Вы тут

Капітан другога рангу ў адстаўцы — пра «марскі лёс» і трынаццатае чысло


Капітан другога рангу ў адстаўцы — пра «марскі лёс», трынаццатае чысло і псіхалагічны бар'ер экіпажа падлодкі.

Хоць у Беларусі няма мора, але былыя маракі ў нас ёсць. За іх плячыма — дзясяткі і сотні выхадаў у адкрыты акіян. Наш сённяшні суразмоўнік — капітан другога рангу ў адстаўцы Барыс Беражны. Яшчэ ў маленстве ён цвёрда вырашыў стаць мараком. Нягледзячы на ўсе бар'еры, якія ставіла перад ім жыццё, ён упарта ішоў да сваёй мэты. Зрэшты, аб усім па парадку.


— Да мора мяне цягнула з дзяцінства, — успамінае Барыс Беражны. — Упершыню я ўбачыў яго ў Баку ў далёкім 1941 годзе. Туды мы эвакуяваліся, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Мяне яно зачаравала літаральна адразу. Прабыўшы там тры гады, у 1944-м мы вярнуліся ў Мінск. Я пачаў чытаць шмат кніг пра мора, любіў хадзіць на сеансы стужак «Адмірал Ушакоў», «Адмірал Нахімаў»... Адным словам, акрамя як мараком, я сябе нікім у дарослым жыцці не бачыў.

Скончыўшы школу, я вырашыў падаць дакументы ў ваенна-марское вучылішча з авіяцыйным ухілам у Рызе. Але там адбыўся трагікамічны выпадак. Я здаў усе іспыты на добрыя адзнакі. Пасля неяк мы сядзелі на падаконніку ў адной з аўдыторый на другім паверсе. Я выпадкова нешта ўпусціў уніз. І ўсё б нічога, але патрапіў якраз на фуражку дзяжурнага па вучылішчы. Праўда, псаваць мне будучыню не сталі і напісалі проста — не прайшоў па конкурсе.

Кудысьці, аднак, трэба было ісці. Мару пра мора я на некаторы час адклаў. Адзнак, атрыманых у Рызе, мне хапіла, каб паступіць у Вольскі тэхналагічны тэхнікум на машыніста-экскаватаршчыка.

Ка­ра­бель  вы­мя­раль­на­га комп­лек­су  «Чу­мі­кан».

Пакручасты шлях да мора

Але доўга мне вучыцца не давялося. Праз год мяне прызвалі ў войска. Пэўна, з-за маёй будучай спецыяльнасці мяне хацелі адправіць у бранятанкавыя войскі. А я вельмі хацеў трапіць на флот. І да ваенкома хадзіў, прасіў. Але справа ў чым — пасля
1949 года на флоце служылі чатыры гады, а ў сухапутных войсках і авіяцыі — тры. На гэта і рабіў акцэнт ваенкам, пераконваючы мяне ў тым, што бранятанкавая часць усё ж лепей за карабель. Я яму казаў, што адслужу два гады і буду паступаць у ваенна-марское вучылішча. Аднак пераканаць ваенкама я не здолеў.

І вось надышоў дзень адпраўкі ў войска. Па шэрагах будучых салдат раптам пранеслася пагалоска, што пасля танкістаў прыбудуць маракі. І тады я... схаваўся на тэрыторыі ваенкамата, каб толькі дачакацца маракоў. Мяне клікалі, шукалі, а я не выходзіў са сваёй схованкі. І як толькі танкісты з'ехалі, я крыху пачакаў і з'явіўся. Ваенкам на мяне тады шмат крычаў, што адправіць туды, куды Макар цялят не ганяў. Я яму ў адказ: «Ну вось, якраз на флот». — «Ну калі такое палкае жаданне на чатыры гады...» — «Я там буду не чатыры, а дваццаць чатыры. Галоўнае, каб на флоце!»

Вар­та­вы ка­ра­бель  «Арол».

І я з гэтай камандай трапіў у Ленінград на Васільеўскі востраў у Чырванасцяжны атрад падводнага плавання імя Кірава. Там я стаў трумным машыністам дызельнай падводнай лодкі. Мадэль тая на той час была адна з навюткіх. Але на падводнай лодцы трэба літаральна пакланіцца кожнаму люку, кожнаму вентылю. І вось аднаму не пакланіўся. Пабіў галаву так, што недзе праз год яшчэ былі бачны сляды.

Пасля трапіў у Кранштат у брыгаду падводных лодак, дзе і праходзіў службу. Недзе праз паўтара года я падаў рапарт у Ваенна-марское палітычнае вучылішча імя Жданава. Я быў сакратаром камсамольскай арганізацыі, і таму рэкамендацыі атрымаў лёгка. Але вось неспадзяванка — пасля таго, як я правучыўся тры гады, пачаліся знакамітыя хрушчоўскія скарачэнні войска. Наша вучылішча таксама пад іх патрапіла. Але тут пашанцавала — нас, дзевяць чалавек, выпусцілася з чырвоным дыпломам, і таму нам далі магчымасць працягнуць службу. А астатнім прысвоілі званне малодшага лейтэнанта і звольнілі ў запас па скарачэнні Узброеных Сіл.

А мы пайшлі служыць далей. Я трапіў на Ладажскае возера. Праслужыўшы год старшыной, я здаў іспыты ў вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя Фрунзэ. Вось такі пакручасты шлях давялося прайсці да сваёй мары.

