Вы тут

«Мы разам»: як атлеты краіны пераадольваюць цяжкасці


​У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем важныя спартыўныя навіны.


Героі тыдня

Беларуская зборная па фехтаванні на інвалідных калясках выступіла на міжнародным турніры ва Уфе. Крысціна Фяклістава заняла першае месца ў жаночай шпазе (катэгорыя Б), Андрэй Праневіч стаў пераможцам у мужчынскай шпазе (катэгорыя Б). Крысціна Фяклістава таксама заняла першае месца ў жаночай шаблі, а Настасся Кручкова заняла другое месца ў гэтай частцы праграмы. Алеся Макрыцкая стала трэцяй у спаборніцтвах на рапіры.

Перамога тыдня

Беларускі велагоншчык Яўген Каралёк стаў пераможцам пралогу на шматдзёнцы «Пяць кольцаў Масквы». На папярэднім этапе шматдзёнкі спартсмены спаборнічалі ў індывідуальнай гонцы на час. Дыстанцыю ў 3,8 км Каралёк, які прадстаўляе веласіпедны клуб «Мінск», пераадолеў за 4 хв. 35 сек., усяго на паўсекунды апярэдзіўшы расіяніна Аляксандра Еўтушэнку. На другім этапе гонкі спартсмены пераадолелі дыстанцыю ў 149,6 км па алімпійскай велатрасе ў Крылацкім. Пераможцам гонкі стаў прадстаўнік веласіпеднага клуба «Мінск» Яўген Собаль.

Аб’ява тыдня

З чэрвеня беларускія і расійскія дзюдаісты змогуць выступаць на міжнародных стартах у нейтральным статусе. Такое рашэнне прыняла Міжнародная федэрацыя дзюдо. «Гэтае рашэнне дае роўныя шанцы ўсім атлетам узняцца над палітыкай, канфліктамі і іншымі пытаннямі, не звязанымі са спортам. Парушэнне правоў атлетаў, якія выступаюць пад нейтральным сцягам, будзе прызнана дыскрымінацыяй», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Турнір тыдня

У Санкт-Пецярбургу завяршыўся ўсерасійскі турнір па грэка-рымскай барацьбе «Белыя ночы» памяці алімпійскага чэмпіёна Анатоля Рошчына. Па выніках турніру беларуская каманда па грэка-рымскай барацьбе заваявала чатыры медалі. У вагавой катэгорыі да 55 кг перамог Максім Ступакевіч, «золата» ў катэгорыі да 77 кг дасталася Мікіту Казакову. Арцём Кацэр (да 55 кг) і Аляксандр Лявончык (да 67 кг) выйгралі бронзавыя ўзнагароды. Усяго на 34-м турніры «Белыя ночы» прынялі ўдзел 10 беларускіх барцоў.

Пазіцыя тыдня

 Беларуска Арына Сабаленка вярнулася ў першую пяцёрку рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). На мінулым тыдні першая ракетка Беларусі займала ў Міжнародным рэйтынгу 6-е месца. А пасля выхаду ў фінал турніру ў нідэрландскім Хертагенбосе паднялася на адну пазіцыю, набраўшы 4145 балаў. Вікторыя Азаранка засталася на 19-м радку (2330 балаў), Аляксандра Сасновіч займае 38-е месца (1341). На гэтым тыдні Арына Сабаленка і Аляксандра Сасновіч выступяць на спаборніцтвах у Берліне.

У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) Ілья Івашка падняўся з 49-га на 42-е месца (1060 балаў). Яшчэ адзін беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў знаходзіцца на 144-м радку (427).

Цытата тыдня

 «Наша задача — утрымаць спорт за межамі негатыўнага палітычнага трэнду. Нам трэба, каб урады паважалі ролю МАК. Паглядзіце на нашых сяброў з тэніса. У Парыжы на „Ралан Гарос“ беларусы і расіяне маглі гуляць як нейтральныя спартсмены. Але перад Уімблдонам у Лондане брытанскі ўрад сказаў „не“. Калі мы дазваляем гэта — мы прайграём», — сказаў прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах наконт адхілення беларускіх і расійскіх спартсменаў. Яго словы прыводзіць партал Inside The Games. Томас Бах намякнуў: яму не падабаецца, што рашэнне аб адхіленні беларусаў і расіян ад Уімблдонскага турніру было прынята пад ціскам урада Вялікабрытаніі. Па яго словах, гарантаваць сумленныя міжнародныя спаборніцтвы немагчыма, калі ўрады ў адпаведнасці са сваімі палітычнымі інтарэсамі самі вырашаюць, хто можа ўдзельнічаць у турнірах, а хто — не. «Сёння гэта Расія і Беларусь, а заўтра гэта ваша краіна. У свеце няма краіны, якая падабалася б усім астатнім урадам», — лічыць функцыянер.

Турнір тыдня

У Мінску прайшоў чарговы этап Беларускай лёгкаатлетычнай лігі «Мы разам». Ён сабраў наймацнейшых спартсменаў краіны, якія працягваюць набіраць форму да галоўных спаборніцтваў летняга сезона. У бегу на 100 метраў пераможцамі сталі Дзяніс Блізнец і Кацярына Жываева, у бегу на 110 і 100 метраў з бар’ерамі — Віталь Парахонька і Эльвіра Герман. Максім Грабарэнка і Эльвіра Герман сталі найлепшымі ў бегу на 200 метраў, а Раман Валодзькін і Аляксандра Хільмановіч — пераможцы забегу на 400 метраў. На 400 метрах з бар’ерамі перамаглі Ягор Хаўратовіч і Аляксандра Хільмановіч. Найлепшымі ў забегу на 800 метраў сталі Сяргей Карпаў і Вольга Немагай, а на 1500 метрах — Сяргей Карпаў і Вольга Немагай. Першымі да фінішу забегу на 5000 метраў прыйшлі Сяргей Краўчэня і Карына Тамашук. У спаборніцтвах у скачкі ў даўжыню перамаглі Аляксей Дудзінскі і Анастасія Мірончык-Іванава. А найлепшы трайны скачок паказалі Ягор Чуйко і Анастасія Нягода. Найлепшымі ў сектары для скачкоў у вышыню былі Дзмітрый Набокаў і Ганна Гарадская. З шастом лепш за усіх скокнулі Дзмітрый Марфушкін і Ірына Жук. Далей за ўсіх ядры ляталі ў Дзмітрыя Карпука і Алены Дубіцкай. У кіданні дыска перамаглі Яўген Багуцкі і Святлана Сярова, у кіданні кап’я — Аляксей Каткавец і Вікторыя Багуцкая, у кіданні молата — Аляксандр Шымановіч і Анастасія Маслава.

Валерыя СЦЯЦКО

Фот з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.