З кім сустрэнецца наша хакейная дружына ў групе на ЧС-2015?
Аргкамітэт па правядзенні чэмпіянату свету-2015 па хакеі апублікаваў састаў груп і расклад турніру, які ў наступным годзе пройдзе з 1 па 17 мая ў чэшскіх гарадах Празе і Астраве.
Матч адкрыцця адбудзецца 1 мая ў 20.15 па мясцовым часе (21.15 па мінскім) на «О2 Арэне», ў Празе. У ім сустрэнуцца гаспадары турніру чэхі і зборная Швецыі.
Нацыянальная зборная Беларусі будзе праводзіць свае матчы ў групе В на «CEZ Арэне» ў Астраве. Першы матч наша каманда правядзе 2 мая. Сапернікам беларусаў стане зборная Славеніі. Паядынак пачнецца ў 16.15 па мясцовым часе (17.15 па мінскім).
Расклад астатніх гульняў зборнай Беларусі на першым этапе такі:
3 мая. Беларусь — Славакія (пачатак у 17.15 па мінскім часе)
5 мая. Данія — Беларусь (17.15)
7 мая. ЗША — Беларусь (17.15)
9 мая. Беларусь — Расія (13.15)
11 мая. Фінляндыя — Беларусь (17.15)
12 мая. Нарвегія — Беларусь (13.15).
Усе матчы папярэдняга раўнда ў групах А і В будуць пачынацца па мінскім часе ў 13.15, 17.15 і 21.15. Матчы папярэдняга раўнда і чвэрцьфіналы пройдуць на абедзвюх арэнах, а паўфінальныя гульні і матчы за медалі адбудуцца на галоўнай арэне чэмпіянату — «О2 Арэне», якая разлічана на 17.360 гледачоў.
У групе А (Прага) ЧС-2015 згуляюць: Швецыя, Канада, Чэхія, Швейцарыя, Латвія, Францыя, Германія і Аўстрыя.
Па выніках першага этапу ў плэй-оф (у чвэрцьфіналы) выйдуць па 4 лепшыя каманды з груп А і В.
На ЧС-2014 па хакеі, які праходзіў у Мінску, зборная Беларусі заняла выніковае 7-е месца, саступіўшы ў чвэрцьфінале шведам. Зараз наша каманда займае адзінаццатае месца ў рэтынгу Міжнароднай федэрацыі хакея.
На наступным тыдні пройдзе справаздачна-выбарчая канферэнцыя Асацыяцыі ФХРБ, дзе будзе абраны новы старшыня. Па паведамленнях СМІ, на пасаду прэтэндуюць Вадзім Дзевятоўскі і Анатоль Варывончык.
Дар'я Лабажэвіч.
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».