Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Першы званок

Хто б спрачаўся, я не буду: шлюбы сапраўды заключаюцца на нябёсах, то-бок многія сем'і стварае сам лёс ці нават Бог... Але ж гэта — потым, а вось спачатку...

Мая прыяцелька (назавём яе Лідай) у дзеўках сядзела доўга, прычым настолькі, што прыстасавалася жыць адна. Магла (прычым лёгка) і цвікі «забіваць» у бетонныя сцены, і столі фарбаваць, і сантэхніку правіць: не хацела запрашаць майстроў, пераважна таму, што збрыдзела чуць іх заўсёднае: «А дзе муж? Чаму ён не можа зрабіць?»

Не было ў Ліды мужа. Радню ды сяброў таксама турбаваць не хацела...

Як, дарэчы, і яны яе. Ведалі, што многае ўмее і робіць сама, ведалі, што ў асобныя дні ладзіць святы — імяніны сэрца, можна сказаць: для іх загадзя ў праграме тэлеперадач вышуквае самае цікавае кіно, да пачатку яго насмажвае курыных крылцаў ці кумпячкоў, накладвае ў талерку гарніру і...

Голас у тэлефоннай слухаўцы быў незнаёмы. І пытаў зусім не яе...

Сказала чалавеку, што той памыліўся, вярнулася на кухню, запіхнула ў духоўку начасночаную ды наперчаную курачку — тэлефон зазваніў па новай.

Пачуўшы толькі што чуты мужчынскі голас, нехта іншы мог бы і адчытаць чалавека — загадаць, каб правільна набіраў нумар, а то і паслаць куды падалей. Ліда была не з такіх. Да таго ж мужчына прызнаўся, што прыехаў з Вільні, што ў яго засталіся апошнія дзве капейкі на званок з тэлефона-аўтамата і што ён шукае свайго армейскага сябра, які сапраўды раней жыў у Лідзінай кватэры...

Карацей, грэх было не «ўвайсці ў становішча», не «сесці на тэлефон», каб дапамагчы.

Пакуль «сядзела» — набірала нумары ды шукала звесткі — з кухні даносіўся спачатку пах смажанай курыцы, а потым і... смурод ад згарэлай...

Вечар у Ліды быў сапсаваны.

Незнаёмец са сваімі дзвюма капейкамі, мусіць, па голасе адчуў, што ў Ліды нешта зрабілася (прычым з-за яго!) і таму досыць ветліва спытаў, ці не можа ён хоць неяк загладзіць сваю віну — скажам, білетамі ў тэатр?

Ліда кінула: «Не!» і тут жа (як расказвала потым) захацела... адпомсціць.

Справа ў тым, што Дзюймовачкай яна не была (хіба ў маленстве), бо ў юнацтве ўжо актыўна гуляла ў баскетбол за зборную школы, раёна, потым інстытута. А калі да ўсяго абувала парадныя туфлі на высокіх абцасах, магла лёгка сысці за цэнтравую ў якой-небудзь зборнай.

...У гэтай «ролі» (помсціць — дык па-сапраўднаму) яна пайшла ў тэатр.

Незнаёмец — досыць сімпатычны мужчына — чакаў яе і, што вельмі здзівіла, нічуць не разгубіўся: сказаў, што ў іншыя дні ён наогул... вышэйшы і нават прыгажэйшы, а вось сёння, на жаль...

Чалавек, карацей, быў з гумарам і трымаўся настолькі ўпэўнена і спакойна, што Ліда яшчэ ў пачатку спектакля пашкадавала, што выбрала такі нязручны абутак...

Што было далей, вы здагадаліся. Так-так, у сямейных датах маёй даўно замужняй прыяцелькі ёсць свята першага званка. Яна тады — па традыцыі — робіць на гарнір салату і смажыць курыцу — амаль «як тады»: да лёгкага дымку.

Вольга БАРЫСІК

г. Мінск.


Чорт... З ціхага балота

Задорнаў казаў, што ў слове «замужество» першыя дзве літары — за — добра было б пісаць асобна. Можа, не заўсёды, але ж...

