Вы тут

Віктар Шніп: Першае інтэрв'ю, якое я зрабіў, — гутарка з Рыгорам Барадуліным для «Звязды»


Віктар Шніп, паэт, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура»:


— Газету «Звязда» чытаю ўжо пяцьдзясят гадоў. Яе ўсё жыццё выпісвалі мае бацькі ў Пугачах. Маці даярка, а бацька пастух. Па сённяшні дзень памятаю публікацыю верша Пятра Прыходзькі да 60-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая. Гэта быў 1974 год. Верш пачынаўся так: «Трыццаць тры, як гэта мала для паэта-змагара...» Радкі мяне вельмі ўразілі. Я ўжо тады рыфмаваў. І, прачытаўшы твор Пятра Прыходзькі, сам захацеў паслаць свае вершы ў «Звязду». І паслаў. І атрымаў з рэдакцыі цёплы ліст ад Міколы Гамолкі і Алеся Траяноўскага, які натхніў мяне на стварэнне новых вершаў.

Першае інтэрв'ю, якое я зрабіў у сваім жыцці, — гутарка з Рыгорам Барадуліным, надрукаваная ў «Звяздзе». Мне было 23. Сем гадоў да вучобы ў Літінстытуце я амаль нідзе не працаваў. Пісаў вершы, хадзіў па рэдакцыях. Жыў за атрыманыя ганарары. Часта карміўся ў сяброў і недзе пару разоў на месяц — у Рыгора Барадуліна. У маі 1983 года я прыйшоў у рэдакцыю газеты «Звязда», а там у аддзеле культуры сядзіць мой сябра Уладзімір Марук. Валодзя, ведаючы, што я перабіваюся з капейкі на капейку, прапанаваў мне зрабіць для газеты з кім-небудзь інтэрв'ю, бо вершы часта друкаваць яны не могуць. «А можна я з Рыгорам Барадуліным пагавару?» — нясмела запытаў я. «Пагавары, калі Рыгор Іванавіч пагодзіцца!» — адказаў Марук. У той жа дзень я паведаміў свайму Настаўніку, што хачу зрабіць з ім гутарку для «Звязды». Я раней інтэрв'ю ні з кім не рабіў, аб чым пры сустрэчы прызнаўся Барадуліну. Яго жонка Валянціна Міхайлаўна, пакарміўшы мяне, пакінула нас на кухні. Рыгор Іванавіч прынёс мне паперу і аўтаручку. Пасадзіў бліжэй да святла і пачаў дыктаваць пытанні да сябе і свае адказы. Гаварылі гадзіны дзве. І як вынік — 11 чэрвеня 1983 года ў «Звяздзе» з'явілася маё інтэрв'ю з Барадуліным «Сваё слова — ад маці». Праз месяц мне выдалі ганарар, і я адразу паехаў да Рыгора Іванавіча, каб палавіну грошай аддаць яму. Даведаўшыся, чаго я прыйшоў, Барадулін рассмяяўся і, не ўзяўшы грошай, сказаў: «Ты іх чэсна зарабіў!»...

Шмат дарагіх успамінаў звязана ў мяне з любімай газетай... Калі вучыўся ў Маскве ў Літаратурным інстытуце, я выпісваў «Звязду», якую кожны дзень чакаў як сустрэчу з родным чалавекам. І цяпер, выпісваючы «Звязду» і чытаючы яе, радуюся, што тут на роднай мове друкуецца шмат цікавых і карысных матэрыялаў па гісторыі нашай краіны, па краязнаўстве, па мастацтве, па літаратуры, пра наша сённяшняе жыццё. Я ўжо не гавару пра аператыўную журналісцкую інфармацыю, аб'ектыўную і шчырую. Сённяшняя «Звязда» — гэта люстэрка жыцця нашай краіны — Рэспублікі Беларусь.

Я чытаю «Звязду» і буду чытаць, бо люблю яе, як любілі мае бацькі ўсё сваё жыццё.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.