Вы тут

Прэзідэнт: У нас з Уладзімірам Пуціным цудоўныя адносіны


Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Паслом Арменіі ў Беларусі

Краіны маюць аднолькавую пазіцыю па ўсіх пытаннях міжнароднай павесткі дня, у нашай дзяржаве цалкам разумеюць тую палітыку, якую праводзіць кіраўніцтва Арменіі. На гэта зрабіў акцэнт беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Арменіі ў нашай краіне Арменам Хачатранам.


Мы не чужыя

Сустрэча адбылася па прычыне завяршэння дыпламатычнай місіі спадара Пасла ў Беларусі — ён працуе ў нас з красавіка 2010 года.

— Чалавек, які верай і праўдай праслужыў адзінству беларускага і армянскага народаў на працягу сямі гадоў, — вы ведаеце, якое да яго можа быць стаўленне ў нас у Беларусі, асабліва ў мяне, — сказаў Прэзідэнт. — Мы заўсёды адчувалі вашу падтрымку... Мы ведалі, што вы — чалавек, які любіць Беларусь.

Абедзве краіны маюць агульнае савецкае мінулае, адпаведна, нас многае звязвае.

— Вы павінны ведаць, што армянскі народ для нас ніколі не быў чужым народам, — запэўніў беларускі лідар. — Мы як дзве дзяржавы займаем абсалютна аднолькавую пазіцыю па ўсіх пытаннях міжнароднага парадку дня. Мы цалкам разумеем тую палітыку, якую праводзяць цяперашняе кіраўніцтва Арменіі і былое кіраўніцтва.

Людзі вартыя жыць годна

Прэзідэнт закрануў тэму Нагорнага Карабаха:

— Ёсць вострыя пытанні — у армян, у беларусаў. Дапусцім, Нагорны Карабах. Прама вам скажу, гэта не наша пытанне, гэта не маё пытанне. Нам там рабіць няма чаго. Ёсць бакі канфліктуючыя, якія павінны ў гэтым разабрацца. Але, калі ў мяне Прэзідэнт Арменіі або ў Арменіі пытаюць пра гэта, або ў Азербайджане — Прэзідэнт Азербайджана або азербайджанцы пра гэта пытаюць, — мая пазіцыя, дзе б я ні быў, адна. Людзі вартыя жыць годна. Далей я кажу — не веру, што сёння ў Нагорным Карабаху, у гэтым анклаве, людзі жывуць добра і годна. Якое гэта годна, калі ты кожны дзень адчуваеш, што табе на галаву нешта можа зваліцца і ў цябе жыццё можа скончыцца?

Таму, падкрэсліў Прэзідэнт, наша пазіцыя — адназначная.

— Арменія і Азербайджан без усялякіх пасрэднікаў (вось гэта маё асабістае меркаванне — не трэба гэтых пасрэднікаў — ні моцных, ні слабых) павінны сесці за стол і вырашыць праблему. Разумееце, яны павінны вырашыць праблему. Калі яны захочуць нейкага ў гаранты ўзяць, яны ўдваіх няхай вызначацца. Сёння ёсць такі момант, каб вырашыць гэтае пытанне. Але галоўнае — гэта людзі. Нельга ў палітыку разыгрываць гэту карту, калі гінуць людзі і гаруюць людзі. Гэта наша непахісная пазіцыя па ўсіх канфліктных кропках у свеце. Ці то Украіна, ці то Нагорны Карабах, Прыднястроўе і гэтак далей. Трэба, каб людзям было добра. Што добрага, калі там недзе ва Украіне то з аднаго боку, то з іншага пачынаюць бамбіць, і гінуць людзі? Пра што тут можна казаць? Хачу, каб вы, як наш блізкі сябра, ведалі маю пазіцыю. Але — гэта калі ў мяне пытаюць. Калі не пытаюць — гэта не мая справа.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся: ён не любіць пасрэднікаў.

