Вы тут

Самае надзейнае рабочае месца для вяскоўца — на зямлі


Спорава вядома на ўсю краіну найперш дасціпнасцю і гумарам сваіх людзей. Нездарма ж тут прапісаўся фестываль «Спораўскія жарты». Яшчэ вёска знакамітая возерам, якое спакон веку карміла мясцовых жыхароў. Спораўцы — народ асаблівы, заўсёды маюць сваё меркаванне. У іх, дарэчы, калгас некалі апошнім не толькі ў раёне і вобласці, можа, нават у краіне арганізоўвалі. Яны, што называецца, умелі трымаць паўзу.


Наталля і Васіль Шчурко.

Кавалак зямлі

На жаль, і гэтая самабытная вёска церпіць у выніку наступстваў урбанізацыі. Людзей становіцца меней, дзеці тутэйшых жыхароў з'язджаюць у гарады. Сёння ў Спораўскім сельсавеце крыху больш за паўтары тысячы насельніцтва. Асноўная частка працаздольных вяскоўцаў занятая ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Іншыя працуюць у лясніцтве, на меліярацыі, на аб'ектах сацыяльна-культурнага прызначэння, у арандатара на возеры... Але ў Спораве, напрыклад, няма ніводнага прыватнага прадпрыемства, ніхто нават не спрабаваў распачаць сваю справу.

Таму Васіль і Наталля Шчурко ў нейкім сэнсе першапраходцы. Яны ўзялі тры гектары зямлі ды заняліся вырошчваннем ягад. І няхай для пачатку арганізавалі рабочыя месцы толькі для сябе (у сезон, праўда, наймаюць зборшчыкаў з ліку беспрацоўных), трэба ж было з нечага пачынаць. Раней Васіль ездзіў на заробкі ў Расію, працаваў на будоўлях. Наталля, як шматдзетная маці, займалася выхаваннем дзяцей. З часам галаве сям'і надакучыла такая работа: у вечных раз'ездах, харчаванне ўсухамятку, пражыванне далёка не ў апартаментах. І калі па маладосці можна так-сяк трываць апісаны рэжым жыцця, то з часам наступае пераасэнсаванне, і гэта становіцца непрымальным. Вось і вырашылі на сямейнай нарадзе заняцца маленькай уласнай справай на сваім кавалку зямлі.

Цяпер узяць зямлі на патрэбы асабістай падсобнай гаспадаркі не складана. Аформілі неабходныя дакументы ў сельскім Савеце. Аказалася, як шматдзетная сям'я яны нават пэўныя льготы маюць. Словам, атрымалі тры гектары зямлі. Першы год два адвялі пад маліны, адзін — пад клубніцы. Маліны тады не ўрадзілі, вялікая частка ўраджаю вымакла. Цяпер севазварот памянялі, ужо два гектары засаджаны клубніцамі і адзін малінамі.

На сям'ю хапае

— Сказаць, што раней не вельмі ўяўлялі сабе цяжкасці, з якімі давядзецца сутыкнуцца, — амаль нічога не сказаць, — разважае Васіль Шчурко. — Напачатку спрабавалі збываць ураджай ў сябе, звярталіся ў нарыхтоўчыя арганізацыі, да прыватнікаў. Толькі час патрацілі і сродкі. Паступова прыйшлі да ўсведамлення, што зарабіць нейкую капейку можна ў тым выпадку, калі завязеш ягады ў Маскву.

Летась гаспадар вазіў клубніцы ў сталіцу Расіі. І калі на тамтэйшых рынках адладжана сістэма збыту, скажам, для фермераў і гаспадароў з Малдовы, то нашаму чалавеку трэба ўвесь час быць першапраходцам. Але ўсё роўна, нягледзячы на ўсе фармальныя і нефармальныя траты, там рэалізоўваць ураджай выгадна. Вядома, на зямлі вялікіх грошай не заробіш, але ж на ўтрыманне сям'і хопіць.

