Вы тут

Прадстаўніцы прыгожай палавіны рэалізуюць сябе не толькі ў сям'і


У гэтым годзе на праграмным узроўні будуць рэалізоўвацца меры для павышэння статусу жанчын у грамадстве і забеспячэння гендарнай роўнасці. Пра гэта паведаміў журналістам намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў.


Фота БЕЛТА.

Сёння жанчыны складаюць больш за 55 % ад агульнай колькасці работнікаў і рэалізоўваюць сябе практычна ва ўсіх сферах дзейнасці. Каля 40 % працуючых жанчын мае вышэйшую адукацыю, амаль палова кіраўнікоў — жанчыны, сярод спецыялістаў — 73 %.

«Дзяржава робіць нямала для павышэння статусу жанчын, паляпшэння ўмоў працы, павышэння эканамічнай актыўнасці, а таксама аховы іх здароўя. На 2021 год запланаваны шэраг нарматыўна-прававых актаў, якія будуць спрыяць вышэйзгаданаму. Гэта ў першую чаргу нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці і дзве дзяржаўныя праграмы: «Рынак працы і садзейнічанне занятасці» і «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека». Дадзеныя праграмныя дакументы маюць на ўвазе пашырэнне эканамічных магчымасцяў жанчын — садзейнічанне ім у развіцці прадпрымальніцтва, у тым ліку ў сельскай мясцовасці», — сказаў Валерый Кавалькоў.

Нацыянальны план дзеянняў зацвярджаецца на пяць гадоў, і гэта ўжо шосты план. Адна з Мэт устойлівага развіцця — забеспячэнне гендарнай роўнасці. У адпаведнасці з гэтым і нацыянальны план будзе ўключаць у сябе пералік мерапрыемстваў па гарантаванні жанчынам пэўных эканамічных, сацыяльных прэферэнцый.

Адна з дзейсных мер — выдзяленне дзяржавай бязвыплатных субсідый. Летась амаль 45 % тых, хто атрымаў субсідыі на адкрыццё сваёй справы, склалі жанчыны. А за мінулыя пяць гадоў 3,7 тыс. жанчын атрымалі субсідыю і змаглі пачаць сваю справу. Бізнес-лэдзі выбіраюць самыя розныя сферы дзейнасці — аказанне цырульніцкіх паслуг, арганізацыя кафэ і г. д. Перад гэтым будучыя прадпрымальніцы праходзяць неабходнае навучанне па менеджменце, атрымліваюць дапамогу ў складанні бізнес-плана.

Банк развіцця Беларусі таксама падключаецца да падтрымкі жаночага бізнесу — у мінулым годзе прафінансавана 73 такія праекты на суму Br9,5 млн.

Развіваюцца і механізмы рэінтэграцыі жанчын на рынку працы. У мінулым годзе на прафесійную падрыхтоўку і перападрыхтоўку было накіравана 1,7 тыс. беспрацоўных жанчын. А за апошнія пяць гадоў звыш 14 тыс. жанчын прайшло перападрыхтоўку і змагло стаць больш запатрабаванымі на рынку працы. Каб жанчыны ў дэкрэтным водпуску не страчвалі навыкі, прывабнасць для наймальнікаў у прафесійным плане, дадзена магчымасць павышаць сваю кваліфікацыю ў гэты перыяд. За пяць гадоў 343 жанчыны ў перыяд знаходжання ў водпуску па доглядзе за дзіцем прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі, пры гэтым яшчэ і атрымлівалі стыпендыю.

Летась дыстанцыйная работа атрымала прававую аснову — гэта таксама адкрыла дадатковыя перспектывы для жанчын.

Намеснік міністра падкрэсліў, што апошнія восем гадоў узровень беспрацоўя сярод жанчын стабільна нізкі. Але пры гэтым застаецца актуальная праблема двайной занятасці жанчын: на рабоце і дома. Менавіта на яе рашэнне і будуць накіраваны максімальныя намаганні — як заканадаўчыя, так і інфармацыйныя.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Ва ўсіх сферах дзейнасці

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.