Вы тут

Адкрыўся ХІV міжнародны турнір па інтэлектуальных гульнях «Шчыт і меч»


На галоўнай сцэне Акадэміі МУС адбылася цырымонія адкрыцця ХІV міжнароднага турніру па інтэлектуальных гульнях «Шчыт і меч». З прывітальнай прамовай звярнуліся да яго ўдзельнікаў начальнік акадэміі генерал-маёр міліцыі Уладзімір Бачыла і дырэктар Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларуская ліга інтэлектуальных камандаў», адзін з арганізатараў турніру Сяргей Буян.


Традыцыйна ў турніры ўдзельнічалі каманды грамадзянскіх і сілавых ВНУ з Беларусі і Расіі. Расію прадстаўлялі шэсць курсанцкіх дружын: з Белгародскага юрыдычнага інстытута МУС, Маскоўскага ўніверсітэта МУС, Ніжагародскай акадэміі МУС, Пскоўскага філіяла Акадэміі права і кіравання ФСВП, Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта МУС і Краснадарскага ўніверсітэта МУС. Ад Акадэміі МУС Беларусі выступала каманда «Разумныя рэчы».

Пасля жараб'ёўкі ўсім удзельнікам трэба было паказаць свае веды ў заліковай гульні «Эрудыт-квартэт». У ёй змагаліся па чатыры прадстаўнікі кожнай каманды. Знаўцы адказвалі на пытанні, аб'яднаныя агульнай тэмай, рознага ўзроўню складанасці. У фінале сышліся чатыры найлепшыя каманды турніру.

Мазгавы штурм працягваўся і ў другі дзень. Маладзёжны форум прымаў следча-экспертны факультэт, дзе, уласна, і зарадзіўся турнір. Да дзесяці раніцы ўсё было гатова для правядзення гульні «Што? Дзе? Калі?». Вёў гульню Сяргей Буян. Камандам-удзельніцам давалася хвіліна на абмеркаванне кожнага задання і падрыхтоўку адказу. Усяго прапаноўвалася 60 пытанняў, якія былі падзелены на чатыры блокі. Удзельнікі выкладваліся па поўнай, бо на кане — не толькі кубкі, прызы і медалі, але і пуцёўка на чэмпіянат Беларусі па інтэлектуальных гульнях сярод студэнцкіх камандаў.

Вынікі турніру былі абвешчаны на цырымоніі закрыцця. Узнагароджваў удзельнікаў начальнік акадэміі. Каманда «Каспійскі Друзь» (будучыя афіцэры медыцынскай службы з Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта) заняла трэцяе месца сярод сілавых ВНУ ў гульні «Медыя-азбука», «Вышуковы Екацярынадар» (Краснадарскі ўніверсітэт МУС Расіі) — другое месца, а каманда «Разумныя рэчы» заняла першае месца.

У інтэлектуальных спаборніцтвах «Эрудыт-квартэт» выйшла наперад каманда «Некампетэнтнасць і абыякавасць». На другім месцы — «Джон Холмс», на трэцім — «Эстонскі экспрэс».

Сярод сілавых ВНУ кубак ХІV міжнароднага турніру па інтэлектуальных гульнях «Шчыт і меч» атрымала каманда «Разумныя рэчы». Гэта ўжо іх трэці кубак запар. Абсалютным пераможцам турніру, уладальнікам галоўнага кубка стала сталічная каманда «Некампетэнтнасць і абыякавасць».

Уладзімір Бачыла падзякаваў усім за выдатную гульню і запрасіў роўна праз год у галоўную міліцэйскую ВНУ на пятнаццаты па ліку маладзёжны форум, які ўжо даўно стаў візітоўкай акадэміі.

Начальнік Акадэміі МУС Уладзімір БАЧЫЛА ўручае ўзнагароду пераможцу.

Сяргей КУЛАКОЎ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Бітва інтэлектаў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.