Вы тут

Ігар Лучанок: Мая палітыка — гэта мае песні


6 жніўня выдатнаму беларускаму кампазітару Ігару Лучанку споўнілася б 85 гадоў, а ўжо амаль пяць гадоў як яго няма з намі. Але жывуць яго песні, жыве народная памяць аб ім. Светлым сонечным промнем Ігар Міхайлавіч застаўся і ў маёй памяці.

Гаварыць з Лучанком было няпроста. Але дужа цікава.

Ён — меладыст ад Бога. Нават калі б ён стварыў толькі адну песню «Мой родны кут» на словы Якуба Коласа, то і пры гэтым імя Лучанка засталося б навечна ў нацыянальнай культуры.

Да кампазітара Ігара Лучанка слава, прызнанне прыйшлі даволі рана. Яму было ўсяго дваццаць восем, калі яго «Памяць сэрца» атрымала першую прэмію на Усесаюзным конкурсе савецкай песні. Сам старшыня журы, легендарны Леанід Уцёсаў, падышоў пасля да маладога кампазітара і, моцна паціснуўшы руку, выказаў цёплыя словы ўдзячнасці.

У дваццаць дзевяць Лучанку была прысуджана камсамольская прэмія Беларусі, у трыццаць чатыры — прэмія Ленінскага камсамола, у трыццаць восем — Дзяржаўная прэмія БССР. Ён узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Дружбы народаў, Францыска Скарыны, шматлікімі медалямі.

Усе самыя высокія званні Лучанок атрымаў, калі яму не было яшчэ і пяцідзесяці. Заслужаны дзеяч мастацтваў — у трыццаць пяць, народны артыст БССР — у сорак чатыры, народны артыст СССР — у сорак дзевяць. І абсалютна дакладна: Ігар Лучанок — першы беларус, які стаў уладальнікам імянной зоркі на плошчы Зорак эстрады ў Маскве.


Мой родны кут

— Ігар Міхайлавіч, музычныя здольнасці вы атрымалі ў спадчыну?

— Спачатку здавалася, што мой бацька прадоўжыць род хлебаробаў. Ён рана навучыўся касіць і араць, малаціць і сеяць. Умеў абыходзіцца з канём, кароваю. Аднак душа яго цягнулася да іншага. Змайстраваўшы дудачку, падбіраў на ёй галасы птушак, выводзіў мелодыі, якія гучалі тады на вясковых вяселлях, танцавальных вечарах.

Лукаш, ягоны бацька, бачыў гэтае захапленне сына, але не замінаў яму. Адшкадаваўшы немалыя грошы, купіў нават сапраўдную скрыпку, адвёз сына за рэчку Чарняўку, у вёску Заботы — да Сідаравых хлопцаў, каб навучылі Мішу іграць на гэтым няпростым інструменце. І кемлівы, таленавіты юнак так авалодаў скрыпкаю, што погаласка пра музыку-самавуку дайшла ажно да дзядзькі Галубка. І той запрасіў яго працаваць разам.

— А маці ваша мела якое-небудзь дачыненне да тэатра, да мастацтва наогул?

— Ніякага.

— Дык як жа яны пазнаёміліся, калі жылі далёка адно ад аднаго?

— Пазнаёміліся падчас гастроляў тэатра ў Крупскім раёне, дзе Аляксандра Герасімаўна працавала настаўніцай. Яна ўжо скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, прыродазнаўчае аддзяленне, і мела адпаведны дыплом. Тады гэта было вялікай рэдкасцю — універсітэцкая адукацыя. Таму, відаць, простаму сялянскаму хлопцу, скрыпачу-самавуку складана было заваяваць сэрца адукаванай дваранкі. Аднак жа неяк заваяваў!

У энцыклапедыі вы можаце прачытаць, што я нарадзіўся ў Мар'інай Горцы, гэта — няпраўда. Нарадзіўся я ў Мінску, але пражыў у ім усяго трыццаць восем дзён. Справа ў тым, што па заканчэнні медінстытута мой бацька Міхаіл Лукіч атрымаў накіраванне ў Магілёўскую псіхіятрычную бальніцу.

