Вы тут

Шукаем цікавыя кнігі на Міжнароднай кніжнай выставе


Штогадовая Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш сёлета ўжо 31-я, па-ранейшаму — падзея, якая выклікае цікавасць. Беларуская класіка на стэндах выставы прадстаўлена дастаткова шырока.


У гэтым годзе цэнтральным экспанентам выставы стала Ісламская Рэспубліка Іран

— Вырашыла набыць зборнік Коласа на будучыню, бо ўсё роўна гэта школьная праграма, праз пару гадоў дочкі будуць вывучаць, — кажа наведвальніца выставы. — Сёння многія называюць папяровыя кнігі «пылазборнікамі», прыносяць іх у бібліятэкі або здаюць у макулатуру. А я лічу, што калі добра падабраць хатнюю бібліятэку, кнігі становяцца крыніцай радасці і антыстрэсам. Мне падабаецца перачытваць любімыя творы ў папяровым варыянце. Вядома, можна чытаць і электронныя кнігі, але мне з экрана знаёмы тэкст падаецца «чужым». Дэтэктыў яшчэ можна так пачытаць, а вось «Новая зямля» (я люблю гэты твор) у электронным фармаце чытаецца не так, як у папяровым, — асабіста мне не хапае шолаху старонак.

Электронная VS папяровая

Шмат хто скажа, што ў нашы дні папяровая кніга прайграе электроннай ці аўдыякнізе. І ўсё ж у папяровай па-ранейшаму ёсць прыхільнікі. Здаецца, і насіць яе з сабой цяжка, і спампаваць сёння можна практычна любую кніжную навінку, не ўстаючы з канапы (прычым танней, чым купляць яе ў класічным, папяровым, фармаце), а ўсё ж і ў сучасным свеце нямала тых, хто па-ранейшаму аддае перавагу менавіта такому фармату.

Выстава знаёміць з навінкамі кнігавыдавецтва 20 краін свету

— 25 рублёў за кнігу — шмат? Але людзі па 40 рублёў аддаюць за кілаграм каўбасы. А кніга — гэта сур’ёзная праца. Ні ў адной краіне свету добрая кніга ў нашы дні не каштуе танна, — кажа Наталля Ражко, вядучы спецыяліст аддзела рэалізацыі выдавецтва «Мастацкая літаратура». — Вядома, сёння любую кнігу можна спампаваць у інтэрнэце, прачытаць у электронным фармаце. Але я, напрыклад, ведаю шматлікіх прыхільнікаў папяровай кнігі, бо гэта мастацтва, і яно ніколі не знікне, што б ні казала моладзь. У нейкі момант нават і яна прыходзіць да таго, што бярэ ў рукі папяровую кнігу. Таму што тая дае тактыльнасць, асаблівае ўспрыманне тэксту, магчымасць падыхаць непаўторным кніжным водарам. Праз гэта кніжныя фанаты не знікнуць ніколі. Сёння, вядома, не трэба ўсе кнігі купляць у папяровым варыянце. Але ёсць такія кнігі, якія варта мець дома менавіта ў класічным, папяровым, фармаце, бо гартаць іх проста прыемна і радасна.

Студэнтка-другакурсніца Марына належыць якраз да аматараў папяровай кнігі: кажа, прыйшла на выставу, каб знайсці «што-небудзь пачытаць».

— За дзень стамляешся ад экранаў: тэлефона, ноўтбука, камп’ютара, а папяровая кніга дае вачам адпачыць, — кажа яна. — І яшчэ папяровая кніга для мяне — гэта асаблівая атмасфера з дзяцінства. Рытуал. Заварыць гарбату, захутацца ў коўдру і перад сном пашамацець старонкамі даўно любімай ці новай, захапляльнай кнігі…

Па-ранейшаму найлепшы падарунак

Прадстаўнікі розных выдавецтваў, якія працуюць на стэндах выставы, у большасці сваёй далёкія ад лірыкі, але з Марынай згодныя. Маўляў, філасофстваваць тут няма чаго: на пытанне, ці вымірае «папера», адказваюць лічбы. Спажывецкі попыт у кнігарнях па-ранейшаму высокі, а значыць папяровыя кнігі і ў лічбавую эпоху адчуваюць сябе ўпэўнена.

Кніга з экспазіцыі ўнікальных выданняў з фондаў Пасольства Ірана

Памятаеце савецкі слоган «Кніга — найлепшы падарунак»? Дык вось: так і ў нашы дні, сцвярджаюць выдаўцы. Асабліва ўлічваючы цэны на папяровыя выданні. А яны дастаткова высокія. І калі дзіцячыя кнігі стартуюць ад пяці рублёў, то ў дарослым сегменце за мяккую вокладку вы выкладзеце не менш за 15 рублёў, а выданне ў цвёрдай вокладцы абыдзецца рублёў у 25–30 і вышэй. Ды і дзіцячая літаратура ў большасці сваёй не таннейшая. Кошт на айчынную класіку (на добрай паперы, у цвёрдай вокладцы) таксама пачынаецца ад 20–25 рублёў. Зрэшты, як гавораць наведвальнікі, цэны на выставе ўсё ж ніжэйшыя, чым у кнігарнях.

Прадстаўніца «Мастацкай літаратуры» расказвае, што сярод пакупнікоў папяровых кніг — людзі вельмі розныя.

— Ёсць пастаянныя пакупнікі, якія прыходзяць на выставу штогод і купляюць усе навінкі, якія намецілі сабе за год: на гэтым кірмашы кнігі заўсёды таннейшыя. У нас ёсць цэлы стол, дзе кошт зніжаны на 50%.

