Вы тут

Навум Гальпяровіч: з кнігі «Сэлфі з часам»


З КНІГІ «СЭЛФІ З ЧАСАМ»


Брыль

Фота БелТА

...Здымак атрымаўся не вельмі якасны, ну не было тады смартфонаў! Але на ім выразна бачны нашы твары, сяброўскае застолле з гарбатай і не толькі, і галоўны персанаж — наш дарагі Іван Антонавіч Брыль. Практычна ўсе дарагія мне людзі разам з класікам — сябры нашага літаратурнага аб’яднання «Крыніцы». Гэта было ў Наваполацку ў канцы васьмідзясятых гадоў, час, поўны рамантыкі і светлых чаканняў.

Яго той прыезд у наш горад памятаецца ярка і шчымліва, бо тыя два сонечныя вераснёўскія дні — моманты сапраўднага свята і светлага ўзрушэння, які падарыў мне адзін з самых любімых з дзяцінства пісьменнікаў.

Упершыню я блізка ўбачыў аўтара хрэстаматыйных апавяданняў са школьнай праграмы на семінары маладых літаратараў у Каралішчавічах. 

Гэта быў 1969 год, і я, аўтар некалькіх падборак у абласной газеце і пераможца абласнога конкурсу сярод пачынаючых аўтараў, адчуваў сябе нібы школьнік, які трапіў у кампанію студэнтаў. 

Мае равеснікі ўжо даволі трывала заявілі пра сябе, рыхтавалі або ўжо мелі свае першыя кніжкі. Яны мне здаваліся недасяжнымі зоркамі, і я глядзеў на іх з захапленнем. 

А тут яшчэ сам Янка Брыль, які гутарыць з кожным так прыязна, смяецца і жартуе, нібы блізкі сусед ці знаёмы дзядзька.

Так аказалася, што на здымку ў ранішняй газеце я апынуўся сярод тых, хто стаіць побач з класікам, хаця, канечне, я тады і не асмеліўся б звярнуцца да яго з нейкім пытаннем, не кажучы ўжо, каб пазнаёміцца.

Ці мог я тады ўявіць, што буду мець не адну яго кнігу з аўтографам, падораную мне асабіста. 

Памятаю, як я прыехаў са свайго Полацка на чарговы з’езд Саюза пісьменнікаў, і першае, што пачуў, увайшоўшы ў фае нашага Дома на Фрунзэ, 5: «Цябе ўжо даўно шукае Брыль».

А ён тады мне падпісаў сваю кнігу «Муштук і папка», пра якую я паспеў напісаць захоплены водгук у «ЛіМ».

Да гэтага часу захоўваю паштоўкі, якія ён прысылаў мне з розных нагод, і памятаю, што першы, хто павіншаваў па тэлефоне мяне пасля пераезду ў Мінск на працу ў часопіс «Вожык», быў менавіта Іван Антонавіч.

А ў тыя вераснёўскія дні яго прыезд, удзел у пасяджэнні нашай суполкі, выступленні перад чытачамі сталі той жменяй сонечных промняў, нібыта ажыла яго цудоўная кніга.

Брыль увогуле ўмеў зачароўваць сваёй прысутнасцю ўсіх, з кім сустракаўся. А тут ён фантанаваў бляскам эрудыцыі, спагадлівым выглядам, шчодрым гумарам і абаяльнасцю. Нібыта блізкі сваяк, які даўно не бываў у гасцях, дзе яго чакалі.

Пасля аднаго з выступленняў нас запрасіла на абед загадчыца аддзела культуры Людміла Касьянава.

За кавай раптам Іван Антонавіч, расказваючы пра сваю службу ў польскім войску, пра пачатак Другой сусветнай вайны, які ён сустрэў там, пра палон у гітлераўскім канцлагеры, заспяваў прыемным голасам польскія народныя песні. Затым дайшла чарга да рускіх, беларускіх, якія мы з ахвотай падхапілі. Наш спеўны абед працягваўся больш за дзве гадзіны. І на душы, думаю, усім яго ўдзельнікам было вельмі хораша.

