Мамін дзённік


Калі на свет з'явіўся мой хлопчык, адчуванне, што я стала маці, прыйшло не адразу. Хутчэй — маральнае задавальненне, як у той выдатніцы, што і ў гэтым плане ўсё атрымалася. Так бы мовіць, іспыт здадзены.


Калі не лічыць некалькіх секундаў у радзільнай зале, мы пазнаёміліся літаральна праз пару гадзін. Я думала, што ён прыехаў да мяне ў палату ў шкляным ложку-каталцы, каб пасмакаваць каштоўнай стравы — мамінага малака. Але ён застаўся. Назусім.

Мне ўручылі мой падарунак лёсу, калі я ледзь трымалася на нагах. Яшчэ мала ўсведамяючы, што адбылося, я шукала ў адным з пакетаў, загадзя сабраных у радзільню, бодзі, чэпчык, паўзункі, шкарпэткі — тое, у што, скінуўшы пялёнкі, прыбрала маё дзіця медсястра. Лоўка засунуўшы мініяцюрныя часткі цела ў яшчэ велікаватае адзенне, яна паказала, як карміць немаўля, і, пажадаўшы спакойнай ночы, выйшла ў цёмны калідор. З гэтага боку дзвярэй засталося шасцёра: тры мамы і столькі ж нованароджаных.

Здавалася, тая ноч ніколі не скончыцца. Дзеці крычалі то па чарзе, то ва ўнісон. Мой сынок ужо тады не змаўкаў ні на хвіліну. Пасля няўдалых, як я спачатку думала, спроб яго накарміць далёка пасля паўночы я «здала» дзіця на пост медсястры. Незадаволена зачыніўшы за мной дзверы, яна сказала прыйсці па яго раніцай. Я з'явілася значна раней — ці з сынам, ці без яго сну не было.

Дні ў радзільні цягнуліся марудна. Ужо тады я не магла адлучыцца ад свайго хлопчыка больш як на 15 хвілін. На працэдуры, у сталовую і па перадачы ад родных мы з суседкай па палаце хадзілі па чарзе — не менш крыклівым было і яе малое.

Чаканы дзень «Х» выпаў акурат на 9 мая. Сёлета я не брала, як звычайна, інтэрв'ю ў ветэранаў і не стаяла з дыктафонам дзесьці каля помніка, але гэты Дзень Перамогі быў для мяне не менш святочны — нас выпісвалі.

Як і бывае ў такіх выпадках, урачыстая сустрэча з роднымі, кветкі і абдымкі сяброў, маленькі кулёчак у руках медсястры, які яна перадае наваспечанаму бацьку, — і мы дома. Ужо ўтраіх. З гэтага моманту жыццё больш ніколі не будзе ранейшым...

Вераніка КАНЮТА

Іншыя вытрымкі з дзённіка маладой матулі — у наступных нумарах «СГ».

Загаловак у газеце: Больш ніколі інакш...

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.