Вы тут

Валянціна Шчарбакова з Нясвіжа: Бібліятэкар у невялікім горадзе — і культработнік, і крыніца інфармацыі, і псіхолаг


Госці сённяшняй рубрыкі — супрацоўніца Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціна Шчарбакова і яе дачка. Дакладней, адна дачка з пяцярых дзяцей у вялікай сям'і. Самая старэйшая Каця ўжо сама тройчы мама, сын Аляксей вучыцца ў Ляхавіцкім каледжы на ветэрынара («пра тое, што робіць са свінкамі ветэрынар, ён распавядае так натхнёна, як я пра паэтаў», — жартуе маці), сярэдняя дачка Алена — у Баранавіцкім каледжы атрымлівае прафесію повара і кандытара, а пры бацьках засталіся толькі дзве малодшыя: шасцікласніца Лера і дзетсадавец Віталік. Прадоўжыць справу бібліятэкара марыць (прынамсі, на сённяшні момант) якраз Віталік: ён складвае на вазок кніжкі з дамашняй бібліятэкі, перавозіць іх з пакоя ў пакой і «выдае» сямейнікам, пазначаючы нешта ў спецыяльным фармуляры. «Гэта проста ён разам са мной нейкі фільм глядзеў, дзе так кніжкі развозілі, вось і спадабалася, а раней ён марыў стаць святаром!» — смяецца сястра. А Валянціна Васілеўна толькі разводзіць рукамі: такія яны, дзеці, рознахарактарныя і пераменлівыя...


— Да прафесіі бібліятэкара мяне, мабыць, лёс скіраваў, — расказвае і нам, і Леры Валянціна Шчарбакова. — Яшчэ ў дзяцінстве любіла прысвойваць кніжкам нумары і як быццам выдаваць іх, потым праходзіла школьную практыку ў бібліятэцы. Помню, як цікава было перапісваць карткі, як утульна і добра было ў нашай вясковай бібліятэцы ў Рудаўцы. Але бацькі пераканалі, што трэба працягнуць дынастыю настаўнікаў, да таго ж перамог «шкурны інтарэс»: настаўнік атрымліваў 120 рублёў заробку, а бібліятэкар — усяго 80. Так што першай маёй спецыяльнасцю была «Настаўнік пачатковых класаў, кіраўнік дзіцячай творчасці» ў нашым Нясвіжскім педвучылішчы, потым, на філфаку педагагічнага інстытута імя М.Танка, — «Настаўнік беларускай мовы і літаратуры». Але да дэкрэту настаўнікам працавала зусім нядоўга, а пасля ў школе не было месца, затое патрабаваліся людзі ў бібліятэку, туды і пайшла. Потым, ужо на базе вышэйшай адукацыі, атрымала ў Інстытуце культуры спецыяльнасць бібліятэкара і бібліёграфа.

— Былыя студэнты Інстытута культуры расказвалі, што ў экзаменацыйных білетах у іх значылася пытанне «Роля дзірачкі ў каталожнай картачцы». Жартавалі?..

— Не ведаю, у мяне такога пытання не было, — смяецца Валянціна Васілеўна. — У параўнанні з філалагічным факультэтам, на мой погляд, нам давалі больш практыка-арыентаванай інфармацыі, і загрузка была такая, што пасля першай сесіі я некалькі дзён адлежвалася. На той момант мне было 37 гадоў, і я лічыла сябе «старой» для студэнткі, але пажылыя выкладчыкі Інстытута культуры ўласным прыкладам паказвалі, што бадзёрасць духу, энергічнасць і актыўная жыццёвая пазіцыя не залежаць ад узросту. Мабыць, я набралася ад іх гэтай энергіі і прыехала ў Нясвіж абсалютна з іншым настроем, з жаданнем рэалізаваць мноства ідэй... Большую частку жыцця я адпрацавала ў бібліятэцы. Але ўзнікла сітуацыя, калі на працягу чатырох гадоў муж не мог знайсці работу, і я пайшла дадаткова працаваць у школу. Спачатку гэта было фінансавае ўліванне ў сямейны бюджэт, а цяпер я ўжо школу не магу пакінуць — вяду там гурток «Юны журналіст», мы сустракаемся з людзьмі розных прафесій, потым дзеці рыхтуюць артыкулы для раённай газеты, а я пішу сцэнарыі для рубрыкі на раённым радыё (у духоўна-асветніцкай перадачы «Абуджэнне», якую вядзе Аксана Грох). Разам з імі мы зрабілі таксама электронны часопіс «Парады з вуснаў нясвіжан», прысвечаны журналістцы і паэтцы, якая першай падтрымала наш праект, — Соф'і Любанец. Дзяцей у гуртку вучу, напэўна, не столькі журналістыцы — азы майстэрства спасцігаю разам з імі праз інтэрнэт-урокі, — колькі таму, што перш чым стаць кімсьці, журналістам ці бібліятэкарам, трэба стаць чалавекам.

