Вы тут

Спектакль «YМУT» стаў узрушэннем маладзёжнага тэатральнага форуму М@rt.кантакт


Так супала, што пастаноўка Кыргызскага дзяржаўнага тэатра юнага гледача імя Бакен Кадыкеевай была паказана, калі ў Беларусі адзначалі Дзень памяці ахвяр Хатыні і спаленых вёсак.


Монаспектакль пра жанчыну, якая адправіла на фронт свайго сына і чакае яго вяртання ў выкананні народнай артысткі Кыргызстана Назіры Мамбетавай закрануў самыя патаемныя стрункі душы.

Нягледзячы на тое, што спектакль ішоў на нацыянальнай мове, усё было зразумела без слоў. Вось яна адкрывае куфар і разглядае прыклееныя да яго века фота, прыціскае да грудзей сынаву куртку, высыпае на пясок чукэ — ігральныя косці — нібыта зноў вучыць дзіця ў іх гуляць. А потым ідзе на бераг Ісык-Куля і ўглядваецца ў далечыню. Яна — чакае. Яе гору сугучная самотная мелодыя кыл-кыяка, якая гучыць на другім плане ў выкананні Заліны Касымавай. Мелодыя нібы плач маці, сэрца якой кожную хвіліну баліць за сына. Калі спектакль скончыўся і ў зале ўключылі святло, шмат хто выціраў слёзы. Гісторыя пра бязмежнае гора маці, у якой вайна забрала самае дарагое, што ў яе было — любае дзіця, кранула ўсіх.

Аўтар п’есы, кыргызскі драматург Кайрат Іманаліяў, які раздзяліў з артысткай поспех, прызнаўся, што на напісанне п’есы яго падштурхнула ўсеагульная трагедыя ўсіх маці, якія страчваюць сыноў на войнах. 

— Гэта тэма вельмі блізкая кожнаму чалавеку, — паведаміў ён. — Нашы бабулі да канца жыцця чакалі сваіх сыноў, яны не верылі, што іх дзеці загінулі. Прататып гераіні — жанчына, якая жыла на беразе Ісык-Куля і правяла на вайну двух сыноў. І ўсе 40 гадоў — да канца свайго жыцця — чакала, надзея яе не памірала. Мяне гэта гісторыя вельмі кранула. Мая бабуля таксама чакала сваіх братоў з вайны, спадзявалася, што яны не загінулі і калісьці нагадаюць пра сябе. Я вырас на Ісык-Кулі, у нас салдат праводзілі на беразе возера. Яны адплывалі на параходзе. І жанчыны потым увесь час чакалі там звестак, углядваліся ў далечыню, ці ідзе назад той параход. Войны, трагедыі, рэвалюцыі — гэта заўсёды людскія страты, калі больш за астатніх пакутуюць нашы маці. І гэты спектакль прысвечаны ім.

Павіншаваць калегу з поспехам прыйшоў старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека. У якасці падарунка ён уручыў усім удзельнікам гэтай пастаноўкі кнігу са сваёй паэмай «Марыйка» — пра страшны лёс беларускай вёскі Боркі, якая была спалена падчас вайны разам з жыхарамі. 

На спектаклі прысутнічала высокае кыргызскае прадстаўніцтва — Надзвычайны і Паўнамоцны пасол краіны ў Рэспубліцы Беларусь Эрбол Султанбаяў

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.