Вы тут

Міжнародны конкурс дзіцячых фатаграфій «У абдымках прыроды» пяты год запар ладзіцца для падлеткаў з гарадоў-спадарожнікаў АЭС Расіі, Венгрыі і цяпер — Беларусі


Міжнародны конкурс дзіцячых фатаграфій пад назвай «У абдымках прыроды» пяты год запар ладзіцца для падлеткаў з гарадоў-спадарожнікаў АЭС Расіі, Венгрыі і цяпер — Беларусі. Сёлета да яго далучыліся і юныя фатографы з Абхазіі, а найлепшыя фотамастакі паўдзельнічалі таксама ў экалагічным дзіцячым форуме, які ў гэтым годзе прайшоў у Беларусі. Выстаўка работ і ўзнагароджанне пераможцаў прайшло ў Інфармцыйным цэнтры па атамнай энергіі ў Мінску.


— Дарослыя, якія стамляюцца ад штодзённай працы і клопатаў, не могуць бачыць таго, што даступнае дзіцячым вачам. Работы вельмі цікавыя, у іх адлюстравана цудоўная прырода, і яны наглядна ілюструюць, што атамная энергетыка — гэта не толькі надзейная крыніца электраэнергіі, але і залог стабільнай будучыні і захавання прыроднай разнастайнасці, — заўважыла, вітаючы ўдзельнікаў конкурсу, Лілія ДУЛІНЕЦ, намеснік дырэктара Дэпартамента па ядзернй энергетыцы Міністэрства энергетыкі.

Работы падлеткаў з кожным годам становяцца ўсё больш сур'ёзнымі, адзначаюць як прафесійныя фатографы, так і ганаровыя госці выстаўкі, якую да канца года, дарэчы, змогуць убачыць таксама ў Расіі, Венгрыі і Абхазіі.

— Я ўражаны ўзроўнем і якасцю работ, хоць і не спецыяліст у гэтай галіне, — прызнаўся Віктар СВІЛА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. — Канкурсантам удалося данесці да гледача думку, што атамная энергетыка — гэта бяспечна, і за ёю будучыня. Спадзяюся, што ў наступныя гады ў вашых здымках з'явяцца і пазнавальныя мясціны нашай Астравеччыны.

Сёлета ў конкурсе змагалася каля тысячы юных фотамастакоў, і толькі 37 з іх (найбольш адметныя) паўдзельнічалі яшчэ і ў экалагічным дзіцячым форуме. Падчас майстар-класаў пад кіраўніцтвам прафесійных фатографаў з розных краін падлеткі пазнаёміліся з беларускай сталіцай, Брэсцкай крэпасцю, Белавежскай пушчай, Хатынню, Дудуткамі, Мірскім замкам.

— Некаторыя члены журы прызналіся, што проста зайздросцілі такім здымкам. Галоўнае, што гэта было не проста навучанне, як на курсах, а пагружэнне ў розныя мясціны і прыроду, дзе падлеткі спрабавалі сябе ў розных жанрах фатаграфіі, — выказаўся Расціслаў МАШЫН, член праўлення Саюза фатографаў дзікай прыроды, пад кіраўніцтвам якога канкурсанты ўдасканальвалі майстэрства фотаздымкаў.

Узнагароды пераможцы атрымалі ў намінацыях «Пейзаж», «Рэпартаж», «Партрэт», «Макра», «Жывая прырода». Дзіцячыя фатаграфіі сапраўды ўражвалі сваім выкананнем і работай з колерам, святлом і кампазіцыяй, а члены журы адзначылі іх непасрэднасць і натуральнасць. «Апошнім часам фатаграфія ідзе па шляху «фоташопу» ў яго штучнай форме: цені, святло, графіка — усё павінна стаяць на сваім месцы. Аднак у такіх здымках няма самога фатографа, а ёсць толькі сучасныя трэнды і крытэрыі, якія нам дыктуе час. Знікае магія фотаздымкаў. Але ў вашых работах яна ёсць», — выказаліся яны.

А яшчэ дзякуючы гэтаму конкурсу падлеткі змаглі выйсці з «каменных джунгляў» населеных пунктаў і акунуцца ў наш «натуральны дом», з якога выйшла чалавецтва, — заўважылі арганізатары.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Вырвацца з «каменных джунгляў»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.