Вы тут

Восем дзён таму пайшла з жыцця вядомая беларуская пісьменніца Алена Сямёнаўна Васілевіч


Восем дзён таму пайшла з жыцця вядомая беларуская пісьменніца Алена Сямёнаўна ВАСІЛЕВІЧ, якая нарадзілася на Случчыне 22 снежня 1922 года. Пайшла з жыцця на 99-м годзе...


Скончыўшы ў 1946 годзе філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Алена Васілевіч працавала ў Курскім абласным выдавецтве. У 1950 — 1972 — супрацоўніца часопіса «Работніца і сялянка». Затым — загадчыца рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва «Мастацкая літаратура». Працавала Алена Сямёнаўна і ў выдавецтве «Юнацтва».

Пакаленні падлеткаў былі захопленыя яе кнігамі. Найперш — тэатралогіяй «Пачакай, затрымайся...» Гэты цыкл склалі аповесці «Расці, Ганька», «Доля знойдзе цябе», «Новы свет», «Пачакай, затрымайся...» За гэтыя творы, напісаныя на аўтабіяграфічным матэрыяле (на восьмым годзе жыцця Алена Васілевіч засталася без бацькоў, гадавалася ў сваякоў), пісьменніца адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа (у 1976 годзе).

З-пад пяра Алены Васілевіч выйшлі кнігі «Блізкія знаёмыя», «Заўтра ў школу», «Сябры», «Падслухала сэрца», «Калінавая рукавічка», «Я з намі», «Пісар страявой часці», «Адно імгненне», «Шурка Рэмзікаў», «Мыс Добрай Надзеі», «Элегія»... Апошнія дзесяцігоддзі пісьменніца не выступала ў друку з арыгінальнымі творамі. Гаварыла ў рэдкіх інтэрв'ю пра тое, што яе час ужо мінуў, прыйшлі новыя чытачы. І ўсё ж перавыдаваліся ранейшыя кнігі, апавяданні, аповесці Алены Васілевіч уваходзілі ў калектыўныя зборнікі, хрэстаматыі. Настаўнікі беларускай літаратуры і сёння раяць іх чытаць сваім вучням, хлопчыкам і дзяўчынкам, якія адкрываюць жыццё... Прычына відавочная — у прозе, вытокі якой у іншым часе, прысутнічаюць светласць і дабрыня, без якіх не абысціся і сёння.

У пачатку 1980-х гадоў быў выдадзены трохтомнік Выбраных твораў Алены Васілевіч. Шкада, што няма пакуль асобнай манаграфіі пра творчасць пісьменніцы, аповесці і апавяданні якой яшчэ доўга будуць хваляваць чытача.

Мікола МІРШЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.