Іван Антонавіч пазіраў на нас з крыху няўлоўнай хітрынкай. Ён, безумоўна, ведаў, што ўмее падабацца людзям, але шчодра дзяліўся сваёй абаяльнасцю, падтрымліваючы той святочны настрой, які быў у нас ад сустрэчы.

Загадчыца аднаго з дзіцячых садкоў з Полацка, даведаўшыся, што ў нас гасцюе Брыль, слёзна маліла прывезці яго да дзетак. Гэта выбівалася з праграмы, і мы баяліся, што Івану Антонавічу будзе цяжкавата.

Але ён згадзіўся, і мы павезлі яго ў Полацк на незапланаваную сустрэчу.

Не ведаю, ці зразумела малеча, хто перад ёю выступае, але загадчыца ўся свяцілася ад шчасця.

Разанаў

Крыху пажаўцелы здымак у маім альбоме — сярод самых улюбёных. Ён і цяпер стаіць перад маімі вачыма і будзіць светлы ўспамін:

Яго адкрыццё

...Чатыры крокі па кватэры

Праз ноч, няўтульнасць, забыццё.

О, неразважлівая вера

У вышыню і адкрыццё!..

Голас высокага хударлявага юнака зачароўваў. У вокны зазіралі заснежаныя сосны, а ва ўтульнай натопленай зале панавала засяроджаная цішыня. Вершы чытаў Алесь Разанаў. І было гэта ў Каралішчавічах, у Доме творчасці пісьменнікаў, на семінары маладых літаратараў.

Я тады, памятаю, занатаваў у блакнот: «Алесь Разанаў — будучы геній». Максімалізм дваццацігадовага хлопца, які ўпершыню трапіў у цудоўную казку — менавіта такім для мяне застаўся той семінар...

Алесь Разанаў перавярнуў тады ўсе мае адносіны да паэзіі, яго прыклад з таго часу быў асноўным: і ў мове, і ў філасофіі, і ў вобразнасці. Я паўтараў не ўслых яго радкі:

Да ўсходу гарланяць пеўні

І захад як боль прыціх.

Губляючы іх, напэўна,

Губляем сябе саміх.

Гэта з верша «Дрэвы». І напісаў яго амаль мой равеснік!..

Так сталася, што ў апошні дзень семінара ўдзельнікаў на вялікім аўтобусе адвозілі ў Мінск. Але некалькі чалавек, сярод якіх былі Алесь Разанаў і Віктар Ярац, вырашылі застацца яшчэ на дзень. Да іх далучыўся і я, бо вельмі хацелася больш пабыць сярод такіх цікавых людзей. І галоўнай асобай для мяне быў, безумоўна, Алесь.

З таго часу я заўсёды шукаў у друку радкі Разанава, успамінаў нашы гутаркі, аднойчы паслаў яму сваю рэцэнзію на яго кнігу, надрукаваную ў полацкай газеце...

А сустрэліся зноў мы значна пазней, калі Алесь з сябрам-паэтам прыехаў у Полацк на выступленне перад моладдзю раёна. 

Ён ужо быў мінчанінам, выдаў другую кнігу, а я — раённым журналістам, адным з аўтараў калектыўнага зборніка. І хоць, здавалася, адлегласць паміж нашымі творчымі здабыткамі была досыць важкая, Алесь не толькі згадаў сустрэчы ў Каралішчавічах, але, як аказалася, чытаў мае публікацыі.

Пасля выступлення і афіцыйнага пачастунку мы ўтрох у гасцініцы прагаварылі амаль усю ноч. Што ўражвала: Разанаў быў вельмі далёкі ад звычайных у такіх выпадках сяброўскіх гаворак і калялітаратурных плётак. Яго цікавіла толькі літаратура, і гаварыў ён толькі пра літаратуру. Часам здавалася, што яму не так важна, хто з ім зараз за сталом. Ён разважаў пра літаратурны працэс, пра творчасць знакавых для яго пісьменнікаў. І зноў у мяне было такое ўражанне, як у далёкіх Каралішчавічах.

