Вы тут

У музеі Якуба Коласа правядуць выставу, прысвечаную сярэдняму сыну пісьменніка


Вялікая Айчынная вайна прынесла страты амаль у кожную сям'ю. Не выключэнне і сям'я Якуба Коласа. Адзін з трох яго сыноў, Юрый, які на той час служыў у войску, дадому не вярнуўся. Пісьменнік спадзяваўся да апошняга. Нават у 1945 годзе ён працягваў чакаць свайго Юрку, спадзяваўся, што хлопец мог трапіць у палон. Калі надзеі зніклі, у памяць пра сына класік пасадзіў побач з сядзібай дуб.


У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў хуткім часе плануюць правесці выстаўку, прысвечаную менавіта сярэдняму сыну пісьменніка.

Ужо на трэці дзень вайны згарэў дом Коласа, у які сям'я засялілася ў 1927 годзе. Дзякуючы сучасным тэхналогіям удалося стварыць трохмерную мадэль як самога будынка, так і сумежных вуліц. Пасля 3 ліпеня відэастужку можна будзе паглядзець у музеі.

Як заўважыла праўнучка Коласа, галоўная захавальніца фондаў літаратурна-мемарыяльнага музея Васіліна Міцкевіч, на жаль, тады нічога не ўдалося выратаваць. Захаваліся толькі сейф з чарачкамі — падарункам Янкі Купалы Якубу Коласу на сярэбранае вяселле, абгарэлы гадзіннік, які належаў жонцы пісьменніка (цяпер ён захоўваецца ў сям'і), і кубачак, што знайшлі на папялішчы. Згарэлі ў тым ліку рукапісы і творы, якія яшчэ не былі апублікаваныя. Дом быў вельмі прыгожы, з густам аформлены, з распіснымі столямі. З аздабленнем будынка сужэнцам дапамагаў брат Марыі Дзмітрыеўны Аляксандр. Захаваліся архіўныя матэрыялы, дзе сябры і знаёмыя згадваюць, як выглядалі пакоі пісьменніка. І хочацца верыць, што новыя тэхналогіі, няхай і віртуальна, дапамогуць наведвальнікам трапіць у будынак, дзе класік правёў найлепшыя гады свайго жыцця.

У планах установы таксама аднаўленне даваеннага кабінета пісьменніка.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Зруйнаваныя надзеі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.