Псіхбальніца знаходзілася на ўскраіне Магілёва, у пасёлку Пячэрск. Нашу сям'ю пасялілі тут жа, на тэрыторыі бальніцы, у асобным цагляным доме. Па праўдзе кажучы, жыццё тут, за бетоннай сцяной, сярод душэўнахворых людзей давалася бацьку нялёгка. Ды і нам з сястрой не было асабліва куды выйсці, пагуляць.

Скарыстаўшыся тым, што дачцэ трэба было ісці ў першы клас, а ў Пячэрску школы не мелася, і што жонцы-настаўніцы таксама няма работы, Міхаіл Лукіч стаў прасіцца, каб яго перавялі ў любую бальніцу Магілёва. І летам 1940 года мы пераехалі. Пасяліліся ў доме чыгуначнікаў на Першамайскай вуліцы. Сястра пайшла ў школу, а бацька стаў працаваць на трыццатым урачэбным участку станцыі Магілёў.

Ды радасць наша была кароткай. Мне не споўнілася і тры гады, калі пачалася вайна.

— Ігар Міхайлавіч, а вы тое ліхалецце крыху памятаеце? Як склаўся лёс вашай сям'і з пачаткам вайны?

— Я тады, хоць і маленькі быў, памятаю адзін эпізод. Мы некуды беглі, вакол нас узрываліся снарады. Раптам у маім чаравіку развязаўся шнурок. Мы прыпыніліся, каб яго завязаць. І тут наперадзе ўзарвалася бомба. Калі б мы працягвалі бегчы, нас бы накрыла...

Яшчэ помню, як начавалі ў лесе паблізу Пячэрска. Мы — мама, сястра Ларыса і я — уцяклі туды з Магілёва, які немцы ўжо бамбілі. Бацьку мабілізавалі крыху раней. Перад самай вайной ён скончыў трохмесячныя курсы і атрымаў званне ваенурача 3-га рангу. З пачаткам вайны яго прызвалі на службу. На шчасце, яму яшчэ ўдалося ўзяць дазвол на эвакуацыю сям'і. У тыя дні якраз фарміраваўся новы эшалон на ўсход. Мы паспелі трапіць на гэты цягнік. Даехалі да станцыі Марозаўская, гэта пад Сталінградам. А пасля пераехалі ў Сальск, куды бацьку накіравалі на работу.

Часам было вельмі страшна, асабліва калі побач узрываліся снарады, калі на маіх вачах гінулі людзі. Няпроста было перажыць холад і голад. Але дзяцінства ёсць дзяцінства. Помню, мы, хлапчукі, злавілі ў полі зайчыка. Пушысценькі такі, шэранькі, цёплы. Ён галодны, і мы таксама. Але гулялі разам, не пакрыўдзілі звярка.

...А ў ліпені 1946 года мы зноў садзіліся ў таварняк, і за нашым вагонам беглі мае аднакласнікі з чыгуначнай школы нумар дзевяць і махалі мне на развітанне. Наперадзе ў мяне была сустрэча з роднай Беларуссю, якую я мала ведаў, але якая вабіла мяне.

Сышлі мы на станцыі Пухавічы. У Мар'інай Горцы я пайшоў у другі клас, а калі скончыў пяты, бацькі вырашылі аддаць мяне вучыцца музыцы. Прафесійна. Да гэтага я займаўся фактычна самастойна. У мяне быў акардэон-чвэрць, цымбалы і яшчэ стаяла ў доме чорнае шыкоўнае піяніна, якое бацька купіў у некага з мар'інагорцаў. Першыя ўрокі музычнай граматы мне даў бацька. А пасля я крыху наведваў самадзейныя заняткі, якія вяла наша суседка Ганна Генадзеўна.

Але бацькі палічылі, што гэтага мала, каб стаць сапраўдным музыкантам. У жніўні 1950 года мама прывезла мяне ў Мінск. Знайшлі плошчу Свабоды, музычнае вучылішча. Ішоў якраз набор навучэнцаў: у той год адкрываўся клас па цымбалах, і я ў ім аказаўся адным з першых вучняў.

Нараджэнне песні

— Ігар Міхайлавіч, дык вы, аказваецца, прафесійны цымбаліст?

