Вы тут

«Пакуль ёсць магчымасць здаваць малако, будзем трымаць кароў»


Жыхары Канюхоўскага сельсавета, што ў Бераставіцкім раёне, — у ліку актыўных здатчыкаў малака. У дзень яго паступае адсюль на прыёмны пункт амаль тона. У каго па некалькі кароў, здаюць па 600—700 літраў у месяц. Кароўка-карміліца дазваляе значна палепшыць фінансавы стан вяскоўца, па сутнасці, дапамагае свайму гаспадару зарабіць яшчэ адну вясковую зарплату.


Мес­ца збо­ру ма­ла­ка ў вёс­цы.

Але каб селяніну выйсці на прыбытак, патрэбны дзве важныя ўмовы. Па-першае, танная кармавая база, а, па-другое — магчымасць здаць малако на месцы. У Канюхоўскім сельсавеце гэтыя ўмовы поўнасцю выконваюцца, таму тут і здатчыкаў малака больш. Гэта адзіны сельсавет раёна, дзе колькасць малочнага статка ў насельніцтва дасягае 80 галоў. Для параўнання, у Пагранічным сельсавеце — 10, у Бераставіцкім — наогул адзінкі. Пры такіх аб'емах закуп малака на тэрыторыі згаданых сельсаветаў не вядзецца.

Разам са старшынёй Канюхоўскага сельскага Савета дэпутатаў Віталем Рудкіным наведваем вёскі, дзе трымаюць кароў. Дарэчы, з 29 населеных пунктаў малочны статак маюць 11.

— У кожнай вёсцы ёсць пашы для жывёлы. Тэрыторыя абкошваецца альбо сіламі гаспадаркі, альбо самімі вяскоўцамі, — адзначае Віталь Мікалаевіч.

У вёсцы Глебавічы накіроўваемся да сядзібы Сцяпана Саўко. У гаспадара-пенсіянера тры каровы, ён лічыцца адным з найлепшых здатчыкаў — у красавіку здаў каля 600 літраў малака. Кожны дзень разам з жонкай атрымліваюць па 70 літраў, з якіх 60 ідзе на прыёмны пункт. Магчымасць здаваць малако — галоўная ўмова ўтрымання прыватнага статка. Вядома ж, невялікая частка ідзе і на ўласныя патрэбы — на выраб тварагу ці нават масла, але для гэтага дастаткова і адной каровы, кажа Сцяпан Іосіфавіч. Пакуль ёсць магчымасць здаць малако, можна трымаць і некалькі жывёл. У рэшце рэшт карову ўдалося набыць праз інтэрнэт за 1 тыс. долараў. Як аказалася, мера гэта часовая, бо гаспадарка зараз займаецца пашырэннем і аднаўленнем статка. Праўда, нядаўна гаспадар сутыкнуўся з праблемай: ва ўсім наваколлі немагчыма купіць карову альбо цяля. Не рэалізуе жывёл і мясцовае сельгаспрадпрыемства.

Здаюць малако і ў сям'і Юрыя Аўдзея з суседняй вёскі Пачобуты. Разам з бацькамі трымаюць чатыры каровы. Юрый працуе ў мясцовым аддзяленні МНС, у сям'і трое дзяцей. Малочны статак ды яшчэ і агарод забяспечваюць дадатковы заробак. Гэта асабліва важна ва ўмовах рамонту дома, які вядзе маладая сям'я.

Са­мы ста­лы здат­чык — 82-га­до­вы Юль­ян Іг­на­то­віч.

Каля сядзібы пасецца невялічкі прыватны статак. Усе жывёліны — чорна-пярэстай пароды. Тэрыторыя пашы агароджана дротам. Такія месцы для агульнага выпасу ёсць усюды, дзе трымаюць кароў. Юрый па магчымасці сам займаецца і нарыхтоўкай кармоў, але значную дапамогу аказвае мясцовая гаспадарка «Макараўцы». За здачу малака бясплатна выдзяляецца сена, 8—10 рулонаў на год. Заахвочваецца і здача цялят — акрамя грошай, гаспадар атрымлівае дадаткова кармы. Няма праблем і са здачай малака. Кожны ранак спецыяльны малакавоз ад прадпрыемства «Малочны свет» аб'язджае населеныя пункты і забірае малако, якое вяскоўцы выстаўляюць у вызначаным месцы.

