Вы тут

Песні для матулі


Уладзімір Паўловіч – самабытны гарманіст, які сваім умельствам упрыгожваў шматлікія фэсты і народныя гулянні, вярнуўся ў родную вёску Лозкі Навагрудскага раёна, каб даглядаць старэнькую маці. Па-ранейшаму не расстаецца са сваёй мадэльнай “Перамогай”, ставіць яе на калені, прыціскае пальцамі клавішы і кнопкі, перабірае іх, расцягвае мяхі. Настальгія па маладых гадах непераадольная, да таго ж прыродная цяга да музыкі, да народных мелодый, робяць сваю справу. Адзіным слухачом яго музычных успамінаў становіцца матуля – былая калгасная спявачка і ўдзельніца царкоўнага хору.


 

Хутка Уладзіміру Паўловічу споўніцца семдзесят гадоў, а яго маці будзе дзевяноста. Валянціна Аляксандраўна ў свой час жыла ў сталіцы, але гарадское жыццё  надакучыла і яна зноў стала вяскоўкай. Калі жанчына засталася адна, Уладзімір развітаўся з вясёлым фестывальным жыццём і таксама пакінуў Мінск. 

Маё першае знаёмства з музыкантам адбылося на святкаванні 500-годдзя Францыска  Скарыны ў Полацку ў дзевяностых гадах мінулага стагоддзя. Ён акампаніраваў дудару і жалеечніку Уладзіміру Пузыні – вядомаму ў краіне ў свій час майстру-рэстаўратару музычных інструментаў. Гэта быў выключны дуэт традыцыйных музыкаў. Пазней два Уладзіміры прадстаўлялі Беларусь на фальклорных фестывалях у Францыі, Эстоніі, ЗША. А яшчэ я слухаў Паўловіча ў складзе ансамбля “Мінскі гармонік”, на канцэртах з вядомым фалькларыстам Васілём Ліцьвінкам – аўтарам і тэлевядучым праграмы “Запрашаем на вячоркі”.

 - Мне давялося іграць з лепшымі мінскімі гарманістамі: Слізкім, Раманчуком, Галузай, Каралём, Чайкоўскім, Равенскім, -- пералічвае прозвішчы музыкаў Уладзімір Аляксеевіч і прыгадваючы і пра вясковых гарманістаў, у якіх вучыўся.

 Свой першы гармонік – рускую “хромку” шасцігадоваму Валодзю купіў бацька, бо ўбачыў у малога непадробны інтарэс да музыкі. Без нот, без педагогаў хлопец сам асіліў,  а потым адточваў музычнае майстэрства. У школе ён падыгрываў і акампаніраваў аднакласнікам на школьных вечарах.

- Памятаю, як маці і бабуля стомленыя прыходзілі з калгаснай працы, залазілі на печ  і спявалі, а я падбіраў танальнасць і выводзіў мелодыю, - Уладзімір Аляксеевіч. – У дзяцінстве я ўжо ведаў мелодыі ўсіх традыцыйных танцаў Навагрудчыны – вальсы і полькі, кракавяка і абэрка...

Па прыедзе на радзіму яго часта запрашалі на канцэрты раёнай мастацкай самадзейнасці, акампаніраваць хору “Радасць”. Цяпер амаль не клічуць. Акрамя яго, у ваколіцах  Лозкаў не засталося ніводнага гарманіста! Апошнім часам адзіны яго слухач - маці, якая ўжо не спявае, не танчыць, а толькі сумуе і моўчкі слухае.

Я вырашыў адшукаць знанага музыку і правесці з ім фотасесію. Мы пабылі ў Шчорсах – гэтая вёска месціцца побач з Лозкамі, у маёнтку Храптовічаў, на беразе  Нёмана. Але галоўныя здымкі і відэа былі зроблены ў роднай хаце гарманіста. Гэтымі здымкамі “Звязда” пачынае серыю сустрэч з адоранымі музыкамі – захавальнікамі нашай спрадвечнай песеннай і музычнай спадчыны.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.