— Бывалі перыяды, мы ледзь не ў роспач упадалі, — дапаўняе мужа Наталля. — Мы запрашалі людзей з раённай службы занятасці на ўборку. Яны, дарэчы, вельмі добра працавалі. За збор ім плацілі ў разліку па рублі за кіло. А бралі ў нас у нарыхтовачным пункце клубніцы па 80 капеек за кілаграм. Такім чынам, збіраць ураджай стала нявыгадна і мы перасталі збіраць. Прапаноўвалі ўсім ахвотным сабраць ягады бясплатна для сябе, такіх не знаходзілася, і частка іх зусім прапала ў полі.

Шкада, што ў нас не бяруць ягаду на замарозку, на варэнне, — працягвае Наталля. — Тыя ж малочныя камбінаты, што ёгурты выпускаюць, нярэдка купляюць вітамінныя напаўняльнікі за мяжой.

Пераадолець бар'еры і развівацца

Добра, што цяжкасці, з якімі давялося сустрэцца сужэнцам Шчурко на першым этапе, іх не спынілі. Яны маюць намер пераадолець перашкоды, прызвычаіцца да сітуацыі, навучыцца асновам бізнесу і развіваць сваю справу. Гаспадар набыў трактар і ўсю неабходную прычапную тэхніку для апрацоўкі.

Старшыня Спораўскага сельскага Савета Аляксандр МАРТЫСЕВІЧ называе мужа і жонку Шчурко стараннымі працаўнікамі. І гэтыя тры гектары, што яны ўзяліся апрацоўваць, даўно мазолілі вока мясцовай уладзе. Кавалак зямлі за вёскай быў нецікавы сельгаспрадпрыемству, даўно не апрацоўваўся, зарастаў пустазеллем. А цяпер зямля акультураная і даглядаецца. Калі ж стане больш гаспадароў, якія кормяцца з вырашчанага ўласнымі рукамі, то, можа, яны альбо такія, як яны, з часам адкрыюць прадпрыемствы па замарозцы, перапрацоўцы ягады. Пакуль мы гаворым, што падобных прадпрыемстваў не хапае. Але ж хтосьці павінен іх стварыць. Для гэтага патрэбна ініцыятыва, кампетэнтнасць і пэўныя ўкладанні. А гэта ўжо будучыя рабочыя месцы і падаткі.

Дарэчы, услед за Васілём і Наталляй яшчэ адзін участак аформіў пад асабістую гаспадарку Леанід Пашкевіч. Леанід Васілевіч плануе вырошчваць буякі.

І хоць вяскоўцы, якія бяруць зямлю для асабістай падсобнай гаспадаркі, не падпадаюць пад статыстыку стварэння рабочых месцаў, па сутнасці, яны іх ствараюць, няхай нават і для сябе. Гэта самае надзейнае рабочае месца для вяскоўца — на зямлі.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла ЭСАНАВА паведаміла, што ўсяго за мінулы год на Бярозаўшчыне створана 195 рабочых месцаў:

— У адных яны, можна сказаць, атрымаліся паспяховымі, справы адразу пайшлі ўгару, у іншых узніклі цяжкасці. Бізнес не заўсёды адразу бывае паспяховым, давядзецца яшчэ працаваць, прыкладаць пэўныя намаганні. Варта адзначыць, што добры старт узялі прадпрыемствы «НІКТАТРАНС» і ЮСС. Першае таварыства з абмежаванай адказнасцю займаецца грузавымі перавозкамі, летась прыняло на работу адразу 13 чалавек. Другое ўяўляе сабой новую вытворчасць па рабоце з металам. Спецыялісты ЮСС выконваюць у тым ліку кавальскія работы, пачалі з шасці чалавек штату. Ёсць сярод новых прадпрыемстваў тыя, на якіх займаюцца прамысловасцю і грамадскім харчаваннем, ёсць гасцінічны бізнес і фермерскія гаспадаркі. У мінулым годзе для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці субсідыі атрымалі 11 беспрацоўных жыхароў раёна.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Бярозаўскі раён

Загаловак у газеце: Быць першапраходцамі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.