Вы тут

Калі і што з адпрацаванага ядзернага паліва будзе вяртацца ў Беларусь?


Беларусь прыняла нацыянальную канцэпцыю абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам, якая базуецца на прынцыпах збалансаванага ядзерна-паліўнага цыклу. Падпісанае ўчора ў межах XII міжнароднага форуму «Атамэкспа» у Сочы міжурадавае пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб супрацоўніцтве ў галіне абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам вызначае парадак яго транспарціроўкі ў Расію з БелАЭС для часовага захоўвання з наступнай перапрацоўкай, а таксама вяртання ў Беларусь радыеактыўных адходаў. Што дасягаецца дзякуючы перапрацоўцы ядзернага паліва, і якая яго частка будзе вяртацца ў нашу краіну, расказалі спецылісты, якія як раз і будуць займацца перапрацоўкай адходаў з беларускай атамнай станцыі.


Адкладзенае рашэнне або перапрацоўка?

Пагадненне з Беларуссю аб перапрацоўцы адпрацаванага ядзернага паліва падпісана загадзя. Цяпер адпрацаване паліва захоўваецца ў прырэактарных басейнах вытрымкі атамнай станцыі, а ўжо на мяжы 30-х гадоў спатрэбіцца далейшае абыходжанне з ім. Менавіта на гэты тэрмін у стварэнні рэгулятарнага, кантрактнага і лагістычнага ланцужка ў перапрацоўцы беларускіх ядзерных адходаў арыентуецца расійскі перапрацоўшчык.

Большасць ядзерных краін прытрымліваецца канцэпцыі адкладзенага рашэння, калі адпрацаванае ядзернае паліва захоўваецца на пляцоўцы цягам 60 гадоў у спадзяванні на з’яўленне новых тэхналогій па абыходжанні з такімі адходамі. Для канчатковага рашэння пытання па адпрацаваным ядзерным паліве існуе два падыхода, расказала Алена Арцёмава, намеснік генеральнага дырэктарв «Тэхснабэкспарт»:

— Шэраг краін, у прыватнасці Фінляндыя і Швецыя, плануюць захоўваць яго ў глыбокіх геалагічных фармацыях, якія яны мяркуюць будаваць на сваёй тэрыторыі. Іншыя краіны, у прыватнасці Расія, прытрымліваюцца канцэпцыі перапрацоўкі адпрацаванага ядзернага паліва. Інавацыйныя падыходы да перапрацоўкі, якія дазваляюць істотна палепшыць характарыстыкі гэтай паслугі, як раз і прапануе наша кампанія.

Адпрацаванае паліва пасля вытрымкі ў прырэактарным басейне можа некаторы час захоўвацца на пляцоўцы заказчыка. У далейшым, калі яно па сваіх параметрах будзе гатовае да транспарціроўкі, яго можна перавезці ў Расію і перапрацаваць. Пры гэтым з яго будуць выбірацца карысныя элементы: уран і плутоній, якія можна выкарыстоўваць у паліўным цыкле заказчыка, тым самым павялічваючы эканоміку паліўнага цыклу. Калі заказчык у гэтым не зацікаўлены, карысныя элементы могуць выкарыстоўвацца ў паліўным цыкле расійскіх станцый.

Кароткае і доўгае жыццё радыеактыўнай фракцыі

У адпрацаваным ядзерным паліве застаецца 96 % урану, які можна выкарыстоўваць паўторна выкарыстання. Рэгінерыраваны ўран, які фактычна замяшчае прыродны ўран, можна паўторна ўжываць у рэактарах. Праўда, выкарыстоўваць выключна рэгінерыраваны ўран можна толькі адзінкава. Калі ж будзе прынятае рашэнне пра ўран-плутоніевае паліва, то можна паўтараць да сямі цыклаў з ім і ў дзесяць разоў скарачаць выкарыстанне прыроднага ўрану для работы рэактара. Тэарэтычна для гэтага можна прымяняць да 80 % уран-плутоніевага паліва, і пакуль вядзецца толькі доследна-прамысловая эксплуатацыя такой сыравіны, расказалі спецыялісты.

Безумоўна, у выніку перапрацоўкі ставараюцца радыеактыўныя адходы, якія можна фракцыяніраваць, і кожная фракцыя атрымае абыходжанне, якое найбольш аптымальна падыходзіць да характарыстык матэрыяла, удакладніла Алена Арцёмава:

— Будзе выдзелена фракцыя, якая мае кароткае жыццё, і актыўнасць якой вызначаецца ізатопамі цэзію і стронцыю. І толькі гэтую фракцыю мы плануем вяртаць у краіну-заказчыка. Праз 300 гадоў гэтая фракцыя ў выніку паўраспаду дасягае актыўнасці ўранавай руды. Абыходзіцца з ёй можна шляхам захоўвання ў прыпаверхневым пункце захоўвання, для якога не трэба ствараць геалагічнае збудаванне глыбінёй некалькі соцень метраў.

Астатнія фракцыі, у прыватнасці тыя, што маюць доўгае жыццё, і актыўнасць якіх вызначаецца мінорнымі акцынідамі, застануцца ў Расіі. Яны ўвойдуць у паліўную кампазіцыю і будуць дапальвацца ў рэактарах на хуткіх нейтронах. Такім чынам для заказчыка істотна паляпшаюцца тэхналагічныя і эканамічныя параметры абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам.

З масы паліўнай зборкі каля 97 % матэрыялаў (рэгенерыраванага ўрану і плутонію) можна паўторна ўцягваць у паліўны цыкл. Паўторнае выкарыстанне рэгенерыраванага ўрану і плутонію ў Беларусі ў якасці паліва ў перспектыве можа абмяркоўвацца, падкрэсліла спецыяліст.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.