Як расказаў зборшчык Рамуальд Кабылянскі (ён працуе ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве), штодзень ад жыхароў сельсавета паступае больш за 900 кг малака. У гэтым аб'ёме значная частка належыць самому Рамуальду Антонавічу, які трымае ажно шэсць кароў. Ён у ліку самых актыўных здатчыкаў. За красавік здаў 700 літраў. Толькі на адну дойку ідзе больш за дзве гадзіны, а падаіць трэба два разы. Некаторыя дояць і тры.

— На першую дойку трэба ўстаць у пяць гадзін, праз гадзіну у мяне выезд па зборы малака, трэба аб'ехаць усю 30-кіламетровую зону, — расказвае Рамуальд Антонавіч, — спраўляюся да 12 гадзін, затым вязу малако на бліжэйшы прыёмны пункт, адтуль яно ідзе на малаказавод.

Збор малака — не стыхійная справа. Каб стаць здатчыкам, трэба зарэгістравацца, ідэнтыфікаваць карову, скласці на яе пашпарт. Сюды заносяцца ўсе звесткі — ацёлы, хваробы і г. д. За станам прыватнага статка сочыць калгасны ветэрынар. Дарэчы, лячэнне таксама бясплатнае.

— Пад асаблівым кантролем жывёлы, якім больш за 10 гадоў. Бярэцца аналіз і на антыбіётыкі. Патрабаванні да якасці малака вельмі высокія, — адзначае Рамуальд Кабылянскі.

Юрый Аў­дзей са стар­шы­нёй Канюхоўскага сель­ска­га Са­ве­та Ві­та­лем Руд­кі­ным.

За якасцю сочыць і старшыня сельскага Савета. Калі з вёскі паступіла «забруджанае» малако, неабходна ўстанавіць такога здатчыка — яму будуць выстаўлены штрафныя санкцыі. Наогул, малочная тэма — важная частка ў рабоце старшыні Канюхоўскага сельскага Савета. Аб тым, што ўсё арганізавана, як трэба, сведчыць і зацікаўленасць жыхароў. Нават даволі сталыя вяскоўцы не адмаўляюцца ад сваіх карміліц.

Вось і Юльян Ігнатовіч з вёскі Пачобуты адзін даглядае сваю пярэстую кароўку. Сам доіць, па магчымасці нарыхтоўвае сена, хоць яму ідзе 83-і год. Жвавага дзядулю мы знайшлі на агародзе, дзе ён акучваў бульбу. Побач акуратныя радкі цыбулі, морквы і іншай гародніны. Паводдаль — вуллі з пчоламі. Юльян Антонавіч больш за 20 гадоў жыве адзін, але па-ранейшаму вядзе гаспадарку. Кажа, што некалі зарабляў на вырошчванні агуркоў, тут была сапраўдная агурочная сталіца. За гэтыя сродкі купіў сынам кватэры ў Гродне, пачаў будаваць новы дом у вёсцы. Але паступова агурочны цэнтр змясціўся ў іншы рэгіён, а інфляцыя «з'ела» ўсе зберажэнні. Зараз асноўны прыбытак у пенсіянера — гэта малако. Кожны дзень ён мае да 20 літраў, кошт 1 літра — 54 капейкі. Такім чынам за дзень можна зарабіць больш за 10 рублёў. Па выніках месяца ёсць надбаўкі.

Стараста вёскі Ігнатовічы Часлава Вансовіч за 10 дзён зарабіла 140 рублёў з адной каровы. Яна здае амаль усё малако, некалькі літраў купляюць мясцовыя жыхары. Жанчына сцвярджае, што заробак даволі істотны. Праўда, каровы патрабуюць дагляду, а каб было больш малака, іх трэба добра паіць. Напрыклад, зімой карова спажывае да 80 літраў вады ў дзень. У гаспадарцы ёсць парасяты, куры, трусы.

— У нас вельмі працавітыя вяскоўцы, — адзначае Віталь Рудкін, — усе, хто тут пастаянна пражывае, маюць гаспадарку. Некаторыя трымаюць коз, авечак. Мясцовае сельгаспрадпрыемства дапамагае і кармамі, і зернем. Малочны статак пакуль стабільны, а сёлета нават прыбавіўся адзін новы здатчык. Людзі бачаць, наколькі гэта выгадная справа.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.