Калі глядзець здалёк, дык цётцы Мані на чалавека пашчасціла: яе Васечка — добры гаспадар. Двор-хата-лазня ў яго дагледжаныя, агарод узараны, грады пароблены, дроў назапашана, сена — поўнае гумно... Прычым не толькі дома: яго клопатам яшчэ і цешча жыве ну як у Бога за плячыма, бо зяць — працаўнік, якіх пашукаць!

Аднак — не без таго — «закідоны» таксама мае. З Васевых найгоршых — манія велічы. Гэта значыць, лішнюю чарку ўзяў і ўсё — «пальцы ў роскідку»: я, маўляў, тое, я, маўляў, гэта… Я — чалавек, а вы ўсе… І мат-перамат — праз слова! Прычым да дзядзькоў, да мужчын Вася не вельмі чапляўся (бо тыя ж і ў «пятак» могуць даць), а вось жонцы хапала. На яе толькі што руку муж не падымаў. Жонка цярпела... І цярпела, трэба сказаць, доўга, але ж неяк...

Неяк, у час новага старога «канцэрта», яе цярпенню прыйшоў канец: захацелася адказаць. А каб да Васі лягчэй дайшло, то... ягонай жа моваю, што гучала прыкладна так:

— Усё... (Тут і далей мацюкі прапускаюцца)! Надакучыў ты мне!

Вася аслупянеў, працверазеў: яго Маня (чаго ніколі не было!) такі выйшла з сябе? Закрычала:

— Калі ты, — мацюкалася далей, — яшчэ раз... Дзе сякера? Адсяку... галаву — і рука не задрыжыць!

Прычым жонка не проста пагражала, — яна (ужо з сякерай) ішла ў наступленне!

Вася (росту ў яго метр з шапкай) не на жарт спужаўся, бо смерць прыняць (а тым больш вось такую) яму зусім не хацелася. А таму ён куляй выскачыў з хаты, па замерзлых градах, у адных трусах, панёсся да цешчы, папрасіў «палітычнага прытулку».

Яе ж, цешчачку, раніцой да Мані паслаў: паглядзець — чакае-не чакае? З сякерай ці без?

— Блінкі пячэ. Для цябе, — хвілін праз пяць далажыла цешча.

Але есці іх Вася не стаў: дамоў заскочыў, апрануўся і на работу.

Па дарозе яшчэ брыгадзіра сустрэў — разгаварыліся. Той як нічога ніякага пацікавіўся справамі ды жыццём:

— Як жонка, — удакладніў, — не крыўдзіць цябе?

— Мяне?! — гучна абурыўся Вася (у крыві нейкі градус яшчэ застаўся, відаць). — Хай толькі паспрабуе!

— А што — пакуль не спрабавала?

— Не! Ты што! Яна ў мяне во дзе (Вася паказаў свой кулак): слова супраць не скажа!

— А людзі баюць, што было, што сёння (у вёсцы ж нічога не ўтоіш) ты ў цешчы начаваў.

— Дык жа праведаць яе хадзіў.

— А казалі, што лётам ляцеў...

— Дык спяшаўся...

— ...У адных трусах? Порткі што — надзець не паспеў?

— Ды не да іх было, — агрызнуўся Вася, загнаны ў кут. — Маня мая — чорт, а не баба! Галоўнае, ніжэй травы была — ціхая-ціхая...

Сказаць, што пасля гэтага выпадку такім самым ціхім стаў Васіль, будзе няпраўдай: і выпіваць ён не кінуў, і «выступаць» пачынаў...

Але ж Маня тады толькі вокам блісне ў той куток, дзе вілкі стаяць, — муж тут жа капітулюе:

— Усё, мая Манечка, усё: я пайшоў, я ўжо сплю.

...Як паглядзець, дык пашчасціла жонцы, бо нехта з іншых мог бы і адказаць ці (крый бог!) таксама за сякеру схапіцца. І ўсё тады — Мамаева пабоішча! Пасля якога...

(Нават уяўляць не хочацца...)

А Вася, бач, разумее, што біцца — гэта апошняя справа. Тым больш — з жанчынай. Лепей уцячы. Ці не так?

