Вы тут

Прыклад добрых спраў і прыстойных паводзін


У Мінску да 580-годдзя з дня нараджэння вялікага паэта і мысліцеля Алішэра НАВАІ, чые імя, справы і сёння ў вялікай пашане ва Узбекістане, выйшла кніга «Улюбёны сэрцаў».


Гэта — другая сустрэча беларускага чытача з творчай спадчынай стваральніка новых традыцый для цюркскіх літаратур. У 1993 годзе ў перакладах Васіля Жуковіча ўбачыла свет кніга «Лірыка» Алішэра Наваі. Цяпер выдавецтва «Белпрынт» пры падтрымцы Пасольства Узбекістана ў Рэспубліцы Беларусь выдала ёмісты фаліянт «Улюбёны сэрцаў», дзе змешчаны пераклады Дауда Радкевіча. Вось што расказвае перастваральнік мастацкіх вобразаў і сімвалаў легендарнага творцы на беларускую мову: «Перад вамі — пераклад літаратурнага скарбу, своеасаблівай энцыклапедыі этыкі, выдатнага трактата «Улюбёны сэрцаў», напісанага паэтам амаль у канцы свайго жыццёвага шляху. Напісаны рыфмаванай прозай (садж), твор перасыпаны вершаванымі ўрыўкамі. Нібы дыяменты ў кароне, у кожнымі раздзеле змешчаны вершы ў форме кыта, маснаві, бейта і рубаі. Апошнія больш вядомыя па творчасці Умара Хаяма, але гэта такі ж папулярны від верша, як вядомыя нам санеты, трыялеты ці лімерыкі. Радкі, поўныя глыбокіх жыццёвых назіранняў, мудрых настаўленняў і карысных парад, суцяшаюць засмучаных, весяляць меланхалічных, а часам — заклікаюць задумацца нядбайных. Кожны можа знайсці на старонках гэтай кнігі знаёмых сучаснікаў і асоб мінулага. Аўтар па-добраму ўшчувае тых, хто забыўся пра прыстойнасць, шчодра дзеліцца мудрасцю і перасцерагае ад памылак».

З вялікім уступным артыкулам да выдання выступае рэктар Ташкенцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ўзбекскай мовы і літаратуры імя Алішэра Наваі доктар філалагічных навук Шухрат Сіражыддзінаў. Вучоны нагадвае, што Алішэр Наваі ўсё жыццё апяваў дружбу народаў, заклікаў да салідарнасці і талерантнасці, асветы і добрых спраў, узвялічваў агульначалавечыя каштоўнасці.

— Мы ўдзячныя беларусам за ўвагу да нашага асветніка, — каментуе факт выдання кнігі Алішэра Наваі ў Мінску дарадца па палітычных пытаннях Пасольства Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Даніяр АБІДАЎ. — У Мінску з'явіўся помнік нашаму геніяльнаму суайчынніку, выходзяць яго кнігі. Спадзяюся і на даследчыцкую ўвагу да здзейсненага легендарным творцам.

А толькі што выдадзеная беларуская кніга Алішэра Наваі трапіць у вядучыя бібліятэкі Беларусі, у ВНУ і розныя асветніцкія ўстановы.

Сяргей ШЫЧКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.