Вы тут

Гомельшчына: Сям'я пагарэльцаў прасіла дапамагчы з жыллём


Сям'я пагарэльцаў прасіла дапамагчы з жыллём, жыхары прыватнага сектара цікавіліся магчымасцю пракласці каналізацыю ў крэдыт, прадпрымальнік звярнуўся з просьбай перагледзець тэрміны ўвядзення ў эксплуатацыю набытага ім будынка... З гэтымі і іншымі пытаннямі жыхары Гомельшчыны звярнуліся да памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, інспектара па Гомельскай вобласці Юрыя Шулейкі.


Прамую тэлефонную лінію памочнік Прэзідэнта правёў у Гомельскім аблвыканкаме. На сувязь выйшлі 28 абанентаў — жыхароў розных куткоў рэгіёна. Асноўная праблематыка зваротаў — жыллё і камунальна-бытавыя ўмовы.

Так, жыхар Акцябрскага раёна тлумачыў, што хоча мець электракацёл у доме, але сутыкнуўся з нюансамі ўстаноўкі прылады і прасіў паспрыяць у атрыманні дазволу на яе. Выслухаўшы зворот, Юрый Шулейка рэкамендуе чалавеку звярнуцца да раённых уладаў, каб падрабязней разабрацца ў становішчы ў тэхнічным плане.

На «гарачую» лінію звярнулася жыхарка Светлагорскага раёна. Яна ў роспачы: летась у яе сям'і згарэў дом:

— Усё згарэла дашчэнту. На шчасце, усе жывыя і цэлыя, аднак стаіць пытанне наконт жылля. Да таго ж па рашэнні суда ўсе паўналетнія члены сям'і павінны выплачваць сур'ёзную суму нанесенай шкоды суседзям. З зарплаты ўтрымліваюць 50 %.

Памочнік Прэзідэнта паабяцаў, што ў праблему сям'і ўнікнуць і разгледзяць магчымыя варыянты дапамогі.

Гамяльчанка, якая жыве на апошнім паверсе аднаго з домоў па вуліцы Чкалава, скардзілася на працяканне даху пяціпавярховіка. Казала, што не толькі яна пакутуе ад гэтай праблемы. Маўляў, звярталіся ў ЖЭУ, але сітуацыя не мяняецца. Пасля аповеду гамяльчанкі Юрый Шулейка запэўніў, што на яе адрас выйдуць спецыялісты ЖКГ, каб ва ўсім разабрацца.

Прадпрымальнік звярнуўся на «гарачую» лінію з просьбай адтэрмінаваць увод у эксплуатацыю набытага ім будынка. Мужчына растлумачыў, што набыў маёмасць плошчай больш за дзве тысячы квадратных метраў. Адрамантаваў будынак напалову. Але па стане здароўя не змог скончыць рамонтныя работы і ў адведзены тэрмін увесці памяшканне ў эксплуатацыю. Выходзіць, што парушае закон, але абяцае выправіць сітуацыю. Пытанне з будынкам прадпрымальніка трэба вывучыць і ў хуткім часе даць чалавеку адказ, дае даручэнне Юрый Шулейка.

Падводзячы вынікі прамой лініі, інспектар па Гомельскай вобласці адзначыў, што ў асноўным людзі звярталіся з бытавымі пытаннямі:

— Гэта жыццёвыя тэмы — пытанні энерга- і газазабеспячэння, абрання старшыні жыллёва-будаўнічага кааператыва... Усе яны зразумелыя, людзі хочуць добраўпарадкаваць прастору вакол сябе. І ў гэтым плане знаходзяць разуменне з боку ўладаў.

Напрыклад, паступіў і такі зварот: гамяльчане — жыхары вуліц прыватнага сектара ўдзельнічаюць у долевым будаўніцтве каналізацыі. Улады падтрымалі гэтую ініцыятыву. Аднак цяпер гараджане сутыкнуліся з недахопам сродкаў. Яны цікавіліся, ці можна на гэтыя мэты выкарыстаць банкаўскае крэдытаванне.

— Гэтае пытанне трэба ўдакладніць, разабрацца і абавязкова ўсё растлумачыць жыхарам, — кажа Юрый Шулейка і зазначае, што ўлады на месцах павінны дэталёва ўнікаць у сітуацыі людзей і даваць узважаныя даручэнні адказным службам.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Прэв'ю: grodno-region.gov.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.