Аме­ры­кан­скі ка­ра­бель  зу­сім по­бач...

Калі сапернік — праз некалькі дзясяткаў метраў...

— Пасля вучылішча мяне адправілі служыць на доследны карабель. Мы забяспечвалі выпрабаванне мінна-тральнай і артылерыйскай зброі двух засакрэчаных інстытутаў. І вось тут скарачэнне дагнала і мяне. Што ж было рабіць? Давялося пайсці на «грамадзянку». Кім я толькі ні працаваў — рабочым на будоўлі, слесарам, механікам... Паваротнай кропкай стала пастанова ЦК КПСС ад 21 студзеня 1967 года «Аб мерах па паляпшэнні партыйна-палітычнай работы ў Савецкай Арміі і Ваенна-Марскім Флоце». Раней скарочаных маладых афіцэраў-палітработнікаў вярталі назад на флот.

Я ж патрапіў на Ціхі акіян, на карабель паветранага назірання. Даслужыўся да намесніка камандзіра дывізіёна тральшчыкаў.

Адтуль я перавёўся на карабель вымяральнага комплексу «Чукотка». Наша судна забяспечвала запускі касмічных апаратаў і кантроль за дзейнасцю касманаўтаў на арбіце. Злучэнне базавалася на Камчатцы, у горадзе Вілючынску. А хадзілі мы ў раён ажно экватарыяльнай зоны! Некаторы час я ўдзельнічаў у абслугоўванні ўсіх запускаў касманаўтаў. Усе яны праходзілі ў нас трэніроўкі на караблі. Натуральна, яшчэ да палётаў, мы ведалі, хто адправіцца ў космас.

На такіх караблях заходзіць у замежныя парты катэгарычна забаранялася, таму што нашы караблі былі цалкам сакрэтныя. Але затое за намі палявалі амерыканцы. Як толькі яны нас пеленгавалі, то адразу ж высылалі па 2-3 свае караблі вымяральнага комплексу, якія перашкаджалі нам працаваць. Яны глушылі нашы радыёсігналы і пастаянна падстаўлялі свае барты, каб адбылося сутыкненне. А чым магло скончыцца супрацьстаянне ў адкрытым акіяне — невядома. Правакацыі ішлі з-за таго, што на нашых суднах была ўстаноўлена вельмі каштоўная апаратура.

Пе­ра­ход эк­ва­та­ра  заўж­ды ці­ка­вы.

«Падводнікі не любяць выходзіць у мора ў панядзелак»

Пасля вучобы ў Ваенна-палітычнай акадэміі імя Леніна служба працягнулася ў 10-й супрацьавіяноснай дывізіі атамных падводных лодак. Яны таксама базаваліся ў Вілючынску на Камчатцы, дзе і караблі кантрольна-вымяральнага комплексу. Але назад на іх мяне не цягнула. На субмарынах было значна цяжэй, але разам з тым і цікавей. Падчас паходаў мы сачылі за амерыканскімі авіяноснымі групоўкамі, знаходзячыся ў пастаяннай баявой гатоўнасці. Там, дзе яны, там і мы. І мэта была адна — не выдаць сябе, бо інакш гэта лічылася надзвычайным здарэннем. Сачыць і знаходзіцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці.

— І як тут не згадаць стары жарт «куды падзецца з падводнай лодкі?»...

— Любая атамная падводная лодка сыходзіць у аўтаномнае плаванне на 90 сутак. Гэта яе планавы паход. І лічыцца, што для экіпажа гэта прызнаны псіхалагічны бар'ер. Але абставіны часам вымушаюць знаходзіцца і даўжэй. Мы аднойчы затрымаліся на 108 сутак, калі амерыканскія групоўкі былі вельмі актыўныя. Неяк мы зайшлі вельмі далёка, і нам з Камчаткі дасылалі плавучую базу, якая змяняла экіпаж.

Калі сыходзіш у паход, ты зачыняешся ў сваім адсеку і тваё жыццё праходзіць ад пераборкі да пераборкі. А над табой — да 300 метраў вады. Паміж вахтамі ледзь не адзіная забава — паглядзець кіно. Усплыванне лодкі на баявым дзяжурстве недапушчальнае. Адзінае выключэнне — сеанс радыёсувязі.

Гэта накладвала дадатковую псіхалагічную нагрузку. Трэба было рабіць так, каб разнастаіць абстаноўку, адцягваць увагу людзей. Бо калі пастаянна глядзець на голую сцяну, звар'яцець можна.

— Якія прыкметы ёсць у падводнікаў?

— Маракі — вельмі прымхлівыя людзі. Напрыклад, мы не любім лік «13». Мы не любім «чорны панядзелак» — гэта выхад у мора ў першы дзень тыдня. А таксама — 31 снежня.

Дэмабілізаваўся я ў званні капітана другога рангу. І на які карабель ні прыходзіў — праз год яго абвяшчалі выдатным. На флоце гэтае званне вельмі высокае. Таму і добрая показка прыляпілася — «Нампаліт выдатных караблёў». І калі аднойчы мы хадзілі на траленне ў Бангладэш, то заваявалі кубак за першае месца ва ўсім у Ваенна-марскім флоце!

— Скажыце, а мора цягне дагэтуль?

— Канешне! Вось толькі не так часта цяпер удаецца кудысьці выязджаць. Хачу патрапіць на Паўночны флот — гэта мая даўняя мара...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота з архіва Барыса Беражнога

Загаловак у газеце: Нампаліт выдатных караблёў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.