— А вы думалі!.. За тры гады я настолькі дасканала асвоіў гэты інструмент, што стаў адным з найлепшых вучняў у класе. Мяне нават здымалі для кіначасопіса «Навіны дня». А ў газеце «Советская Белоруссия» змясцілі здымак хлопчыка з цымбаламі, у піянерскім гальштуку. Гэта быў я! (смяецца)

Але ў дзявятым класе сур'ёзна захапіўся фартэпіяна. Да гэтага мяне падахвоціў піяніст Рыгор Шаршэўскі, за плячыма ў якога была Ленінградская кансерваторыя. Гэта ён адкрыў для мяне Чайкоўскага, Рахманінава, Скрабіна, Баха, Бетховена, Ліста, Шапэна, Пракоф'ева, Шастаковіча... А кампазітар Віктар Белы ўвёў мяне ў свет кампазіцыі.

— А калі ж з віртуознага музыкі пачаў нараджацца таленавіты кампазітар?

— Гэта адбылося не адразу. Мелодыі, якія час ад часу ўзнікалі, цепліліся ў маёй душы і раней, цяпер загучалі больш выразна, папрасіліся на паперу. Некаторыя з іх не захаваліся, але адна з іх гучыць і сёння. Гэта — «Песня пра Мінск» на словы народнага паэта Пімена Панчанкі.

— Ігар Міхайлавіч, скажыце, калі ласка, а як наогул нараджаецца песня? Гэта доўгі, пакутлівы працэс ці, наадварот, імгненнае творчае азарэнне?

— Бывае па-рознаму. Адна песня нараджаецца, як кажуць, за адзін прысест, выліваецца з душы адразу ўся ад пачатку да канца і не патрабуе пасля ні дапрацоўкі, ні шліфоўкі. А другая даецца цяжка, круціш яе і так, і гэтак, а ў ёй усё нешта не тое. І часам траціш не адзін дзень, а то і тыдзень, пакуль нарэшце не знойдзеш прымальнае рашэнне.

У песні галоўнае што? Мелодыя. А ў мелодыі ёсць інтанацыя, матыў. Некалькі гукаў — гэта матыў. Але аснова — мелодыя. Мне Бог даў мелодыю. Пакуль ёсць сілы, пакуль у маёй душы гучыць мелодыя, будуць нараджацца песні.

— Калі да вас прыйшла больш шырокая вядомасць, першая ўсесаюзная слава?

— Гэта здарылася 23 кастрычніка 1966 года. Тады ў Маскве праходзіў Усесаюзны конкурс на найлепшую савецкую песню, прысвечаны пяцідзесяцігоддзю Вялікага Кастрычніка. Дваццаць дзён на сцэне Маскоўскага тэатра эстрады гучалі песні, створаныя выдатнымі кампазітарамі. Прагучала на гэтым высокім форуме і мая «Памяць сэрца», напісаная на словы паэта-франтавіка Міхаіла Ясеня і выкананая тады яшчэ малавядомым спеваком Віктарам Вуячычам. Мы на вялікі поспех не разлічвалі — ужо сам факт удзелу ў такім прэстыжным конкурсе быў для нас немалой узнагародай.

Журы конкурсу ўзначальваў народны артыст Савецкага Саюза Леанід Уцёсаў. У яго складзе — спявачкі Клаўдзія Шульжэнка, Гелена Веліканава, кампазітары Ігар Шамо, Барыс Цярэнцьеў, Уладзімір Алоўнікаў...

І вось надышоў «судны дзень». Абвяшчаюць дыпламантаў — нас не назвалі. Агучылі імёны тых, хто заняў трэцяе месца. На жаль, не нашыя. Абвяшчаюць другую прэмію — міма. Раптам чуем: «Пераможцамі конкурсу сталі...» І гучаць нашы прозвішчы. Мы — найлепшыя!

Трапіць у кампанію такіх знакамітасцяў і стаць першымі — здавалася нечым неверагодным. Але гэта была сапраўдная перамога, прызнанне беларускай песні, яе аўтараў.

Сябры, каханне, сям’я

— Ігар Міхайлавіч, давайце на заканчэнне пагаворым аб рэчах больш жыццёвых. І разам з тым прыемных. Скажам, аб каханні.