Гаворачы аб «кніжных» падарунках, нельга не згадаць фотаальбомы, якіх на выставе сёлета вельмі шмат, прычым як у айчынных, так і ў замежных выдаўцоў. Цэны менавіта на гэтую катэгорыю кніжнай прадукцыі могуць быць дастаткова дэмакратычнымі. Напрыклад, маляўнічы альбом, прысвечаны роду Радзівілаў, выдадзены ў трох частках музеем-запаведнікам «Нясвіж», каштуе да 30 рублёў (кожны том). А фотаальбом пра беларускую прыроду (у розных варыянтах) можна знайсці за 11–19 рублёў. Падарункавы асобнік з ілюстрацыямі «Дзікага палявання караля Стаха» — па выглядзе сапраўдны старадаўні фаліянт — абыдзецца ў 25 рублёў.

Сучасны свет, вядома, патрабуе новых падыходаў і ад выдаўцоў.

Серыя «Традыцыйны светалад беларусаў» створана Інстытутам філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук

— Напрыклад, з навінак для дзяцей у нас — серыя «Пачытайчык»: можна, чытаючы кнігу, спампаваць дадатак на тэлефон і пагуляць, — кажа Наталля Ражко. — Папулярнасцю карыстаецца дзіцячая серыя «100 пытанняў пра Беларусь», таксама з QR-кодамі: дапоўненая рэальнасць ілюструе тэкст.

Ну а самая складаная катэгорыя сучасных чытачоў для любога аўтара і выдаўца — падлеткі, адзначае яна. У гэтай чытацкай катэгорыі бяспройгрышны варыянт (разлічаны, праўда, у першую чаргу на бацькоў: кожнаму ж хочацца, каб спадчыннік рос разумным і адукаваным) — рознага роду адукацыйная літаратура. З таго, што запомнілася, — серыя «Традыцыйны светалад беларусаў», створаная Інстытутам філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук. Пакуль што выйшлі два тамы — «Касмалогія» і «Народная тэалогія», добра ілюстраваныя альбомы, дзе тэкст дублюецца на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. «Гэта свайго роду „папулярная этнаграфія“ — спрадвечная філасофія беларускага народа, выкладзеная проста і даступна для дзяцей і падлеткаў», — тлумачыць прадстаўнік выдавецтва «Беларуская навука» Кацярына Цгоева. Сёлета выйдуць у свет яшчэ два тамы. Каштуюць альбомы 16 рублёў 80 капеек.

І, дарэчы, яшчэ пра сучасныя рэаліі: Інстытут мовазнаўства НАН прадставіў наведвальнікам 31-й выставы-кірмашу самы новы «Слоўнік беларускай мовы».

— Выданне змяшчае 150 тысяч слоў, і гэта самы поўны слоўнік нашай мовы з усіх, якія існуюць, — кажа Кацярына. — У апошнія гады ў паўсядзённы ўжытак прыходзіць шмат новых слоў, напрыклад звязаных з камп’ютарнай сферай, эканомікай, палітыкай, і ўсе яны апісаны ў новым выданні слоўніка.

Міжнародны квартал

Сёлета цэнтральным экспанентам выстаўкі стала Ісламская Рэспубліка Іран. 

У XXXІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе прымаюць удзел выдавецтвы з Расіі, Кітая, Бразіліі, Турцыі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Туркменістана, Кубы, Венесуэлы, Індыі, Сірыі, Егіпта, іншых краін

А ўвогуле ў XXXІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе прымаюць ўдзел два дзясяткі дзяржаў. Сярод іх — выдаўцы з Расіі, Кітая, Бразіліі, Турцыі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Туркменістана, Кубы, Венесуэлы, Індыі, Сірыі, Егіпта. У складзе дэлегацыі Егіпта, дарэчы, вядомая пісьменніца і публіцыст Доха Мустафа Асі, якая ўпершыню прымае ўдзел у Мінскім кніжным форуме.

Ну а самая вялікая экспазіцыя гасцей з далёкага замежжа, як ужо гаварылася, у Ірана.

— Мы прадстаўляем і дзіцячую літаратуру, і філасофскую, і рэлігійную, і мастацкую, — расказвае Ірына, якая працуе на іранскім стэндзе. — Увазе наведвальнікаў прапануем таксама выставу ўнікальных высокамастацкіх выданняў з фондаў пасольства: яны не прадаюцца, але ўбачыць іх варта, таму што кожнае з іх — твор мастацтва. А пачаць знаёмства з іранскай літаратурай беларускаму чытачу я раіла б са зборнікаў Амара Хаяма. Напрыклад, вось гэты невялікі каштуе ўсяго пяць рублёў, ён у перакладзе на беларускую Рыгора Барадуліна і Віктара Шніпа.

Кідаецца ў вочы вялікая колькасць моўных дапаможнікаў, прадстаўленых сёлета на выставе, — яны ёсць практычна на кожным замежным стэндзе. Напрыклад, прапануецца самастойна засвоіць асновы арабскай або кітайскай мовы. Пропісі іерогліфаў для школьнікаў — 12 рублёў, дарослыя пропісі і дапаможнікі па каліграфіі даражэйшыя, кошт залежыць ад паперы і фармату выдання.

Традыцыйна шырока прадстаўлены на Мінскай кніжнай выставе расійскія выдаўцы, у прыватнасці дзіцячая літаратура. Менавіта па кнігі для дзяцей вельмі часта прыходзяць людзі на гэтае мерапрыемства. Сярод навінак выдавецтва «Піцер», напрыклад, «Дзіўная генетыка» для маленькага чытача каштуе 14 рублёў.

Выстава-кірмаш закрыецца вечарам у нядзелю. Яе сямейнае наведванне — нядрэнны варыянт сумеснага адпачынку на бліжэйшыя выхадныя.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.