Вы тут

Ад чаго пакутуюць беларускія балоты


Беларусь ужо шмат гадоў трымае планку адной з найбагацейшых краін Еўропы на рэсурсы водна-балотных угоддзяў. Нягледзячы на маштабную асушальную меліярацыю ў другой палове ХХ ст., у нашай краіне ўдалося захаваць у натуральным стане 863 тыс. га балот (агульная плошча тарфянікаў складае 2,39 млн га). Беларускія адкрытыя нізінныя балоты і моцна абводненыя поймы раўнінных рэк — найбуйнейшыя ў Еўропе. Яны ж з'яўляюцца важным рэгіёнам для захавання рэдкіх відаў жывёл і раслін.


Сёння для захавання і аднаўлення водна-балотных угоддзяў краіны працуюць вучоныя, спецыялісты прыродаахоўнай галіны, а таксама міжнародныя партнёры.

— Наша краіна далучылася да Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне галоўным чынам у якасці месца пражывання вадаплаўных птушак, — Рамсарскай канвенцыі, у 1999 годзе. За гэты час 26 водна-балотных угоддзяў Беларусі (іх агульная плошча — 778,9 тыс. га) былі ўключаны ў спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння, — расказаў начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Свідзінскі. — Сёння большая частка рамсарскіх угоддзяў аб'яўлена асабліва ахоўнымі прыроднымі тэрыторыямі ці з'яўляецца прыроднымі тэрыторыямі, якія падлягаюць спецыяльнай ахове і на якіх устаноўлены рэжымы аховы і выкарыстання.

Сёлета пачнецца распрацоўка праекта закона «Аб ахове і выкарыстанні балот (тарфянікаў)», а ў 2019 годзе плануецца атрымаць закончаны нарматыўны дакумент.

Загадчык сектара міжнароднага супрацоўніцтва і суправаджэння прыродаахоўных канвенцый НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Аляксандр Казулін адзначыў, што розныя нормы, якія датычацца балот, прапісаныя ў розных заканадаўчых актах, трэба аб'яднаць у адзін дакумент і выключыць супярэчнасці, што сустракаюцца. «Магчыма, гэта першы закон аб балотах у свеце», — заўважыў вучоны.

Па словах Аляксандра Казуліна, за апошнія гады спецыялісты падышлі да вырашэння праблемы зарастання нізінных балот трыснягом і хмызнякамі. Была распрацавана тэхналогія ўстойлівага выкарыстання біямасы на нізінных балотах, у межах міжнародных праектаў закуплена спецыялізаваная тэхніка. Добрыя вынікі рэалізаваных праектаў даюць падставу больш шырока прымяняць распрацаваныя тэхналогіі. Усё гэта, спадзяецца вучоны, дапаможа захаваць унікальныя нізінныя балоты Палесся, а разам з імі і рэдкія водна-балотныя віды жывёл і раслін.

Наступныя па чарзе — пойменныя лугі, якія таксама актыўна зарастаюць хмызнякамі. Асабліва пакутуе ад гэтага пойма Прыпяці. Некалі самыя прадуктыўныя лугі і самая рыбная рака Еўропы сёння здаюць свае пазіцыі. Шматгадовая расліннасць назапашваецца ў рацэ, што пагаршае ўмовы для нерасту рыбы, змяншаецца колькасць насякомых і вадаплаўных птушак.

НПЦ па біярэсурсах пры падтрымцы ПРААН/ГЭФ плануе ажыццявіць пілотны праект сумесна з ААТ «Тураўшчына» па ўзнаўленні пойменных лугоў каля вёскі Пагост і Тураўскага луга (Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці). Там плануецца разводзіць мясную жывёлу, выпас якой на гэтых тэрыторыях (вызваленых ад кустоўя) будзе праходзіць па спецыяльным графіку.

— Мы хочам паказаць, як гэтыя тэрыторыі можна ўстойліва выкарыстоўваць, — падкрэсліў вучоны.

Пакуль нявырашанай застаецца праблема дэградацыі азёрных экасістэм. Многія беларускія вадаёмы сёння зарастаюць расліннасцю, пагаршаецца кармавая база для рыб, парушаецца відавы склад іхтыяфаўны.

Па словах Аляксандра Казуліна, адна з прычын гэтай сітуацыі — засілле ў беларускіх вадаёмах такіх рыб, як лешч і карп (апошні трапляе ў азёры праз зарыбленне). Гэтыя рыбы выядаюць увесь корм і запускаюць незваротныя працэсы забалочвання.

Каб вырашыць гэтыя праблемы, у НАН Беларусі плануюць пры падтрымцы Глабальнага экалагічнага фонду распрацаваць і выпрабаваць на некалькіх азёрах тэхналогіі іх выратавання.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Багна праблем

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.