Чым усім нам пагражаюць ілжывыя выклікі ратаўнікоў?
Нумар 101 адносіцца да тых, якія кожны чалавек мусіць ведаць у першую чаргу. Але гэты адзін з самых важных тэлефонаў становіцца калі-нікалі аб'ектам для забавы ці помсты. У той час як, магчыма, у небяспецы чыёсьці жыццё. А бывае і так, што людзі тэлефануюць ратаўнікам, пераблытаўшы, напрыклад, пажар з прарывам цеплатрасы. Пра тое, наколькі лжывыя выклікі ўскладняюць жыццё выратавальнікам, карэспандэнту «Звязды» расказаў памочнік міністра па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі.
Дэтэктар праўды
— Трэба адрозніваць заведама лжывыя і проста лжывыя выклікі. Да першых адносяцца тэлефанаванні з паведамленнем аб нейкай надзвычайнай сітуацыі, але чалавек пры гэтым усведамляе, што нічога такога ў рэальнасці не адбываецца. Тут мы сутыкаемся часцей за ўсё або са свавольствамі дзяцей, якія хочуць паглядзець на тое, як «прыедуць пажарныя машыны», або з неадэкватнымі паводзінамі людзей нападпітку ці з псіхічнымі праблемамі. Але, на шчасце, такіх сітуацый за год здараецца не больш за дзесяць па ўсёй краіне. Як правіла, гэта лжывыя паведамленні пра мініраванне нейкага аб'екта.
Для дыспетчараў існуе спецыяльная методыка, з дапамогай якой яны распазнаюць, ці праўду гаворыць чалавек, што патэлефанаваў па нумары 101 ці 112. Самыя складаныя сітуацыі ўзнікаюць, калі нам звоняць дзеці. Не вельмі зразумела па голасе: жартуе дзіця ці насамрэч усхвалявана або нават панікуе. Пры найменшых сумненнях тэхніка будзе адпраўлена. Аднак калі высветліцца, што малы патэлефанаваў ратаўнікам, напрыклад, з мэтай сарваць кантрольную ў школе або дзеля забавы, то званок без наступстваў для заяўніка і яго бацькоў мы ні ў якім разе не пакінем.
Жарты каштуюць дорага
— Усе размовы з дыспетчарам абавязкова запісваюцца. Сучасныя тэхнічныя сродкі вельмі лёгка дапамагаюць вызначыць тэлефонных хуліганаў і выставіць ім рахунак за бессэнсоўную эксплуатацыю ратавальнай тэхнікі. Сума ў некалькі мільёнаў рублёў праб'е адчувальную дзірку ў сямейным бюджэце. Памер гэты можа быць і значна большым — усё залежыць ад таго, на якую адлегласць давялося выязджаць выратавальнікам, якая колькасць тэхнікі была задзейнічана і якія сілы будуць разварочвацца. Акрамя таго, падлетка могуць паставіць і на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх. А ў той час, пакуль нашы спецыялісты будуць ехаць на лжывы выклік, дзесьці можа здарыцца сапраўдная бяда, на ліквідацыю якой экіпаж рызыкуе спазніцца... Таму мы звяртаемся да бацькоў з просьбай нагадаць дзецям, якімі наступствамі можа скончыцца гэты, здавалася б, проста недарэчны жарт.
Закон прадугледжвае за заведама лжывыя выклікі і куды больш жорсткую адказнасць. Акрамя штрафу, тэлефонны жартаўнік рызыкуе правесці за турэмнымі кратамі ажно да пяці гадоў. Аднак калі ранейшыя санкцыі аматара зрабіць шмат тлуму з нічога не прывучылі да парадку, то паўторнае заведама лжывае паведамленне аб надзвычайнай сітуацыі «адзавецца» турэмным тэрмінам ужо ад трох да сямі гадоў або пяцігадовым абмежаваннем волі. Гэтае пакаранне датычыцца і выкліку, што здзейсніла, напрыклад, п'яная кампанія.
Самы гучны лжывы выклік здарыўся ў пазамінулым верасні ў Маладзечанскім раёне. За тры дні мясцовы жыхар разаслаў у 11 мясцовых школ лісты, у якіх паведаміў, што нібыта замініраваў установы адукацыі і пагражаў іх узарваць, калі яму не перавядуць пэўную суму грошай... Як пасля высветлілася, пярэпалах узняў мясцовы жыхар, які вырашыў такім чынам адпомсціць свайму знаёмаму.
Тады мы аб'явілі збор асабістага саставу не толькі па Мінскай вобласці, але і па сталіцы. Мусілі праверыць на праўдзівасць кожнае з гэтых паведамленняў. А такой колькасці неабходнай тэхнікі, зразумела, у Маладзечне не было чыста фізічна. Таму давялося яе перадыслацыраваць з суседніх раёнаў. Але, у сваю чаргу, і іх нельга было пакідаць без прыкрыцця! Таму мы туды перакідвалі пэўную колькасць ратаўнікоў з Мінска і аддаленых ад Маладзечна раёнаў прысталічнай вобласці. Пра тое, што мы змарнавалі столькі высілкаў упустую, мы ўсё ж сказаць не можам. Усё-такі адпрацавалі не толькі алгарытм паводзінаў у такіх сітуацыях, але і скаардынаванасць з іншымі службамі.
