Вы тут

Падышоў кульмінацыйны момант чэмпіянату свету па футболе


Першым фіналістам мундзіялю стала зборная Францыі, якая ў матчы за права згуляць у вырашальнай сустрэчы абыграла каманду Бельгіі 1:0. Французы ўжо з'яўляюцца двухразовымі чэмпіёнамі Еўропы (1984 і 2000 гады) і чэмпіёнамі свету 1998 года. Усяго ж яны ўдзельнічалі ў фінальных стадыях топ-турніра 14 разоў. Зборная Францыі стала першай камандай у гісторыі, якой удалося пасля перамогі на сусветным першынстве аказацца найлепшай таксама і ў Еўропе.


Апошні раз у фінале чэмпіянату свету французы гулялі ў 2006-м, тады камандай кіраваў Раймон Даменек. У вырашальным матчы дасведчаная дружына саступіла па пенальці Італіі. Менавіта пасля гэтага чэмпіянату са зборнай развітаўся лідар і капітан каманды Зінедзін Зідан.

На рахунку «трохкаляровых» таксама значыцца перамога на Алімпійскіх гульнях у Лос-Анджэлесе-1984 і два Кубкі канфэдэрацый. Медалі якой вартасці дададуць сабе ў актыў французы ў 2018-м, даведаемся ў нядзелю.

Іх сапернікамі сталі харваты, якія ў паўфінале выбілі з барацьбы за «золата» тытулаваных англічан (2:1). Для балканскай зборнай цяперашні чэмпіянат свету ўжо стаў найлепшым у гісторыі, такога выніку футбалісты гэтай краіны не дамагаліся ніколі. Хоць пэўныя поспехі ў маладой каманды (яна існуе з 1990 года і была прызнана ФІФА і УЕФА толькі ў 1992-м) ужо былі. У 1998 годзе зборная Харватыі стала бронзавым прызёрам чэмпіянату свету, а яе гулец Давар Шукер — найлепшым бамбардзірам турніру. Зборная Харватыі двойчы (у 1994 і 1998 гадах) прызнавалася ФІФА камандай, якая дамаглася найбольшага прагрэсу ў рэйтынгу зборных па выніках года, а таксама займала ў ім месцы з 125-га па 3-е, што складае найбольшую розніцу паміж занятымі месцамі ў рэйтынгу ФІФА сярод усіх зборных.

Тое, што фінал будзе цікавым, сумненняў няма, матч адбудзецца ў нядзелю, 15 ліпеня, на галоўным стадыёне турніру — «Лужніках». Сустрэча за бронзавыя медалі пройдзе ў суботу ў Піцеры, на поле выйдуць каманды Бельгіі і Англіі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Чэмпіёны супраць дэбютантаў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.