Лера Шчарбакова скончыла студыю выяўленчага мастацтва, абышла ўсе творчыя гурткі, цудоўна шые, і пры гэтым паспявае вучыцца ў профільным — спартыўным — класе і займацца баскетболам.

— Я з дзяцінства ў бібліятэцы: спачатку чытала тое, што мама прыносіла, потым у чытальнай зале сама пачала выбіраць. Помню, больш за ўсё падабаліся энцыклапедыі — пра дыназаўраў, пра Залаты век. Часопісы па рукадзеллі, мабыць, усе, якія былі ў бібліятэцы, перагледзела і ўсё, што ў іх было, перарабіла. Зрэшты, у нас і дома вялікі стэлаж з кнігамі, так што ў мяне ніколі не было праблем, што б пачытаць, — расказвае Лера.

— Што самае складанае ў прафесіі бібліятэкара?

Л.: — Пісаць сцэнарыі для мерапрыемстваў! А калі прыйшоў у бібліятэку чалавек не ў гуморы, які пачынае з парога прыдзірацца і скандаліць?.. Тады мама не напіша сцэнарый.

В.: — З непрыемнымі наведвальнікамі я не сутыкалася, нашы чытачы — людзі інтэлігентныя, з імі заўжды цікава і прыемна мець справу. Бывае, калі няма іншых людзей, то гадзіну можа доўжыцца размова, бо бібліятэкар у невялікім горадзе — ён і культработнік, і крыніца інфармацыі, і псіхолаг. Што да сцэнарыяў... Паколькі мне гэта работа падабаецца, не магу назваць яе складанай. Няпроста бывае, толькі калі няма натхнення і няма часу яго чакаць, але і тады з малітвай Гасподзь дае знайсці патрэбныя словы.

— Тады што самае прыемнае?

Л.: — Ну, не ведаю. Для мамы, пэўна, весці «Сямейны клуб». А для бібліятэкара наогул — выдаваць кнігі.

В.: — Дакладна так, Лера мае рацыю: самае прыемнае — сядзець на абанеменце і сустракаць чытачоў. Яшчэ ў мяне ёсць клубы: «Сямейны», «Ноеў каўчэг», літаратурна-музычнае аб'яднанне «Валошкі», раней яшчэ была суполка для сталых людзей «Ясь і Яніна», і кожны клуб — гэта людзі, новыя сустрэчы, знаёмствы. Таксама прыемна, калі чалавек просіць нешта параіць пачытаць, давярае табе. У мяне быў выпадак: адна чытачка з пэўнай паблажлівасцю ставілася да беларускай мовы, дык я знайшла ёй цыкл Генрыха Далідовіча пра настаўнікаў і аповесць Івана Шамякіна «Ах, Міхаліна, Міхаліна», і ёй так спадабалася, што прыйшла, папрасіла: «Дайце яшчэ!»

— Наўрад ці нехта назаве прафесію бібліятэкара прыбытковай. Калі дачка вырашыць стаць бібліятэкарам, то...

Л.: — Не, не стану. Я хацела спярша быць мадэльерам, але рабіць адзенне не для людзей, а для сабак — але быў час, вельмі многа шыла, нават па начах, і перагарэла. Цяпер хачу быць ветэрынарам, я добра ладжу з жывёламі... Хоць бібліятэкар, мне здаецца, паважаная ў грамадстве прафесія, нават лепш за блогера. Бо бібліятэкара можна сустрэць паўсюль, а блогера — толькі на YouTube.

В.: — Безумоўна, бібліятэкар — гэта не пра грошы, але маральнае задавальненне, адчуванне карысці для людзей, якое я атрымліваю ад сваёй працы, пераважае матэрыяльныя меркаванні. Мне хацелася б, каб хтосьці з маіх дзяцей працягнуў мае ідэі, таму адгаворваць не буду, але не буду і прымушаць. Трэба, каб выбар ішоў ад душы, ад сэрца.

— Калі расказаць пра бібліятэкара двума-трыма словамі, то якія гэта будуць словы?

Л.: — Бібліятэкар — зачытаны, у сэнсе, перачытаны... Ой, начытаны! Натхнёны. І цярплівы. І разумны — у бібліятэцы нельга шумець, таму можна засяродзіцца на сваіх думках.

В.: — Наша прафесія — гэта спасціжэнне, пастаяннае адкрыццё новага... А трэцяе, напэўна, радасць. Радасць ад таго, што ты робіш, ад цікавых сустрэч, карысных як для чытача, так і для цябе самога.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Мая мама — бібліятэкар!

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.