Для тэлефоннага хулігана гэтая гісторыя скончылася сумна. Суд прыгаварыў яго да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, з жартаўніка мусяць спагнаць грошы, якія былі змарнаваны дзяржавай падчас ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі. А гэта каля
30 мільёнаў рублёў — на той час больш за 3 тысячы долараў у эквіваленце.
Як прарыў цеплатрасы прынялі за пажар
Куды часцей ратаўнікі сутыкаюцца з проста лжывымі выклікамі. Адрозніваюцца яны тым, што выратавальнікам тэлефануюць людзі з найлепшымі намерамі, але пры гэтым ненаў-
мысна блытаюць знешнія прыкметы з сапраўдным пажарам. За мінулы год такіх выклікаў па краіне было зарэгістравана 978. Адметна, што самым «дысцыплінаваным» рэгіёнам аказалася Віцебшчына. Летась ратаўнікі самай паўночнай вобласці выязджалі марна толькі шэсць разоў...
— Хрэстаматыйны выпадак здарыўся некалькі гадоў таму ў Мінску на вуліцы Веры Харужай, — згадвае Віталь Навіцкі. — У дзяжурную службу МНС патэлефанаваў чалавек, які паведаміў, што ўвесь шматпавярховы дом ахоплены дымам так, што не бачна нават балконаў. На пытанні дыспетчара суразмоўца адказваў сумленна, падазрэнняў у тым, што гэта тэлефонны жарт, не ўзнікла. На месца было накіравана шмат тэхнікі — у небяспецы ж апынуўся цэлы пяціпавярховік! А калі ратаўнікі прыехалі, то высветлілася, што ўвесь гэты пярэпалах падняўся праз тое, што... акурат пад домам прарвала трубу цеплатрасы. На дварэ стаяла халоднае надвор'е, і таму дом хаваўся за клубамі пары, якую відавочца памылкова прыняў за дым. Безумоўна, калі ўсё гэта высветлілася, нават гаворкі не магло ісці пра тое, каб прыцягнуць яго да нейкай адказнасці. Бо мінак выканаў свой грамадзянскі абавязак.
Часта тэлефануюць нам з прычыны таго, што на лесвічнай пляцоўцы назіраецца задымленне. Аднак калі-нікалі прычынай гэтага можа быць элементарна забытая на пліце ежа або нават вельмі актыўнае кіпячэнне бялізны. У такой сітуацыі, вядома, лепш набраць нумар 101. Дыспетчар распытае вас. І, калі вы кажаце праўду, ніякіх юрыдычных наступстваў для вас не будзе.
Хто здыме з дрэва кацяня?
— Здараецца і так, што нумары 101 ці 112 набіраюць людзі з просьбамі, выкананне якіх, на першы погляд, не ўваходзіць у кампетэнцыю ратаўнікоў, — працягвае Віталь Навіцкі. — Але пазіцыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях такая, што калі чалавек звярнуўся сюды, то яму патрэбна дапамога. Таму нездарма дыспетчар гаворыць: «Дзяжурная служба МНС. Чым вам дапамагчы?» Але іншае пытанне: ці абавязковы выезд на месца нашых спецыялістаў? Напрыклад, я памятаю выпадак, калі нумар 101 набраў чалавек, які не мог выйсці з ліфта. Кнопка выкліку дыспетчара ліфтавай службы ў захраслай паміж паверхамі кабіне не працавала. А ці шмат людзей на памяць ведаюць ці захоўваюць у мабільным тэлефоне такі нумар? Дыспетчар наш прыйшоў на дапамогу наступным чынам: спытаў у чалавека адрас, з якога ён тэлефанаваў, і злучыў яго са спецыялістамі ліфтавай службы...
Яшчэ адна распаўсюджаная прычына званкоў — зачыненыя праз скразняк дзверы. Тут мы падыходзім у кожнай сітуацыі індывідуальна: ратаўнікі могуць выехаць на месца здарэння, аднак, калі непасрэднай пагрозы жыццю ці ўзнікнення пажару няма, то, хутчэй за ўсё, выклік будзе пераадрасаваны ў спецыяльную службу. Тэлефануюць да нас і з паведамленнямі аб тым, што на дрэве сядзіць кацяня, якое не можа спусціцца на зямлю. Шкада, што ў краіне няма спецыялізаванай службы дапамогі жывёлам, якая і прыходзіла б на выручку ў такіх сітуацыях...
Валяр'ян ШКЛЕННІК.
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».