Вы тут

У Брэсцкай гарадской дзіцячай бібліятэцы рэалізуецца цікавы праект развіццёвага чытання


Так, на заняткі гуртка па развіццёвым чытанні ў бібліятэку прыходзіць... самы сапраўдны сабака. Як высветлілася, чатырохногі сябар можа быць уважлівым і ўдзячным слухачом. А яшчэ ён любіць гуляць з малымі. Яны ж не хаваюць свайго захаплення. Дзеці без боязі падыходзяць, гладзяць, нават абдымаюць сабачку, а галоўнае — усе стараюцца добра чытаць.


Гэты не зусім звычайны праект бібліятэка рэалізоўвае пяты год. Першы такі занятак адбыўся ў 2019-м. Каардынатар праекта, яго аўтар — загадчыца аддзела аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Ірына Клімовіч. Праект для дзіцячай аўдыторыі зладзілі ў дзіцячай бібліятэцы, якая з’яўляецца філіялам гарадской.

Гурток называецца «СоЧитайка». На яго заняткі запісваюцца загадзя. Апошняе асабліва важна для навічкоў, бо бацькі павінны даць пісьмовую згоду і пацвердзіць, што ў дзіцяці няма алергіі на сабак, што малое іх не баіцца. Калі ўсё патрэбнае ёсць, можна прыходзіць на заняткі, якія ладзяцца звычайна раз на месяц. Цяпер нават у вайберы з’явілася група аматараў гуртка, таму яго расклад усе ведаюць загадзя. Гурток наведваюць хлопчыкі і дзяўчынкі з першага да пятага класа. Але гэта не строгія рамкі, за якія нельга выйсці. Напрыклад, на апошнім занятку былі і шасцікласнік Коля, і дзве сястрычкі-двайняткі дашкольніцы.

Ірына Клімовіч расказала, што спачатку, чатыры гады таму, яны звярнуліся да дыпламаванага кінолага, і першымі ўдзельнікамі гуртка былі службовыя сабакі. За гэты час слухачамі юных чытальнікаў станавіліся і джэк-расел-тэр’ер Джэкі, і нямецкая аўчарка Б’ёрн, і ёрк Рыч, і бернскі зененхунд Берта. А вось цяпер апавяданні і казкі слухае зененхунд Фрося.

Загадчыца гарадской дзіцячай бібліятэкі-філіяла № 13 Святлана Івашкова расказала, што ніводная сустрэча аматараў гуртка не бывае падобнай на папярэднюю. Кожны раз выкарыстоўваюцца новыя формы. На занятках бываюць віктарыны і конкурсы, мультфільмы па кнігах і літаратурныя гульні. Выкарыстоўваюцца практыкаваннні для павышэння тэхнікі чытання, якія распрацавалі самі бібліятэкары. І самае галоўнае — дзеці з захапленнем удзельнічаюць у занятках, кантактуюць з чатырохногім сябрам. У апошнім змагла ўпэўніцца і аўтар гэтых радкоў.

Занятак быў прысвечаны творчасці Віталія Біянкі, 130-годдзе якога адзначалі якраз у той дзень. Святлана Іванаўна, як кіраўнік гуртка, запрасіла малых у падарожжа па памяшканні бібліятэкі. Ішлі доўгімі, пакручастымі калідорамі, што надало мерапрыемству загадкавасці. Зайшлі ў цёмны пакой, расселіся на мяккім дыване і ўключылі праектар. На экране з’явілася карцінка і некалькі радкоў з апавядання «Першае паляванне» Біянкі. Хуценька разабраліся з нумарамі, хто за кім чытае, і пачалі.

Хутка прачыталі першае апавяданне, узяліся за гульні. Трэба было шукаць таблічкі з назвамі жывёл, з дапамогай інтэрактыўнай указкі хадзіць па лабірынтах разам з насельнікамі лесу. Самае вялікае захапленне выклікаў удзел у гульнях Фросі. Напрыклад, паказваюцца дзве карцінкі: на адной — воўк, на другой — кракадзіл, задаецца пытанне: «Пра якую з гэтых жывёл мог пісаць наш аўтар?» І што вы думаеце? Зененхунд Фрося выбірае карцінку з ваўком! Потым ён «адгадаў» вавёрку, што стала яшчэ адной нагодай для агульнай радасці.

Шмат чаго было падчас заняткаў. Напрыклад, адгадвалі насельнікаў лесу па гуках. І галоўнае — тут ніхто нікога не прымушае, не робіць заўваг па тэхніцы чытання. Скажам, Ліза, якая прыйшла першы раз, папярэдзіла, што чытаць не будзе, і ёй прапанавалі проста паслухаць. Затое ў іншых конкурсах дзяўчынка ўдзельнічага актыўна.

Святлана Яроміч, мама 9-гадовай удзельніцы гуртка Марыны, сказала, што дачка любіць наведваць гурток, стараецца загадзя падрыхтаваць урокі, каб вызваліць дзень для паходу ў бібліятэку. Святлана заўважыла, што Марына пачала лепш чытаць, з ахвотай бярэ кнігі ў бібліятэцы: «Ды і самі заняткі вельмі пазнавальныя, дзеці атрымліваюць шмат карыснай інфармацыі, а ў гульнявой форме яна лепш засвойваецца. Думаю, агучу меркаванне ўсіх бацькоў, чые дзеці тут займаюцца, калі скажу, што мы вельмі ўдзячныя за гурток «СоЧитайка», — падсумавала мама школьніцы.

Таксама ўдзячныя арганізатары і наведвальнікі Кацярыне Астапчык, гаспадыні Фросі, за тое, што выступае валанцёрам добрай справы і кожны месяц прыязджае з гадаванцам у бібліятэку.

Святлана ЯСКЕВІЧ

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.