Вы тут

Кожны катаня знойдзе сабе маню


Думала, ужо ніколі не буду пісаць пра нашых дурніц перадпенсіённага і малодшага пенсіённага ўзросту, падманутых «генераламі і палкоўнікамі замежных армій», бо надта ж прыкра. Але тэма нечакана атрымала новы паварот і... новыя сумныя развагі.


Генерал арміі ЗША Джордж Кельвін з Тэхаса напісаў маёй сяброўцы і аднакурсніцы ў «Фэйсбуку». Спачатку Ірына хацела абсячы аўтара пісьма, а потым вырашыла пагуляць, каб паглядзець на «кухню» віртуальных ашуканстваў. Раней, калі мы з ёй абмяркоўвалі дадзеную тэму, дапускалі, што махляры ў сеціве дзейнічаюць як спрактыкаваныя псіхолагі, можа, нават карыстаюцца цэлымі ўрыўкамі з літаратурных твораў, каб туманіць галовы патэнцыяльным ахвярам, запэўніваць іх у раптоўным і моцным каханні. Ды дзе там.

Калі ў двух словах, то падзеі развіваліся імкліва. Пасля таго як яна дабавіла ў сябры гэтага невядомага візаві, ён стаў расказваць сваю «біяграфію». Пісаў, што ваюе ў Сірыі ў складзе міратворчай місіі, што ўдавец, а 12-гадовая дачка выхоўваецца ў спецыяльным інтэрнаце. І ўжо літаральна ў трэцім-чацвёртым пісьме паведаміў, што атрымаў вялікія грошы за службу, а дакладней 800 тысяч долараў, і хацеў бы адкрыць сваю справу ў яе цудоўнай краіне, нешта накшталт гасцінічнага бізнесу. «Гэта будзе наш сямейны бізнес», — пераконваў ён, не зважаючы на тое, што раней яна паведамляла пра сваё сямейнае становішча, то-бок пра наяўнасць мужа.

Далей прыгожы і мужны «фрэнд» — прынамсі, такім ён выглядаў з фотаздымка — паведамляў, як будзе транспартаваць грошы ў аэрапорт Мінска з дапамогай знаёмага дыпламата. Для гэтага ён ужо набыў патрэбную скрыню — не ў мяшку ж за плячыма валачы дыпламату такі каштоўны груз. Паказваў сканы квітанцый аб аплаце «паслуг» у ходзе транспартнай аперацыі па дастаўцы грузу. А мы ўсё чакалі, калі ж папросіць грошай. І вось нарэшце паведамленне: «Дыпламат ужо ў дарозе, ты, дарагая, сустрэнеш яго ў аэрапорце, забярэш грошы і будзеш чакаць мяне... Толькі хуценька аплаці мытную пошліну вось на гэты рахунак». Нарэшце!

Першым парывам было напісаць што-небудзь ёмкае, беларускае, накшталт «капач ты з-пад цёмнай хмары і прайдзісвет, а не генерал, дулю табе, а не перавод», але ж працэнтаў на 90 верагоднасці, што сядзіць ён не ў нашай, а ў якой-небудзь з суседніх краін і не зразумее нашага гумару. Ірына адказала іначай: «Прабач, дарагі, але ў мяне зараз невялікія праблемы з законам, і рахункі мае часова заблакіраваныя». Таму яго апошнімі словамі ў гэтай перапісцы былі: «Ты злая і бессардэчная». Ну а як жа, не захацела ахвяраваць пару тысяч долараў аратаму віртуальнай нівы падману.

І ведаеце, што мяне найбольш уразіла ў той перапісцы? Непрыкрыты, амаль ваяўнічы прымітыў. Ні табе вытанчаных прызнанняў у каханні, ні разважанняў пра адзіноту вайскоўца ў суровых умовах, ні яго аповеду пра імкненне знайсці душэўнае цяпло. Пару разоў «маё каханне», «мая дарагая», «цудоўна выглядаеш», а далей — быка за рогі: еду, вязу грошы, сустракай. Што цікава, ён ніколі не называў даму сэрца па імені, гэта значыць, рассылка, хутчэй за ўсё, ішла адразу на дзясяткі адрасоў. І кім трэба быць, каб паверыць, што амерыканскі ўдавец з хворай дачкой на ўтрыманні павязе мільён долараў чорт ведае куды?! Як паказвае практыка, — нашай суайчынніцай названага раней узросту, якая потым і пойдзе ў міліцыю з заявай.

Для мяне гэта не проста неразгаданая тайна, гэта нейкі ступар, мяжа ўяўлення: чаму людзі настолькі не жадаюць думаць, разважаць, чаму схільныя верыць у лухту? І не кажыце тут пра жыццёвыя праблемы і сум па няспраўджаным каханні, як у гераіні Гурчанкі ў фільме «Вакзал для дваіх»: «А мне такіх слоў ніхто не гаварыў». Тут жа таксама не гавораць, тут усё горш, чым нават у серыяле самага апошняга гатунку.

І вераць жа. Значыць, паверыць могуць чаму заўгодна. Лёгка такімі людзьмі маніпуляваць, лёгка туманіць мазгі ці, лепш сказаць, тое, што іх замяняе. Інакш бы не пісалі махляры, не лавілі б у свае сеткі новых дурніц.

Недзе на мяжы 1980—1990-х гадоў на нашых экранах з трыумфам ішоў серыял «Спрут» пра нястомнага барацьбіта з сіцылійскай мафіяй — камісара Катані. Серыял, дарэчы, нядрэнны. Здаецца, усе жанчыны тады былі закаханыя ў мужнага, непадкупнага, разумнага італьянскага паліцэйскага. Нехта з нашых дасціпных гумарыстаў нават прыпеўку склаў. Былі ў ёй словы: «Мілы Катаня, піша табе Маня». Дык вось падумала: добра, што тады сучасных гаджэтаў не было. А то махляры абавязкова скарысталі б вобраз Катані, ад яго імя пісалі б нашым самотніцам, што ён нібыта хаваецца ад крыважэрнай мафіі і яму патрэбныя грошы, каб выбрацца з якой-небудзь афрыканскай пустыні ці пячоры ды прыляцець у наш ціхі, спакойны край блакітных азёраў. І што вы думаеце? Знайшліся б «мані» — і тыя, і іншыя, сабралі б не толькі на авіябілет, але і на цэлы самалёт.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.