы з пісьменнікамі і шмат цікавых мерапрыемстваў, дзе зможам адкрыць для сябе кніжнае слова па-новаму.

Калі гаварыць пра выстаўку-кірмаш глабальна, то ў гэтым годзе яе асноўныя мерапрыемствы прымеркаваныя да Году міру і стваральнай працы, што знайшло свой адбітак і ў яе дэвізе «Свет кнігі без межаў». На Нацыянальным стэндзе можна таксама прасачыць і сучасныя кнігавыдавецкія тэндэнцыі, у тым ліку і што датычыцца Беларусі. Адной з галоўных пляцовак Нацыянальнага стэнду стане імправізаваная студыя, дзе на працягу ўсіх выставачных дзён будуць праводзіцца прэзентацыі новых кніжных праектаў у фармаце інтэрв'ю, дыялогаў, дыскусій з журналістамі вядучых СМІ Рэспублікі Беларусь. А быць у курсе таго, што абмяркоўваецца, цяпер ёсць магчымасць і ў анлайн-фармаце. Трансляцыі мерапрыемстваў можна адсочваць штодня на інтэрнэт-рэсурсах Міністэрства інфармацыі, суарганізатараў і партнёраў з 12.00 да 18.00.

Так, у дзень адкрыцця выстаўкі студыя працуе пры падтрымцы холдынга «Беларусь сегодня» з прамымі ўключэннямі ў радыёэфір (радыёстанцыя «Альфа-радыё»), на відэа-, інтэрнэт-пляцоўках. Другі дзень: прэзентацыі ў інтэрактыўным фармаце будуць забяспечвацца сумесна з Белтэлерадыёкампаніяй, тэлеканалам «Беларусь 3». А вось у трэці дзень у якасці інтэрв'юераў аўтараў кніг і выдаўцоў выступяць прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія з рэальнага вопыту ведаюць пра кнігу, яе стварэнне і прасоўванне больш за іншых. У чацвёрты дзень пляцоўка нацыянальнага стэнда будзе ў распараджэнні ўдзельнікаў маладзёжнага стартапу, беларускіх выдавецтваў і аўтараў.

А вось сярод тэматычных пляцовак нацыянальнага стэнда лёгка сарыентавацца, дзякуючы ўнікальным арт-аб'ектам: Зубру, Пегасу і механічнай энцыклапедыі беларускага кнігавыдання. Усе яны выкананы з выкарыстаннем дэталяў друкарскіх машын і створаны ў рамках праекта «Бацькаўшчына» Уладзіміра Ліхадзедава, які рэалізоўваецца пры падтрымцы Мінінформа. Як адзначаюць арганізатары, каля Зубра плануецца сканцэнтраваць літаратуру па тэме развіцця нашай краіны, яе гісторыі, а вось Пегас збярэ вакол сябе кнігі паэзіі, творчай тэматыкі. Усе падборкі гэтых кніг убачылі свет у беларускіх выдавецтвах і звернуць на сябе ўвагу сваёй унікальнасцю.

Таксама сумесна з Міністэрствам культуры дзяржаўныя тэлеканалы ў дні выстаўкі-кірмашу здзейсняць паказ экранізацый, створаных па матывах папулярных кніг.

Неад'емнай часткай Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу стаў традыцыйны міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». Напярэдадні старту кніжнага форуму 21 сакавіка на базе БДУ пісьменнікі, прадстаўнікі выдавецкіх колаў, творчай інтэлігенцыі, друкаванай індустрыі краін-удзельніц выстаўкі абмеркавалі тэму «Някніжны свет». Падрабязнасці сустрэчы чытайце ў найбліжэйшых выпусках «Звязды».

«Звязда» запрашае

Асобна хочацца спыніцца на праграме таго, што падрыхтаваў для аматараў добрай кнігі «Выдавецкі дом «Звязда». Па ўжо складзенай добрай традыцыі наведвальнікаў чакаюць падбор разнажанравай літаратуры, сустрэчы з любімымі аўтарамі і шмат іншых сюрпрызаў. Напрыклад, 23 сакавіка на галоўнай сцэне Нацыянальнага стэнда чакаюцца прэзентацыі кніг Мікалая Чаргінца «Цяжкія дарогі жыцця», «А ён не вярнуўся з бою», а таксама прадстаўленне выдання «Старажытныя сядзібы Гродзеншчыны». У суботу 25 сакавіка завітвайце на прэзентацыю кнігі «Адзінства непераможнага народа» Уладзіміра Ліхадзедава, а таксама на сустрэчу з аўтарам Ганнай Чыж-Літаш і знаёмства з яе кнігамі «Дары Бога» і «101 спатканне, ці Дзённік вольнай жанчыны». А 24 сакавіка — прэзентацыі кніг Іны Фраловай «Дзе была сарока?», Таццяны Дземідовіч «Мармеладнае лета», Алены Стэльмах «Пашка і сонечны праменьчык». У нядзелю 26 сакавіка адбудуцца прэзентацыі серыі кніг Паўла Гушынца «Казкі для Вяснушкі», Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Зорка нябесная, зорка зямная».

Акрамя гэтага, на стэндзе нашага выдавецтва запланаваны шэраг аўтограф-сесій, дзе можна будзе сустрэцца з любімымі аўтарамі. Вас будуць чакаць Віктар Шніп, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Іна Фралова, Алена Стэльмах, Ірына Карнаухава, Таццяна Дземідовіч, Таццяна Дашкевіч, Анатоль Зэкаў. Таму сачыце за праграмай выстаўкі-кірмашу і заходзьце да нас.

Алена ДРАПКО

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.