Вы тут

Ксенія Дземідовіч: На сцэне і ў жыцці — быць максімальна шчырай


Яна і не думала нават, што калі-небудзь стане актрысай. Дзяўчына-гарэза з Мар'інай Горкі, дачка міліцыянера, у восьмым класе плакала пад песні гуртоў «Арыя» і «Metallіca» і бачыла сваё прызванне толькі ў рок-музыцы. Аднак музычная школа па класе цымбалаў, у якую на той час хадзіла, не вельмі стасавалася з яе захапленнем. І калі прыйшоў час, дзяўчына вырашыла, што яе навучаць спяваць рок у сталіцы. Лёс жа прывёў не толькі да музыкі, але і да тэатральнай сцэны. Сёння ў творчым рэпертуары нашай гераіні галоўныя тэатральныя ролі ў такіх вядомых спектаклях, як «Не пакідай мяне», «Радавыя», «Апошні палкі закаханы», «Сабака на сене», «Рэвізор», а таксама здымкі ў шэрагу фільмаў: «Мішэль» (2018), «Абсурд» (2022), «Успышка» з Іванам Ахлабысціным у галоўнай ролі, дзе ў вобразе спявачкі яна выконвае на сцэне сваю аўтарскую песню «Аднымі вачыма», і іншых. Пра свой шлях у прафесію і работу ў Драматычным тэатры беларускай арміі расказвае госця «Чырвонкі. Чырвонай змены», актрыса, спявачка і педагог Ксенія Дземідовіч.


— Ксенія, раскажыце аб сваім захапленні рокам і чаму ў выніку вашай асноўнай дзейнасцю стаў тэатр?

— У восьмым-дзявятым класе я марыла стаць спявачкай і ўяўляла, што на сцэне за маёй спінай рок-калектыў, а я ўся ў скураным адзенні з доўгімі валасамі спяваю (смяецца). У той час я займалася цымбаламі ў музычнай школе і вельмі саромелася гэтага. І вось пасля дзявятага класа, жадаючы быць вакалісткай рок-гурта, паехала ў Мінск.

Я тады вельмі нефармальна адзявалася — у скуры, у шыпах. Прыйшла ў прыёмную камісію музычнага каледжа і сказала: навучыце мяне спяваць рок (смяецца). Мне адказалі, што гэтаму тут не вучаць. На той час я не разумела, куды іду і што мае цымбалы тут зусім недарэчы.

У мяне проста была мэта навучыцца спяваць. І аказалася, што музыкальна я вельмі развітая. Пасля заканчэння каледжа мусіла пайсці вучыцца далей: мне не падабалася маё размеркаванне, таму накіравалася ў кансерваторыю. Мяне бралі на клас акадэмічных спеваў. Аднак я не была гатовая паступаць туды. І мой майстар па вакале параіў Універсітэт культуры. Там прапанавалі ісці на харавое з разлікам, што пасля мяне перавядуць у кансерваторыю на курс ніжэй. Я заўсёды была бунтаркай і не хацела спяваць на лаўцы, здавалася, што хор — гэта нешта сарамлівае. І тады ўбачыла аб'яву са спецыяльнасцямі, на якія можна паступіць. На вочы трапіла «Рэжысура». На сённяшні момант па адукацыі я рэжысёр тэатра.

Памятаю, на экзамены прыцягнула цымбалы — камісія такога не бачыла ніколі, я там так «бахнула» на іх (усміхаецца). Карацей, паступіла, але ў плане рэжысуры не зусім атрымалася. Справа ў тым, што ў мяне нестандартнае мысленне — звярталася да сюррэалізму, а гэта, як вядома, людзям не вельмі неабходна. Майстар курса мяне не дужа любіла, таму я займалася сабой і была ў прынцыпе пазбаўленая акцёрскай практыкі ва ўніверсітэце. Мяне проста не дапускалі да акцёрскіх работ. Але гэта не спужала мяне, таму што я займалася прафесіянальна вакалам і ўсходнімі танцамі.

— Калі пачаўся ваш прафесіянальны шлях у тэатры Беларускай арміі?

— Калі я адвучылася чатыры курсы ва ўніверсітэце, быў кастынг у наш драматычны тэатр. На той час неабходная была актрыса, якая магла б хутка ўвайсці ў рэпертуар. Конкурс — каля дваццаці чалавек на месца. Я проста была ўпэўненая, што мяне не возьмуць, бо ніколі не мела ніякіх сувязяў. Усё, чаго дасягнула ў жыцці, зрабіла сама. І вось праз два месяцы мне патэлефанавалі і прапанавалі прайсці выпрабаванне другі раз. Памятаю, расказала маналог, яшчэ хацела спець, станцаваць, але мне не далі. У той момант здавалася, што выходжу на прафесійную сцэну першы і апошні раз. Аднак у маім чамадане быў касцюм для ўсходняга танца — я вельмі сур'ёзна рыхтавалася (смяецца). І нечакана выйшла і сказала, што хачу паказаць свой касцюм, які рыхтавала ўсю ноч. Вядома, мяне ўзялі (смяецца). І да гэтай пары ў мяне ёсць дэвіз, маё крэда: я кожны раз выходжу на сцэну, як у апошні раз. Гэта датычыцца маёй музычнай дзейнасці, і тэатральнай, і любых маіх калярабочых момантаў — я па-іншаму не магу працаваць.