— Я ненавіджу пасрэднікаў, ненавіджу міратворцаў, таму што яны вакол Беларусі, колькі я Прэзідэнтам, столькі і ходзяць. То міратворцы, то пасрэднікі, то з Еўрасаюзам, то яшчэ з некім... Ды мы і без пасрэднікаў разбяромся — з Еўрасаюзам, з іншымі дзяржавамі і гэтак далей. Сёння ўжо пра Расію кажуць, што пасрэднікі там неабходны паміж Пуціным і Лукашэнкам. Супакойцеся! У нас з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным цудоўныя адносіны. Цудоўныя. Падбяром час, сустрэнемся, калі ёсць некаторыя праблемы, мы іх вырашым. Без пасрэднікаў мы вырашым удваіх, і нам не патрэбна ніякае пасрэдніцтва. Мы родныя браты, нам дзяліць няма чаго. Я яму неяк публічна сказаў — можа быць, будзе яшчэ час, калі прыйдзецца спінай да спіны стаць і адстрэльвацца, як у ваенных людзей кажуць.

З хворай галавы на здаровую

Прэзідэнт выказаўся і наконт пытання, якое ўзнікла некалькі месяцаў таму і якому надалі вельмі шмат увагі сродкі масавай інфармацыі постсавецкай прасторы. Гэта арышт і экстрадыцыя блогера Аляксандра Лапшына, затрыманага ў Мінску ў снежні мінулага года па запыце Азербайджана:

— Памятаеце, Лапшын? Слухайце, пры чым тут Арменія? Ды Арменія мне пра Лапшына ніколі нічога не казала. Ён быў аб'яўлены ў вышук адной краінай — Азербайджанам. Калі яго тут затрымалі, я думаю: ну навошта яго тут затрымалі? Няхай бы ён ехаў куды заўгодна. Вось на сваю галаву праблемы, я шчыра кажу. Але затрымалі. Інтэрпол ведаў. Мы паведамілі як належыць, як законапаслухмяныя. Каму мы павінны былі яго перадаць? Таму, хто аб'явіў яго ў вышук. Больш за тое. Гэта я першы раз вось вам скажу і публічна — а яго і не хацеў ніхто забіраць. Гэта пасля ўжо пачалі разыгрываць гэту карту. Ён грамадзянін трох краін, ні адна з краін на яго не прэтэндавала. Не трэба! З хворай галавы на здаровую перакінуць — і ўсё. Таму ў любым пытанні ёсць пэўныя падтэксты, і гэтае пытанне будуць скланяць так, як некаму гэта выгадна.

Нагадаем, у Азербайджане Аляксандр Лапшын абвінавачваецца па артыкуле 281.2 (публічныя заклікі, накіраваныя супраць дзяржавы) і артыкуле 318.2 (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы) Крымінальнага кодэкса. У красавіку 2011 года і кастрычніку 2012 года Лапшын ездзіў у Нагорны Карабах, большую частку гэтай тэрыторыі кантралюе непрызнаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка. У той жа час Азербайджан па-ранейшаму лічыць Карабах сваёй тэрыторыяй, часова акупаванай войскамі Арменіі. Таму, каб легальна патрапіць у Карабах, трэба атрымаць афіцыйны дазвол азербайджанскіх улад. Лапшын гэтага не зрабіў, тым самым ён парушыў закон Азербайджана аб дзяржаўнай мяжы.

— Таму вы павінны ведаць самае галоўнае: што мы былі блізкімі народамі, мы такімі і застанёмся. Да Азербайджана Арменія адносіцца па-рознаму. Але гэта таксама наш блізкі народ, дзяржава, з якой мы былі ў адной краіне. Чаму мы павінны з Азербайджанам або з Арменіяй сварыцца? Можа мы Арменіі і Азербайджану некалі спатрэбімся? Не пасрэднікамі. Вось калі-небудзь спатрэбімся. Таму навошта мне лезці далёка туды, куды мяне не просяць? Гэта такая народная пазіцыя, сыходзячы з мудрасці беларускага народа, сыходзячы з мудрасці армянскага, — сказаў Прэзідэнт.

Армен Хачатран падзякаваў беларускаму лідару. Па словах дыпламата, нават складана перадаць удзячнасць за гады, якія ён працаваў у Беларусі. Ён прызнаўся, што Беларусь — найцудоўнейшая краіна, дзе жыве найцудоўнейшы народ.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Блізкія народы застануцца блізкімі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.