Вы тут

Анатоль Ісачанка правёў асабісты прыём грамадзян у Лагойску


Сем чалавек звярнуліся па дапамогу падчас асабістага прыёму грамадзян, які старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка правёў у Лагойску.


Наталлю Беластоцкую дэлегавалі на прыём жыхары вёскі Рудня. Заяўніца агучыла комплекс праблем, якія хвалююць яе землякоў:

— Вёска наша невялікая, зімой тут пражываюць усяго дванаццаць чалавек, большасць з іх — пенсіянеры. У некаторых ёсць хранічныя і цяжкія захворванні. Людзям неабходныя лекі. Але найбліжэйшы фельчарска-акушэрскі пункт з аптэкай знаходзяцца за шэсць кіламетраў ад населенага пункта. Раней праз вёску хадзіў аўтобус, ды рэйс знялі. Прычына — дрэнныя дарогі, якія разбіла падчас вучэнняў ваенная тэхніка.

Паскардзілася Наталля Якаўлеўна і на якасць мабільнай сувязі, немагчымасць разлічыцца за пакупкі пластыкавай карткай, на якую састарэлым пералічваюць пенсію. У аўтакраме, што прыходзіць у вёску, па картцы немагчыма купіць прадукты — не бярэ тэрмінал. А банкамата, каб зняць грошы, у населеным пункце няма. У адказе з райвыканкама, які атрымалі, сказана, што неабходна мяняць тэрмінал і сотавыя вышкі на больш магутныя.

Падчас прыёму Наталля Беластоцкая засяродзіла ўвагу прысутных і на культурна-гістарычных момантах. Непадалёк ад Рудні, у вёсцы Мяхеды, нарадзілася Настасся Фамінічна Купрыянава. Наталля Якаўлеўна лічыць, што там неабходна зрабіць невялікі музей, прысвечаны маці-патрыётцы. Ідэю падтрымлівае і свяшчэннік іх прыхода айцец Дыянісій.

Транспартная праблема вырашылася проста на прыёме.

— Калі дадзім аўтобус, колькі людзей будзе ездзіць? — запытаў Анатоль Ісачанка.

— Разам з жыхарамі Мяхедаў — дваццаць сем, — быў адказ. — Ды мы і не просім, каб аўтобус хадзіў кожны дзень. Хоць бы раз у месяц.

— Што вам перашкаджае пайсці насустрач? — звярнуўся старшыня Мінаблвыканкама да транспартнікаў. — Вызначыцеся па гэтым пытанні разам з людзьмі і наладзьце спецрэйс штомесяц. Толькі сумясціце яго з днём прыёму ўрача-тэрапеўта ў ФАПе, каб яны змаглі абследавацца, набыць лекі, зрабіць пакупкі ў краме.

Што датычыцца сотавай сувязі, то губернатар дасць даручэнне спецыялістам абласнога «Белтэлекама» разабрацца ў праблеме. А наконт ушанавання памяці Анастасіі Купрыянавай — работнікам ідэалогіі.

У даволі складанай сітуацыі апынулася Святлана Красуцкая з вёскі Косіна. Яна працавала аператарам машыннага даення ў аднайменным адкрытым акцыянерным таварыстве. У 2012 годзе ёй выдзелілі дом, які хутчэй нагадваў хлеў, дзе яна пражыла сем гадоў. Святлана Леанідаўна давяла памяшканне да ладу за кошт банкаўскага крэдыту і афармлення растэрміноўкі для набыцця будаўнічых матэрыялаў. Гаспадарка адрамантавала дах, дапамагла паставіць пластыкавыя вокны, правесці ваду і каналізацыю. Вядома, не за дзякуй. Новы кіраўнік ААТ папрасіў вызваліць дом, таму што знаходзіцца ў санітарнай зоне — за трыста метраў ад фермы.

Як растлумачыла першы намеснік старшыні райвыканкама Наталля Петрушэнка, Святлане Леанідаўне прапаноўвалі перасяліцца ў суседнюю вёску Юркавічы, дзе таксама ёсць ферма. Але жанчына адмовілася. Па словах заяўніцы, дом у Юркавічах непрыдатны для жылля, у яго рамонт трэба ўкласці шмат грошай, якіх яна не мае.

Анатоль Ісачанка даручыў на працягу месяца дэталёва прааналізаваць сітуацыю. Як кажуць, палка з двума канцамі. Нібыта мясцовыя ўлады і кіраўніцтва акцыянернага таварыства робяць усё па законе — але нельга ламаць лёс жанчыны, неабходна ўлічваць маральны і чалавечы аспект.

Сяргей Іванавіч з вёскі Малыя Нястанавічы хадайнічаў аб рамонце ўчастка дарогі ў 150 метраў паміж дамамі № 15 і № 17 па вуліцы Цэнтральнай. Выбоіны перыядычна засыпаюць пяском і гравіем, але яны з'яўляюцца зноў. Праблему можна вырашыць раз і назаўжды з дапамогай асфальтавання, лічыць мужчына.

Як адзначыў Анатоль Ісачанка, у Мінскай вобласці ёсць значна горшыя дарогі ў параўнанні з гэтай. У рэгіёне 16 тысяч кіламетраў такіх дарог, канстатаваў старшыня Мінаблвыканкама, і грошай на ўсё не хапае. Але гэта не значыць, што нельга дапамагчы людзям. Анатоль Міхайлавіч даручыў на працягу месяца прывесці яміны ў парадак з прымяненнем спецыяльных тэхналогій.

— У асноўным пытанні былі асабістага характару. З аднаго боку, гэта добра, сістэмныя адыходзяць і кірунак па іх рашэнні ў вобласці выбраны правільны. Але з другога боку, такія пытанні, што гучалі сёння, павінны вырашацца на месцы. Кожная сітуацыя будзе дадаткова вывучана спецыялістамі, і кожны з заяўнікаў атрымае адказ, — канстатаваў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна пасля заканчэння прыёму.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Выселіць нельга пакінуць

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.