— А як склаўся лёс з вакалам?

— Раней у нас з маёй камандай быў гурт JOHNCONNOR, а з мінулага года з'явіўся новы склад і, адпаведна, новая назва — Dbyna. Мы спяваем на беларускай мове калярокавыя песні, цесна супрацоўнічаем з маладымі выпускнікамі кансерваторыі. Аўтарам тэкстаў песень і музыкі выступае мой муж — у нас моцныя партнёрскія ўзаемаадносіны: ён займаецца падрыхтоўкай матэрыялу, распрацоўкай і аранжыроўкай. Я — наша аблічча, візітная картка. Гурт, у адрозненне ад кавер-бэнда, — як сям'я, мы адно цэлае. Калі прыходзіш на рэпетыцыю, гэта такая асалода!

— Ксенія, вядома, што з музычнай і тэатральнай дзейнасцю вы сумяшчаеце яшчэ і педагагічную, і літаратурную...

— Я адбылася як педагог акцёрскага майстэрства і рэжысуры. Шчыра вам скажу, ніколі не думала, што буду стасавацца і працаваць з людзьмі. Доўгі час пазбягала гэтага, таму што лічыла: каб кагосьці вучыць, ты сам павінен адбыцца як нешта цэласнае. Наконт літаратуры — я пісала заўсёды, люблю прозу, падчас навучання да экзаменаў па рэжысуры сама пісала пад сябе п'есы для пастаноўкі.

— Усім вядома, што пасля нараджэння дзіцяці светапогляд жанчыны на многія рэчы мяняецца. Ксенія, а як падзейнічала на вас мацярынства?

— У 28 гадоў я нарадзіла дзіця, і ў маёй галаве, як і ў жыцці ўвогуле, усё перавярнулася. Таму і на свае ролі я паглядзела інакш. Напрыклад, роля карміцелькі, якую я іграю ў «Рамэа і Джульеце», — гэта неба і зямля паміж тым, што я рабіла ў 25 гадоў, і тым, што я раблю цяпер, у свае 32.

У той час я выкладала ў тэатральнай школе-студыі. Там два гады займалася з дзецьмі. Разам з імі вучылася, як працаваць, пісала п'есы пад пэўных навучэнцаў. Напрыклад, калі дзіця не выгаворвала літару «р», тэкст у яго быў без гэтай літары. Я вельмі карпатлівая і скрупулёзная ў гэтым плане (усміхаецца). Люблю назіраць, як дзіця становіцца акцёрам. Паралельна выкладала ў мадэльных школах для жанчын ад 18 да 60 гадоў. За гэты час навучылася бачыць усе блокі чалавека, яго няўпэўненасць у сабе.

— У вас ёсць любімыя ролі?

— Я люблю сваю работу, і мая задача — кожны спектакль іграць як апошні раз. Я характарная актрыса. Маё прызванне — пераўвасабляцца і іграць. Люблю, калі на мне шмат макіяжу, чым больш яркі вобраз, тым лепш. У гэтым азарт і цікавасць. Падабаюцца непрыгожыя вобразы. Растлумачу: прыгожыя выклікаюць у мяне сум. Характарны, яркі, запамінальны вобраз — вось гэта сок, гэта жыццё, гэта работа!

— У жыцці прымяняеце акцёрскія ўменні?

— Стараюся ў жыцці і на сцэне быць максімальна шчырай. Бывае, людзі думаюць, што я крычу, бо ў мяне пастаўлены голас, але я проста эмацыянальна кажу (смяецца). Я эмацыянальна разладжаная — бо трэба быць падрыхтаванай, напрыклад, калі ты прыходзіш на кастынг і табе кажуць: заплач — і ты на раз-два-тры — павінна заплакаць. У жыцці я стараюся не звяртацца да гэтага.

— У тэатры ёсць месца сяброўству?

— Я лічу, што сябар павінен быць адзін — гэта муж (усміхаецца). У мяне няма сябровак. Прызнаюся, стараюся менш стасавацца з людзьмі, бо ў кожнага сваё жыццё. У зносінах з сяброўкамі я не бачу ніякага сэнсу.

— Што ў прафесіі акцёра для вас з'яўляецца самым важным?

— Для мяне важныя шчырасць, прафесіяналізм, поўная самааддача і пастаяннае імкненне да самаразвіцця. Я вельмі сумленная, для мяне важна, калі я выконваю сваю работу на поўную моц, калі спектакль удаўся і мне не сорамна выходзіць на паклон.

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.