Вы тут

Выйшла кніга Уладзіміра Дражына «Нясвіж у лёсах майго пакалення»


Уладзімір Дражын з таго пакалення, на долю якога выпалі нялёгкае пасляваеннае дзяцінства, станаўленне і гартаванне ў гады аднаўлення разбуранай фашыстамі гаспадаркі, актыўны ўдзел у будаўніцтве сацыялістычнага ладу жыцця ў 60—80 гады мінулага стагоддзя і горыч геапалітычнай катастрофы — развалу Савецкага Саюза.


Пра гэта думалася, калі чытаў кнігу У. Дражына «Нясвіж у лёсах майго пакалення», якую нядаўна прэзентавалі ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж».

Але найперш — пра лёс самога аўтара. Пасля заканчэння  сярэдняй школы ў роднай вёсцы Дражна, што на Старадарожчыне, Уладзімір Несцеравіч спрабаваў паступіць у Беларускі політэхнічны інстытут, аднак, не дабраўшы аднаго бала, не прайшоў па конкурсе. Уладкаваўся настаўнікам у мясцовую школу, а праз паўгода быў мабілізаваны ў рады Савецкай Арміі. Пасля звальнення ўсё ж такі вырашыў ажыццявіць сваю мару — атрымаць вышэйшую адукацыю. Вычытаў у газеце, што ў Жодзіне працуе вячэрні філіял політэхнічнага інстытута. Паехаў туды, уладкаваўся на знакаміты БелАЗ і паступіў на вячэрняе аддзяленне.

Так пачалася працоўная кар’ера будучага дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, а пазней і цікавага пісьменніка У. Н. Дражына. Адпрацаваўшы восем гадоў на БелАЗе ў якасці камсамольскага і партыйнага важака, ён быў накіраваны ў Нясвіжскі раён, дзе на пасадах сакратара, першага сакратара райкама партыі, старшыні райвыканкама адслужыў амаль два дзесяцігоддзі. А ў гады, калі Беларусь стала незалежнай, суверэннай дзяржавай, працаваў намеснікам, першым намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама, віцэ-прэм’ерам рэспублікі, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Літве і Фінляндыі.

Нагадваю вехі біяграфіі У. Дражына, каб чытач мог уявіць, адчуць маштаб неардынарнай асобы. Гэта важна пры чытанні яго кнігі «Нясвіж у лё-
сах майго пакалення». Важна, бо тое, пра што апавядае аўтар, — не проста нататкі старонняга чалавека, а хвалюючыя ўспаміны і яркія ўражанні непасрэднага ўдзельніка стваральных будняў.

Нясвіж, бадай, — адна з самых змястоўных, самых помных і, калі хочаце, лёсавызначальных старонак у жыцці Уладзіміра Несцеравіча. Вось чаму ён з такой цеплынёй, такой настальгічнай любоўю ўспамінае гэтыя гады. Са старонак кнігі паўстае яскравы малюнак жыцця Нясвіжчыны 1980—1990 гадоў з усімі яго дасягненнямі і праблемамі, радасцямі і засмучэннямі.

Але каштоўнасць кнігі не толькі ў гэтым. Яна насычана цікавымі, глыбокімі развагамі аб няпростых працэсах стварэння матэрыяльна-тэхнічнай базы на вёсцы, аб ролі кіраўніка ў гэтых працэсах.

З немалым шкадаваннем аўтар адзначае, што сёння нярэдка кіраўнік гаспадаркі, прадпрыемства альбо раёна застаецца сам-насам са сваімі праблемамі і, не паспеўшы ні агледзецца, ні апраўдацца, злятае з пасады. Гэта ў далейшым нараджае абыякавасць і да справы, і да агульнага лёсу краіны. Са «сцэны» сыходзяць многія кіраўнікі, якія напачатку падавалі надзеі, так і не «сыграўшы» сваю галоўную ролю. А потым мы наракаем, што не знайсці добрых рабочых, што сяляне — не тыя, што страчваецца, размываецца пачуццё гаспадара на зямлі.

З чаго ж пачынаў сам Уладзімір Дражын, узначаліўшы раён? На мой погляд, гэта таксама і актуальна, і павучальна. Паслухаем: «Першапачаткова я прыступіў да сістэмнага вывучэння кадраў ва ўсіх сферах раёна… На працягу года правёў больш за 850 сустрэч з кіраўнікамі прадпрыемстваў, сярэднім звяном упраўленцаў, маладымі спецыялістамі, кадрамі масавых прафесій. Мэта такіх сустрэч была адна — выявіць найбольш здольных, адказных людзей і адчыніць перад імі ўсе дзверы да прафесійнага росту, вучобы ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах». У адным толькі 1982 годзе студэнтамі сталі 358 чалавек. І ўсе наступныя гады гэтая праца працягвалася. А праз 5—6 гадоў выпускнікі ВНУ і тэхнікумаў вярталіся тэарэтычна і практычна падрыхтаванымі спецыялістамі, кіраўнікамі. Гэта быў вельмі важны працэс планамернага абнаўлення кадраў, што з’яўлялася найважнейшай задачай кіраўніцтва раёна, залогам яго будучых поспехаў.

Разам з тым Уладзімір Несцеравіч выдатна разумеў, што не адным хлебам жыве чалавек. Зямля вечная, бо людзі, што насяляюць яе, жывуць надзеяй, добраўпарадкоўваюць і ўпрыгожваюць месца свайго жыхарства. І варта адзначыць, што дзякуючы намаганням кіраўніцтва раёна (і ў першую чаргу У. Н. Дражына) за два дзясяткі гадоў Нясвіж пераўтварыўся ў цэнтр развіцця турызму ў нашай краіне, стаў прызнанай культурнай сталіцай Беларусі. Тут у 1995 годзе ўпершыню правялі Нацыянальны фестываль камернай музыкі «Музы Нясвіжа», які стаў ужо традыцыйным. А ў 1997 годзе райцэнтр прымаў гасцей Дня беларускага пісьменства. Усё гэта, спадзяецца аўтар, дае надзею на тое, што і надалей горад, захаваўшы прынцыпы гістарычнага развіцця, рэгіянальную спецыфіку, непаўторнасць прыроднага ландшафту, узбагаціўшыся сучасным добраўпарадкаваннем, будзе захоўваць сваё ўнікальнае аблічча.

І, вядома ж, у кнізе ідзе размова аб тым пакаленні, у лёсе якога Нясвіж адыграў надзвычай важную ролю. Тут вырасла цэлая плеяда выдатных, таленавітых кіраўнікоў і арганізатараў прамысловасці, калгасна-саўгаснай вытворчасці. Гэта — Якаў Васільевіч Аляксанкін, Міхаіл Васільевіч Саленік, Міхаіл Аляксандравіч Карчміт, Анатоль Канстанцінавіч Захарэвіч,  Міхаіл Аляксандравіч Касцюкевіч, Вера Дзмітрыеўна Макаўчык і многія іншыя. Пакаленне стваральнікаў, пакаленне пераможцаў.

Можна бясконца цытаваць старонкі гэтай змястоўнай, цікавай кнігі, якую стварыў Уладзімір Дражын, кнігі пра слаўных працаўнікоў Нясвіжчыны, іх дасягненні і шчаслівыя лёсы, але лепш узяць і прачытаць. Упэўнены: вы не будзеце расчараваны.

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.