А пра наступную сустрэчу я мару напісаць апавяданне і назваць яго «Пяць пяцьдзясят пяць». Гэта час адпраўлення аўтобуса з Наваполацка ў Мінск.

А прыехаў Алесь Сцяпанавіч на творчую сустрэчу ў гарадскі цэнтр нацыянальнай культуры, куды сабраліся літаратары, мастакі, студэнты і выкладчыкі мясцовага ўніверсітэта.

Абсалютнай нечаканасцю для мяне стала тое, што шаноўны госць у сваім выступленні працытаваў цалкам мой верш «Я вучань» і высока ацаніў яго філасофскі сэнс. Дарэчы, пра гэты верш ён потым не раз згадваў пры сустрэчах у Мінску.

Вечарына зацягнулася. Прысутныя задавалі шмат пытанняў, Разанаў ахвотна адказваў.

Толькі калі сустрэча закончылася, ён запытаў: «А як цяпер дабірацца назад у Мінск?» І, пачуўшы, што з аўтавакзала першы аўтобус адпраўляецца ў пяць пяцьдзясят пяць раніцы, сказаў што гатовы стаць яго першым пасажырам і спаць да раніцы не збіраецца. 

Усю ноч мы правялі цеснай сябрынай ва ўтульнай кватэры Ірыны Жарнасек за сціплым сталом, бо не застолле было галоўным, а высокі дух сапраўднай паэзіі і нечага невымоўна шчырага і светлага, што прыўнёс сваёй прысутнасцю Алесь Разанаў. А як натхнёна ён чытаў паэму Янкі Купалы «На куццю»!..

І словы «пяць пяцьдзясят пяць» гучалі рэфрэнам з яго вуснаў усю ноч. І, здавалася, што яны набывалі нейкі сакральны таемны сэнс, і ў гэтым «пяць пяцьдзясят пяць» чулася нешта незвычайнае і загадкавае.

Да аўтобуса мы з Алесем ішлі пешшу. Памятаю яго словы:

— Навум, ты працуеш з гукам. А ці не хацелася б табе глыбока ўнікнуць у яго паходжанне, разабраць знутры яго таямніцу?

Ён тады жыў пошукамі сэнсу слоў, тымі пункцірамі, версэтамі, мініяцюрамі, якімі напаўняў свае новыя кнігі, кожная з якіх станавілася адкрыццём, пра што марыў з юнацтва.

Потым былі сустрэчы ў Мінску. Часта нечаканыя, кароткія, але заўсёды цёплыя і шчырыя.

Неяк на адным з прыёмаў ён, прадстаўляючы мяне сваёй суразмоўцы, зноў згадаў мой верш, падкрэсліваючы апошні радок: «І страшна, што не вывучыў урока».

«Навум сказаў тое, што можа сказацькожны: страшна, калі не вывучыў урок жыцця. На жаль, мы ўсе ў гэтым сэнсе дрэнныя вучні».

Так нечакана для мяне самога прагучала гэтае прачытанне паэтам і мысляром маіх сціплых радкоў, і тут зноў праявілася характэрная рыса Разанава — дакапацца да самай сутнасці.

Не так даўно я датэлефанаваўся да Алеся Сцяпанавіча і запрасіў яго стаць удзельнікам маёй тэлепраграмы «Суразмоўцы». Я даўно марыў пра такую гаворку перад тэлекамерамі, бо ведаў, што яна будзе яркай і цікавай.

Але Разанаў ветліва адмовіўся, сказаўшы, што вельмі заняты новым праектам, і абяцаў праз пэўны час да гэтай размовы вярнуцца.

Я не ведаў, што ён хворы, а голас яго ў тэлефоннай трубцы быў па-ранейшаму малады. Гэта была наша апошняя гутарка. І цяпер часта ў маю памяць прыходзяць знаёмыя радкі паэта:

І адкрыццё — праз золак белы,

Праз апантанасці агонь,

Нібыта яблык пераспелы,

Само ляцела у далонь.

Не, не само яно ляцела. Яно было выпакутавана ўсім жыццём і творчасцю Паэта, імем якога будзе заўсёды ганарыцца наша літаратура.

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.