— А вы лічыце, што каханне такая ўжо прыемная рэч? Я вось раскажу вам гісторыю. Пазнаёміўся я з дзяўчынай, вучаніцай суседняй школы. Звалі яе Вераніка.

Дзяўчына мне спадабалася. Мы сустракаліся ўсю вясну. А на лета Вераніка паехала да бабулі на Магілёўшчыну. Не вытрымаўшы расстання, я кінуўся да сваёй каханай, у далёкую, незнаёмую мне вёску Зарэсце. Знайшоў Вераніку, а яна не абрадавалася, а чамусьці спалохалася: «Навошта прыехаў? Што людзі скажуць?..» І збегла ад мяне. Можаце ўявіць сабе мой стан, калі я, абражаны ў сваіх найлепшых пачуццях, фізічна і маральна раздаўлены, вяртаўся на перакладных назад у Мінск.

А неўзабаве Вераніка пазнаёмілася з маладым афіцэрам і выйшла за яго замуж. Такое вось было ў мяне першае каханне. Не скажу, што яно сталася дужа прыемным.

Увогуле, мне ў гэтым плане ў юнацтве не шанцавала. Толькі пазнаёмлюся з дзяўчынай, павяду душэўныя размовы пра музыку, пра зоркі, а тут — бац! — з'яўляецца нехта больш рашучы і адбівае маю дзяўчыну. І я зноў перажываю, пакутую...

— Як жа вам удалося паланіць сваю цяперашнюю жонку?

— Напэўна, таму што Бог паслаў мне нарэшце маю сапраўдную палавінку. Тое, што Саша — мой лёс, я зразумеў з першай сустрэчы. А пазнаёміўся з ёю ў Пухавічах, куды яна прыехала ў Дом адпачынку. У нас аказалася шмат агульных інтарэсаў: Саша вучылася ў Брэсцкім музычным вучылішчы, я — у Ленінградскай кансерваторыі. Мы гаварылі і не маглі нагаварыцца. Упершыню я адчуў, якое гэта шчасце — адчуваць узаемнасць пачуццяў, роднасць душ.

А праз нейкі час вырашылі пажаніцца. Распісаліся ў загсе, і я прывёў сваю маладую жонку ў невялічкі пакойчык дома па вуліцы Фрунзэ. Праўда, мядовы месяц мы правялі ў бацькоўскім доме ў Пухавічах.

З таго часу мы з Сашай разам. Сёлета ў жніўні адзначылі залаты юбілей. За гэтыя паўвека мая верная спадарожніца праехала са мною па гарадах і вёсках дзясяткі тысяч кіламетраў, пабывала на ўсіх маіх аўтарскіх канцэртах у Беларусі, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, у многіх краінах свету. Перапісала сотні кілаграмаў нот. Прапусціла праз сваё сэрца ўсе мае радасці і беды.

Я ўдзячны сваёй жонцы, што яна была і застаецца галоўнай апорай у маім жыцці. Гэта яна, мая Саша, натхніла мяне на мае найлепшыя песні — «Алеся», «Вераніка», «Зачараваная» і г. д. Яна — першы слухач кожнай маёй новай песні і першы, самы патрабавальны крытык, а часам і першы выканаўца пад мой акампанемент.

— Ігар Міхайлавіч, вы можаце сказаць, што пражылі шчаслівае жыццё?

— І так, і не. Я шчаслівы ў тым, што маю добрую сям'ю, што мае песні любяць і спяваюць у народзе. Але я пражыў няпростае жыццё. Многае перажыў. У мяне было тры клінічныя смерці. І вось нядаўна перанёс дзве не зусім удалыя аперацыі, у выніку чаго вымушаны хадзіць з кіёчкам. Розныя людзі мне прычынілі шмат зла. Але не будзем аб гэтым. Я па-ранейшаму пішу песні, маю шмат творчых планаў. Я яшчэ ў страі. У поўным страі!


...На жаль, праз два гады пасля гэтай гутаркі, 12 лістапада 2018 года Беларусь развітвалася са сваім сынам. У Дом афіцэраў, дзе праходзіў жалобны мітынг, несканчона цякла людская рака. Ігар Міхайлавіч Лучанок сышоў у вечнасць.

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».