Соф'я КУСЯНКОВА

в. Лучын, Рагачоўскі раён.


Каму што, а галоднаму хлеб

У санаторыях я бывала нячаста: ведама, вёска, сям'я, гаспадарка — усё прасіла ўвагі. Ды і з работы ў школе ніхто не адпускаў. Хіба што асобных... Па блаце — ён жа не толькі ў крамах ды аптэках быў... А спіна між тым у мяне балела... Ды часам так...

Вось гаспадар мой неяк і здаўся: прынёс пуцёўку. «Збірайся, — сказаў, — і едзь».

«Ну чаму б, — падумала, — і не, калі муж дома, калі дзеці не маленькія, да работы прывучаны...»

Я мігам сабралася — і ў дарогу.

Ужо на месцы доктар прызначыла ванны, гразі, масаж, фізкультуру... Шмат што ўваходзіла тады ў кошт пуцёўкі — ні за што даплачваць не трэба было! Плюс адпачынак, добрая мінеральная вада, харчаванне, сон... Спіну маю — адпусціла! На танцы захацелася: баяніст дужа добра іграў. А мяне ж у маладосці хлебам не кармі, дай патанцаваць.

Ну і пайшла — адвяла душу ў першы вечар.

У другі — я таксама там. Бачу: мужчына да мяне кіруе, вітаецца. Прычым не стары зусім, ніштаваты... Такі — сама сабе думаю — мог бы і маладзейшую сабе падабраць...

А ён адразу ж усё па палічках: я, маўляў, Віктар, штогод адпачываю тут, люблю танцаваць, а вось шашні заводзіць не люблю і не хачу... Вы, бачу, таксама на мужчын не пазіраеце... Дык ці згодныя быць маёю партнёркай? «З радасцю, — кажу, — калі станцуемся».

Вось і выйшлі мы ў кола, вось і адрываліся: ніводнага танца не прапускалі. «Шкада, што раней не сустрэліся, — Віктар мне кажа. — Вось бы натанцаваліся». Я ж са смехам: «Ага, удваіх на абутак толькі і працавалі б!»

Не прызналася яму, што адны басаножкі ў мяне ўжо разваліліся.

І партнёр, бачу, нечым збянтэжаны. Кажа: «Адыдземся... Трэба пагаварыць».

Мяне ад гэтай прапановы як варам абліло: усё, даскакалася, думаю...

Адышлі мы да лавачкі, селі, і засыпаў мяне мой партнёр пытаннямі: пра дзяцей маіх, пра тое, як з мужам жывём, што ў гаспадарцы маем?...

Расказваю — і аж страх бярэ: ці не ў сваты чалавек сабраўся? А ён раптам з просьбай: «Раскажыце, як вы сала соліце, што робіце з кумпякамі? А то я ад маці сваёй свежыны прывязу і палавіну потым выкіну. Не так шкада прадукту таго, як мамінай працы».

У мяне тут ад сэрца адлягло! Давай расказваць, як тушу дзяліць (маразільнікаў тады ні ў кога не было), што на тушонку пусціць, што на каўбасы, рулеты, паштэты... «А сала, — кажу, — лепей саліць без праслойкі (бо мяса чарнее), солі не шкадаваць... З кумпякоў лепш адразу даставаць косткі, а мяса рэзаць на кавалкі і ў насычаны саляны раствор. Паляндвіцу таксама добра пасаліць, адбіць, зрабіць надрэзы і нашпігаваць тоненькімі палоскамі сала (тады яна сакавітая будзе)...

Захапілася, карацей: нават пра памылкі свае расказала. Разам з Віктарам пасмяяліся.

Пад канец размовы ён яшчэ падзякаваў, сказаў, што ўсё запомніў і сам усё гэта будзе рабіць — жонцы больш не даверыць. На тым мы і разышліся.

А калі вярнулася ў пакой, суседка па ложку сказала, што іншыя жанкі цікавалі за намі: чакалі (у каго што баліць...), калі цалавацца пачнём?

Не дачакаліся, бедныя.

Любоў ЧЫГРЫНАВА 

г. Мінск.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.