Урачыстая цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў адбылася на галоўнай спартыўнай арэне краіны - Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама». Яе генеральным прадзюсарам выступіў Ігар Круты, а рэжысёрам-пастаноўшчыкам Аляксей Сечынаў. Цырымонія носіць назву «Калі цвіце папараць», у плыні яе разгарнулася тэатралізаванае шоу ў пяці эпізодах. Стваральнікі цырымоніі прапанавалі 22 тысячам людзей на стадыёне і мільёнам тэлегледачоў разам адправіцца на пошукі папараць-кветкі і зразумець, якое пасланне нясе старажытная легенда для кожнага чалавека. Цырымонія адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў пазнаёміла ўвесь свет з багатай гісторыяй і культурай Беларусі.
З боку чашы агню на стадыёне была ўсталявана інсталяцыя - мастацкая інтэрпрэтацыя традыцыйнага беларускага пояса. Ён як абавязковы элемент нацыянальнага касцюма меў не толькі практычнае значэнне, але і глыбокае сакральнае. Пояс нёс на сабе ахоўную функцыю, быў сімвалам сталасці і гатоўнасці да дзеяння. Так Беларусь гатова прымаць II Еўрапейскія гульні. На поясе ўстаноўлена 7 званоў; перазвон - неад'емная частка беларускай культуры, а лік 7 з'яўляецца сакральным, увасабляе поспех і выступае сімвалам пажадання спартыўнага поспеху атлетам.
Цырымонія традыцыйна пачалася з аб'явы афіцыйных асоб і вынасу сцяга Рэспублікі Беларусь. Яго вынеслі 14 дзяцей у стылізаваных нацыянальных касцюмах шасці абласцей Беларусі і горада Мінска. Дзеці перадалі сцяг краіны салдатам роты ганаровай варты. А падчас гэтага над стадыёнам пад музычнае суправаджэнне павольна праляцеў белы бусел. Здаўна ў Беларусі лічыцца, што ў хаце, на даху якой або побач з якой пасяліўся бусел, будзе сямейнае шчасце і дабрабыт, гэтая птушка з'яўляецца сімвалам вернасці, адданасці і бацькоўскай любові.
Першы эпізод, прадстаўлены гледачам, – Купалле - пазнаёміў усіх з беларускай культурай: народныя касцюмы, унікальныя традыцыі, звычаі і побыт беларускага народа. Гэта своеасаблівы экскурс у самае сэрца традыцыйнай культуры і нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны. На васьмі рухомых сцэнах артысты разыгралі сцэнкі з традыцыйных беларускіх абрадаў. Характэрна, што на сцэне ад пачатку да канца шоу знаходзіліся беларускія скрыні. Куфар - гэта вобраз беражлівых адносін і захаванасці беларускай культуры і традыцый.
Цырымонія працягнулася парадам спартсменаў. Арэна стадыёна ператварылася ў стылізаванае народнае святкаванне, а ўздоўж дарогі парада загарэліся «купальскія агні». Па павер'ях, купальскі агонь ачышчае цела ад хвароб, а душу - ад дрэнных думак. Такім чынам, рухаючыся скрозь вогненную містэрыю, атлеты прынялі ўдзел у сапраўдных купальскіх гуляннях. Больш за 4000 атлетаў прайшлі перад гледачамі пад гукі напісанага для цырымоніі музычнага трэка беларускага этна-гурта Vuraj.
Далей на экранах з'явіўся відэаролік, які пад радкі знакамітага верша Янкі Купалы «Спадчына», пагрузіў гледачоў у чароўны свет беларускага фальклору. Людзі ва ўсім свеце ўбачылі сакральныя фальклорныя сімвалы Беларусі, якія сустракаюцца ў многіх казках і легендах: Дуб, Крыніца і Камень. На стадыёне «Дынама» персанажы з народных паданняў і легенд быццам бы ажылі.
У адным з эпізодаў цырымоніі гаворка пайшла пра выбітных людзей дваццатага стагоддзя родам з Беларусі. Дзейнасць многіх з іх аб'ядноўвае тэма палёту. Палёт іх натхнення, думкі, эмацыйны і фізічны палёт як пераадоленне сілы прыцягнення. У відэароліку былі прадстаўлены Марк Шагал, Янка Купала, Валянцін Елізар'еў, Уладзімір Мулявін, Павел Сухі і іншыя.
У іншым эпізодзе прадстаўлены прыродны гонар Беларусі - Белавежская пушча. Таямнічасць лесу, дыханне прыроды. Ролік паказаў два свету - свет цывілізацыі і свет дзікай прыроды, якія сустракаюцца ў Белавежскай пушчы. Вачыма дзіцяці гледачы ўбачылі таямнічы танец зуброў.
Пратакольная частка з’яўляецца неад'емнай у любой падобнай цырымоніі. Сцяг Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў пад песню Дзімаш Кудайбергенава вынеслі героі беларускага спорту - Ала Цупер, Алена Бялова, Яніна Правалінская-Карольчык, Мікалай Казека, Аляксандр Раманькоў і Ігар Макараў. Клятвы аб сумленнай барацьбе прагучалі ад імя спартсменаў, трэнераў і суддзяў. Пасля чаго на арэне з'явілася сусветная зорка, оперная дзіва Ганна Нятрэбка.
Пасля ўрачыстай прамовы Аляксандра Лукашэнкі мільёны людзей убачылі канчатковы этап эстафеты агню «Полымя міру». Сінхронна з ўдарамі званоў сем факеланосцаў (Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна, Максім Мірны, Аляксей Грышын, Юлія Несцярэнка, Раман Петрушэнка і Дзмітрый Даўгалёнак) запалілі полымя сямі малых чаш, размешчаных перад імі. Кожны ўдар звана суправаджаў агністы імпульс, з сёмым ударам у чашы загарэлася Полымя міру.
Мільёны людзей, прайшоўшы разам праз усе дзеянні спектакля, здабылі легендарную папараць-кветку, якая сімвалізуе агульную мару аб пачатку свята спорту.
Лічбы цырымоніі адкрыцця
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».